Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІ ЖАЎНЕР АТРЫМАЎ 1 ГОД ЗА ЖОРСТКАЕ АБЫХОДЖАНЬНЕ СА ЗЬНЯВОЛЕНЫМІ


Ганна Соусь, Прага

Джэрэмі Сівіц прызнаў сябе вінаватым у тым, што зьдзекаваўся са зьняволеных, а таксама ў тым, што быў не абараніў вязьняў ад зьдзекаў. Ваенны трыбунал адбываўся ў адмысловай залі штаб-кватэры сілаў кааліцыі. За судовым працэсам маглі назіраць ірацкія і замежныя карэспандэнты. Аднак судовы працэс не дазволілі здымаць на тэлекамэры.

24-гадовы Сівіц раней працаваў у Пэнсыльваніі аўтамэханікам, а ў Іраку стаў турэмным ахоўнікам. Адвакаты Сівіца чакалі, што Сівіц прызнае сябе вінаватым у абвінавачаньнях і дасьць паказаньні супраць іншых адказьнікаў ў абмен на больш мяккі прысуд суду. Сівіц гэтаксама прасіў суд пакінуць яго ў войску.

Падчас сьледзтва Джэрэмі Сівіц распавядаў, што ён прысутнічаў падчас зьдзекаў са зьняволеных і рабіў фотаздымкі на патрабаваньне іншых вайскоўцаў. Ён тлумачыў, што не казаў начальству пра гэтыя інцыдэнты, бо яго аб гэтым папрасілі калегі. Джэрэмі Сівіц атрымаў максымальна вялікі тэрмін пакараньня.

Грамадзкі інтарэс да працэсу быў відавочны. Некалькі соцень іракцаў правялі дэманстрацыю пратэсту ля будынку, дзе адбываўся суд. Яны патрабавалі, каб на працэсе маглі прысутнічаць ахвяры зьдзекаў і ірацкія юрысты. Гаворыць адзін з пратэстантаў Мустафа аль-Хіці.

(Аль-Хіці: ) “Калі рэжым зьмяніўся, то трэба спыніць выкарыстоўваць злачынныя мэтады абыходжаньня са зьняволенымі, і акупацыйныя сілы павінны ведаць, што гэта – ірацкія людзі, і павінен адбыцца справядлівы суд, і за працэсам павінны назіраць ірацкія юрысты”.

Сёньня ж перад судом паўсталі яшчэ тры амэрыканскія вайскоўцы, якіх абвінавацілі ў зьдзеках са зьняволеных, аднак слуханьні іхных справаў перанесеныя – яны адбудуцца 21 чэрвеня. Усяго ў справе аб зьдзеках з ірацкіх вязьняў у турме Абу-Грайб праходзяць 7 амэрыканскіх вайскоўцаў.

Фотаздымкі зьдзекаў са зьняволеных у вязьніцы Абу-Грайб выклікалі шырокі міжнародны розгалас. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш папрасіў прабачэньня ў зьняволеных і іх сем’яў.

(Буш: ) “Людзі ў Іраку павінны зразумець, што я лічу такія мэтады жахлівымі. Яны павінны зразумець, што тое, што адбывалася ў той вязьніцы, не прэзэнтуе сабой Амэрыку, якую я ведаю”.

Аднак некаторыя праваахоўныя арганізацыі сьцьвярджаюць, што зьдзекі са зьняволеных ў Іраку былі шырока распаўсюджаны.

Уплывовая амэрыканская газэта "Wall Street Journal" паведамляе пра тое, як Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа падрыхтаваў справаздачу па выніках наведваньня турмаў у 2003 годзе і накіраваў яе амэрыканскім ўладам яшчэ летась у лютым.
XS
SM
MD
LG