Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“RZECZPOSPOLITA”: ПОЛЬШЧА ЎВЯЗАЛАСЯ Ў ДЫПЛЯМАТЫЧНУЮ СПРЭЧКУ З-ЗА БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Заўтра Эўрапейская камісія прадставіць галоўныя кірункі ўсходняй палітыкі Эўразьвязу, дзе, нягледзячы на пратэсты Польшчы, няма месца на кантакты з прадстаўнікамі Беларусі прынамсі на ўзроўні міністраў. Такім чынам, нічога ў параўнаньні з 1997 годам практычна не зьмянілася. Аднак Польшча не зьбіраецца гэтаму рашэньню падпарадкоўвацца”, – піша “Rzeczpospolita”.

Паводле газэты, апошнім часам прадстаўнікі польскага ўраду значна часьцей сустракаліся са сваімі беларускімі калегамі, чым гэта было раней.

“Мы будзем пасьлядоўна праводзіць нашую папярэднюю палітыку і не зьбіраемся паддавацца мэханічнаму ўціску нашых партнэраў, які часта вынікае зь неразуменьня сутнасьці справы. Эўрапейцы недаацэньваюць Беларусь. І Польшча ёсьць той краінай у Эўразьвязе, якая мусіць паказваць, як будаваць дачыненьні зь Беларусьсю”, – цытуе “Rzeczpospolita” словы прадстаўніка польскага МЗС Багуслава Маеўскага.

Паводле газэты, польскія дыпляматы лічаць, што палітыка замарожваньня дачыненьняў зь Беларусьсю не прынесла плёну, а між тым Польшча мае ў гэтым свае інтарэсы – шматтысячную польскую меншасьць на захадзе Беларусі і 400 кілямэтраў супольнае мяжы.

Менавіта таму, адзначае штодзёньнік, Варшава ўжо некалькі разоў не падтрымлівала рашэньні колішняй эўрапейскай “пятнаццаткі” што да дачыненьняў зь Беларусьсю, аднак да 1 траўня гэтым рашэньням можна было папросту не падпарадкоўвацца.

“Цяпер жа, каб зьмяніць рашэньне Эўрапейскай Камісіі, што да ўсходняй палітыкі, трэба згода ўсіх 25 сябраў Эўразьвязу, таму шанцы на гэта вельмі малыя. Акрамя Польшчы, толькі суседнія Літва і Латвія зацікаўленыя ў паляпшэньні дачыненьняў зь Менскам. Варшава, аднак, пакуль хоча ўхіліцца ад адкрытага канфлікту з Брусэлем. Ідзе гульня ў ката і мыш”, – піша ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.
XS
SM
MD
LG