Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЭНТАГОН ПРЫЗНАЎ, ШТО ПЭЎНЫЯ ДЗЕЯНЬНІ САЛДАТАЎ ЗША ПАРУШАЛІ ЖЭНЭЎСКУЮ КАНВЭНЦЫЮ


Юрась Бушлякоў, Прага

На пытаньні амэрыканскіх сэнатараў аб проціпраўных дзеяньнях салдатаў ЗША у багдадзкай вязьніцы Абу-Граіб адказалі высокапастаўленыя фігуры Пэнтагону – намесьнік міністра абароны ЗША Пол Вулфавіц і генэрал Пітэр Пэйс. Сэнатар ад дэмакратычнай партыі Джэк Рыд пацікавіўся ў Вулфавіца, ці лічыць той надзяваньне на вязьняў каўпакоў і пазбаўленьне зьняволеных іракцаў сну “гуманным абыходжаньнем”. Вулфавіц адказаў, што такое абыходжаньне, такія дзеяньні пэрсаналу турмы здаюцца яму негуманнымі.

У генэрала Пэйса сэнатар спытаўся, як бы той рэагаваў, калі б амэрыканскага вязьня ўтрымлівалі за мяжою аголеным, з каўпаком на галаве, прымушаючы 45 хвілін сядзець, падняўшы ўгору рукі. Ці парушаюць такія практыкі допыту Жэнэўскую канвэнцыю? Генэрал пагадзіўся, што гэткае абыходжаньне несумненна парушае міжнародныя стандарты трактаваньня ваенных зьняволеных.

На думку аналітыка Радыё Свабода Чарлза Рэкнагела, у цяперашняй сытуацыі перад амэрыканскай адміністрацыяй стаіць ня толькі задача знайсьці й пакараць паасобных салдатаў, вінаватых у зьдзеках з ірацкіх вязьняў. Амэрыканскаму кіраўніцтву прыйдзецца разабрацца, ці не вынікаюць выяўленыя парушэньні з сыстэматычнага ігнараваньня вайскоўцамі асноўных правоў чалавека.

Тым часам міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд працягвае заяўляць, што Пэнтагон увесь час прытрымліваецца палажэньняў Жэнэўскай канвэнцыі і што проціпраўныя дзеяньні ў Іраку на сумленьні толькі паасобных салдатаў.

Праваабаронцы ставяць гэтае Рамсфэлдава цьверджаньне пад сумнеў. З абнародаванага гэтым тыднем дакладу амэрыканскага генэрала Антоніё Тагубы, які вывучаў факты проціпраўных дзеяньняў з боку амэрыканскіх вайскоўцаў, вынікае, што пэрсанал багдадзкай турмы Абу-Граіб ня быў праінструктаваны што да палажэньняў Жэнэўскай канвэнцыі.
XS
SM
MD
LG