Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што дораць чэхі на Каляды?


Алена Ціхановіч

(эфір 22 сьнежня 2000)

Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч.

Каляды (па-чэску – Vanoce) – сьвята, да якога чэхі рыхтуюцца цэлы год. Перш за ўсё, фінансава. Здаўна прынята, што галоўныя падарункі ад сваіх блізкіх людзі атрымліваюць менавіта пад калядную, а не навагоднюю, ёлку.

Менавіта ў гэтыя, перадкалядныя дні, эканомныя чэхі трацяцца найбольш: многія крамы цяпер працуюць да паўночы, а шэраг супэрмаркетаў адчыненыя круглыя содні. Карціна тут, нягледзячы на яркія дэкарацыі і поўныя паліцы, не самая сьвяточная: перапоўненая паркоўка, штурханіна, чэргі – тое, што самі чэхі называюць пакупніцкай гарачкай. У параўнаньні з крамамі касьцёлы ня зьведваюць такога наплыву, хаця і нельга сказаць, што ў гэтыя дні тут зусім пуста. Ці спрабуе ў гэты час касьцёл настроіць вернікаў на духоўны лад, ці крытыкуе занадта матэрыялістычнае разуменьне сьвята? Вось што пра гэта думае айцец Алоіз Канскі, пробашч касьцёлу Сьвятога Антаніна ў Празе:

(Канскі: ) "Традыцыі, зьвязаныя з Адвэтам і Калядамі, непадзельна зьвязаныя зь сьвяточнымі клопатамі большасьці людзей: людзі выбіраюць падарункі для сваіх блізкіх, прыбіраюць хаты, пякуць каляднае печыва – гэта ў парадку, выступаць супроць набыцьця падарункаў ня мае сэнсу. Важна, аднак, каб Адвэнт захаваў – хаця б для хрысьціянаў – дух таго, з чым гэта зьвязана. Бо сьвяткуем мы ня проста нараджэньне Хрыста, але рыхтуемся да таго, другога прыходу, які для нас будзе азначаць сустрэчу з Хрыстом у Божым Валадарстве".

Гэта быў пробашч Алоіз Канскі.

Паколькі касьцёл ня мае нічога супроць падарункаў, больш дэтальна прыгледземся да іх і мы. У савецкія часы, як згадваюць старэйшыя людзі, былі гэта звычайна вельмі практычныя, ужытковыя рэчы: дзеці атрымлівалі нешта з абутку, адзеньня, пару мандарынак. Муж жонцы ці жонка мужу дарылі новую піжаму ці пантофлі. Час мяняецца. Вось што, паводле досьведу чэскага друку, сёньня купляе сярэдні чэх, пан Кучэра, сваім блізкім. Дачцэ – ляльку Барбі, кампакт-дыск. Сыну – кампутарную гульню, скэйт-борд, шлем. Жонцы – тостэр, набор касмэтыкі. Бацьку – электрасьвярдзёлак. Матцы – насьценны гадзіньнік. Сьвёкру—электрычную зубную шчотку, сьвякрусе – набор спэцыяў ў слоічках з палічкай. За цэлы гэты камплект пан Кучэра патраціць 10 тысяч крон, ці прыблізна 250 даляраў. Нагадаю, што сярэдняя зарплата ў Чэхіі на канец года склала 343 даляры.

Падарункі складваюцца пад ёлку 24 сьнежня. Яны абавязкова прыгожа загорнутыя і зьмест пакункаў, як правіла, трымаецца ў сакрэце. Абрад супольнага сямейнага абдорваньня пачынаецца пасьля свьяточнай вячэры. Прынята дзякаваць за кожны падарунак, нават калі б гэта былі, напрыклад, звычайныя шкарпэткі.

Сёлета , аднак, калядным хітам у Чэхіі стаў мабільны тэлефон. У гэтыя дні ў Празе можна пабачыць незвычайную карціну – чаргу за мабільнымі тэлефонамі. Ну, зусім як дзесяць гадоў таму перад Калядамі мы стаялі за апэльсінамі ці бананамі, — жартуюць чэхі. Паколькі найдаўжэйшыя чэргі , як мне падалося, ля крамаў Эўратэлу, я зьвярнулася менавіта да гэтай кампаніі — апэратара мабільнай сувязі.

Гаворыць прэсавы прадстаўнік Эўратэлу Ян Кучмаш:

(Кучмаш: ) "Што да продажу мабільных камплектаў, для апэратараў Чэскай рэспублікі самы важны час – Каляды. Летась, напрыклад, Эўратэл у гэты час здабыў 1 мільён 80 тысяч новых кліентаў, цяпер набліжаемся да лічбы ўдвая большай. На Каляды заўсёды прапануем спэцыяльныя камплекты і спэцыяльныя падарункі . Сёлета гэта – чатыры камплекты – найтаньнейшы за 4 тысячы крон, найдаражэйшы – за 10 тысяч. У кожным камплекце – купон на 300 крон, і нейкі падарунак – напрыклад, набор "hands free" або плюшавы чахол".

Да словаў прадстаўніка Эўратэлу дадам, што паводле новага закону ў Чэскай рэспубліцы ад новага года нельга будзе за рулём ужываць мабільны тэлефон. Таму hands free- сыстэма, або вольныя рукі, сапраўды стане абавязковым дапаўненьнем.

Якія маркі мабільных апаратаў найбольш папулярныя? Пра гэта кажа Ян Кучмаш:

(Кучмаш: ) "Канкрэтную марку вам не назаву, але адзначу, што вельмі папулярныя ў нашай сетцы дыстрыбутараў маркі Алькатэл, Нокіа, а таксама Матарола, Эрыксан, Філіпс і іншыя. Сваю, адпаведную марку, выбіраюць мэнэджэры, сваю – журналісты, іншую – маладыя людзі, якія хочуць быць сучаснымі, і свой мабільнік – дзеці".

Чэхі, між тым, ня надта сьпяшаюцца купляць мабільнікі дзецям. Але некаторыя бацькі ужо зрабілі выснову, што мабільнік, як знак прэстыжу, можа мець і станоўчы уплыў – напрыклад, падлеткі ня будуць спрабаваць паліць цыгарэты з малых гадоў.

У Чэхіі цяпер тры апэратары мабільнай сувязі – акрамя згаданага ўжо Эўратэлу, гэта кампаніі Пэгас і Оскар. Іх канкурэнцыя ідзе толькі на карысьць кліентам. Некаторыя тарыфы складаюць усяго 8 цэнтаў за хвіліну размовы.

Што новага прапануе кліентам Эўратэл ў наступным годзе? Гаворыць Ян Кучмаш:

(Кучмаш: ) "Эўратэл у гэтым годзе прапанаваў службы з базай дадзеных, а у наступным годзе будзем іх пашыраць , каб кліенты мелі, напрыклад, праз службу gprs магчымасьць доступу да электроннай пошты ды іншае".

Гэта быў прадстаўнік кампаніі Эўратэл Ян Кучмаш.

Паводле папярэдніх прагнозаў, пасьля Калядаў мабільны тэлефон будуць мець чатыры мільёны чэхаў . Паколькі чэхаў, як і беларусаў, дзесяць мільёнаў, гэта азначае, што на кожную чэскую сям'ю прыйдзецца адзін ці больш мабільных тэлефоны.

Цяпер вернемся да хрысьціянскага зьместу сьвята. Раней я заўважыла, што чэхі хутчэй атэістычная, чым рэлігійная нацыя. Гэта, між тым, не перашкаджае посьпеху шматлікіх дабрачынных акцыяў дапамогі бяздомным, сіротам, маламаёмасным, якія, як вядома, праводзяцца на Каляды. Сёньня – пра самую ўнікальную акцыю.

У чэскіх дзяцей, як і ў беларускіх, існуе традыцыя пісаць лісты Дзеду Марозу. Толькі ў Чэхіі – гэты чараўнік завецца Ежышэк. Фундацыя адной з самых прыгожых чэскіх жанчын – топ-мадэлькі Тэрэзы Максавай зараз курыруе праект, які называецца "Ёлка споўненых надзеяў". Фундацыя сабрала лісты да Ежышка ад дзяцей са 150 дзіцячых дамоў Чэхіі . Гэтыя дзіцячыя просьбы вывешаныя на ёлцы ў адным з найбуйнейшых праскіх пасажаў — Вінаградзкім павільёне. Наведнікі, якіх кранулі гэтыя допісы, могуць выканаць ролю пэрсанальнага Ежышка – гэта значыць, спраўдзіць калядную надзею канкрэтнага дзіцяці. Што замаўляюць дзеці з чэшскіх дзіцячых дамоў Ежышку? Пра гэта я спытала Станіславу Войцікаву, куратара праекту ад фундацыі Тэрэзы Максавай:

(Войцікава: ) "Найбольш пажаданьняў – волкмэны, дыскмэны, касэтныя магнітафоны . Далей – самыя розныя заяўкі: чорны пляцак, камплект штаны – блюзка, камбінэзоны, лялькі, цацачная машына з дыстанцыйным кіраваньнем, самалёт з такім жа кіраваньнем, ролікавыя канькі, тэлевізійныя гульні, дзіцячая радыёстанцыя, лялькі, якія гавораць, лялькі з лялечнымі немаўляткамі – тыя шалёна дарагія, але людзі ім іх ўсё адно купляюць".

Чэхі вельмі эканомны народ. Нярэдка на падарункі для сваёй сям'і ім даводзіцца зьбіраць цэлы год. Няўжо яны ахвотна трацяць столькі грошай на чужых, незнаёмых дзяцей?

(Войцікава: ) "Так, ахвотна. Мы пачалі першага чысла, а да сёньня выдалі 870 пажаданьняў, 200 зь іх ужо выкананыя. Гэта значыць, 200 падарункаў ужо пакладзеныя пад ёлку. Можаце прыйсьці ды паглядець, як іх там складваем. Цана падарунка лімітаваная тысячай крон, і калі дзеці просяць нейкі маленькі касэтны магнітафон, дык часьцяком ім прыносяць вялізныя магнітафоны з кампакт-дыскамі. Людзі вельмі ахвотна дораць. І ня толькі людзі багатыя, але і з больш сьціплымі даходамі. Прыкладам, пэнсіянэры, якія ня маюць вялікіх сродкаў, але ўсё адно нешта купяць.Там пануе цудоўная атмасфэра, атмасфэра адкрытасьці".

Вернемся, аднак, да праекту "Ёлка споўненых надзеяў". Наколькі тыя, хто кладзе падарунак пад гэтую ёлку, упэўненыя, што тое канкрэтнае дзіця яго атрымае? Працягвае Станіслава Войцікава:

(Войцікава: ) "Паколькі гэта акцыя праходзіць ужо на працягу шасьці гадоў, кожны ведае, што гэта так. Мы маем абсалютна канкрэтную інфармацыю: як выконваецца кожнае пажаданьне. Паколькі мы фундацыя абсалютна празрыстая, людзі нам вераць. А калі знойдзецца так званы Фама няверуючы і захоча ўпэўніцца – ці атрымае падарунак пэўнае дзіця, той можа прыйсьці і праверыць. Напрыклад, Павел М. хоча відэа-гульню, а жыве ў Бажкавіцах. Тут маеце тэлефон, пазваніце ў Бажкавіцы і спытайце — ці атрымаў гульню Павел М? Такім чынам, тут проста няма нейкай крывой сьцежкі. Мы не зьяўляемся фундацыяй, якая рассылае плацёжныя квітанцыі ці нешта падобнае. Мы працуем, і гэта бачна на нашым інтэрнэт-праекце, толькі паводле прынцыпу – падарунак у канкрэтныя рукі".

Гаварыла Станіслава Войцікава, адказная праекту "Ёлка споўненых надзеяў".

І, на завяршэньне, згадаем пра свайго роду чэскі падарунак беларускім грамадзянам. Ад 15 сьнежня чэскі урад, адказваючы на захады беларускага боку, зьменшыў кошт візаў ад 60 да 10 даляраў. Гэта азначае, што калядная Чэхія стане для беларусаў больш даступнай . 22 сьнежня , наведаўшы Прагу, ёсьць шанец наведаць "Ёлку споўненых надзеяў", пакаштаваць чэскага каляднага карпа, і урэшце выбраць падарункі па сваёй кішэні.

XS
SM
MD
LG