Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“УСТАВАЙ. ХАДЗЕМ!” – НОВАЯ КНІГА ПАПЫ ВЫЙШЛА Ў ЯГОНЫ ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ


Ганна Соусь, Прага

У кнігу “Уставай. Хадзем!” увайшлі ўспаміны і рэфлексіі пра 20 гадоў сьвятарскага служэньня ад 1958 году, калі Караль Вайтыла стаў біскупам, да 1978 году, калі ён быў абраны Папам Рымскім.

(Людзі сьпяваюць “Happy Birthday”)
Гэтак у Ватыкане віншуюць Папу Рымскага Яна Паўла Другога з 84-м днём народзінаў.

Ён стаў першым ў сьвеце славянскім Папам Рымскім і адыграў значную ролю ў краху камуністычнай сыстэмы. Надоечы Папа Рымскі Ян Павал Другі зьвярнуўся да каталіцкіх сьвятых з просьбай дапамагчы ўсталяваць мір на Блізкім Усходзе.

(Папа: ) “Дон Арыёнэ, заступіцеся за мір на Сьвятой Зямлі, у Іраку і ў другіх рэгіёнах сьвету, якія разбураныя вайной і кровапраліцьцямі”.

Падчас сьвяткаваньня ягонага дня народзінаў уздымаюцца непазьбежныя пытаньні пра тое, хто стане наступным Папам, бо вядома што Ян Павал Другі пакутуе на хваробу Паркінсона.

Назіральнікі ў Ватыкане адзначаюць што, верагодна, надышоў час для Рымскага Папы не-эўрапейца. Сярод магчымых кандыдатаў часьцей за ўсё называюць 74-гадовага Фрэнсіса Арынза, чорнаскурага кардынала зь Нігерыі.

Брытанскі журналіст Джэрард О’Конэл, які напісаў кнігу пра Арынза, лічыць, што пры абраньні новага Папы Рымскага будуць улічвацца два асноўныя фактары – павелічэньне падзелу паміж багатымі і беднымі ў сьвеце і ўзмацненьне напружаньня паміж мусульманскім і хрысьціянскім сьветам. Брытанскі журналіст лічыць, што кардынал зь Нігерыі Фрэнсіс Арынз ёсьць найлепшым кандыдатам у гэтых умовах.

(О'Конэл: ) “Я гаварыў з шматлікімі кардыналамі, і многія зь іх бачаць дачыненьні з ісламам, зь іншымі рэлігіямі як прыярытэтную праблему для будучага пантыфікату”.

Кардынал Фрэнсіс Арынз 18 гадоў ўзначальваў аддзел Ватыкану ў справе сувязяў зь іншымі галоўнымі рэлігіямі сьвету ісламам, індуізмам, будызмам.

Да таго ж ён мае досьвед у вырашэньні рознагалосьсяў паміж мусульманамі і хрысьціянамі ў Нігерыі. І паводле брытанскага журналіста О’Конэла, Фрэнсіс Арынз ёсьць найбольш рэальным кандыдатам стаць Папам Рымскім у цяперашняй сытуацыі, калі трэба знаходзіць мірнае вырашэньне рэлігійных канфліктаў у сьвеце.
XS
SM
MD
LG