Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АРАБСКІМ СЬВЕЦЕ АБУРАНЫЯ ЗЬДЗЕКАМІ З ІРАКСКІХ ПАЛОННЫХ


Віталь Цыганкоў, Прага

Фотаздымкі ўпершыню былі прадэманстраваныя па амэрыканскіх тэлеканалах, а потым былі абнародаваныя ў электронных мэдыях ва ўсім сьвеце. Арыштаваныя іракцы паказаныя там голыя, зьбітыя, на некаторых здымках зьняволеныя пастаўленыя ў сэксуальна прыніжальныя позы, а побач зь імі ў фотакамэру весела ўсьміхаюцца амэрыканскія жаўнеры.

Прэзыдэнт Буш публічна выказаў сваю агіду гэтымі паводзінамі вайскоўцаў і выказаў упэўненасьць, што яны не адлюстроўваюць прыроду амэрыканскага народу. Супраць шасьці вайскоўцаў ужо заведзеная крымінальная справа.

Кіраўнік камітэту начальнікаў штабоў узброеных сілаў ЗША Рычард Маерс заявіў, што толькі жменька амэрыканскіх вайскоўцаў дазволілі сабе зьдзекі зь зьняволеных у Іраку, і яны адкажуць перад судом. Маерс падкрэсьліў, што гэтыя злоўжываньні ня носяць сыстэматычнага характару.

Аднак, выглядае, што гэтыя заявы пакуль ня могуць суцішыць абурэньне і гнеў у арабскім сьвеце. У Іраку гэты выпадак толькі падмацаваў кампанію прапаганды і чутак, якая вядзецца супраць амэрыканцаў праціўнікамі кааліцыі. Асацыяцыя мусульманскіх сьвятароў заклікала да міжнароднага расьсьледаваньня інцыдэнту. Больш за тое, адна з эгіпэцкіх газэтаў запатрабавала стварэньня міжнароднага трыбуналу для асуджэньня вайскоўцаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы.

У інтэрвію для Радыё Свабода прадстаўнік арабскага тэлеканалу “Аль-Джазіра” Джыхад Балоўт заявіў, што для многіх у арабскіх краінаў гэтыя падзеі ня сталі нечаканасьцю.

(Балоўт: ) “Калі праглядзець арабскія мэдыі, многія зь іх бралі інтэрвію ў людзей у Іраку і ў арабскім сьвеце. І многія людзі казалі – чаму мы павінны быць зьдзіўленыя і шакаваныя? Мы павінны былі прадбачыць гэта”.

Нават задоўга да інцыдэнту многія арабы былі і так упэўненыя, што амэрыканцы прыйшлі ў Ірак дзеля таго, каб прыніжаць іракцаў і ўвесь арабскі сьвет. Зьдзекі зь зьняволеных у багдадзкай турме паслужылі доказам гэтых меркаваньняў. Асабліва зьняважлівым для мусульманаў быў той факт, што амэрыканскія жаўнеры зьдзекаваліся з голых зьняволеных. Іслам мае вельмі строгія правілы наконт аголенасьці, такія, што нават жанатыя пары не павінны паказваць адно аднаму сваё голае цела.

Трэба сказаць, што інцыдэнт адбыўся ў самы нязручны момант для амэрыканскай палітыкі ў Іраку і ўвогуле на Блізкім Усходзе. Менавіта ў красавіку ў Іраку адбыліся наймацнейшыя сутычкі іракскіх паўстанцаў зь сіламі кааліцыі, а колькасьць ахвяраў сярод амэрыканскіх вайскоўцаў вырасла у некалькі разоў. Да таго ж, многія на Блізкім Усходзе зьдзіўленыя і нават шакаваныя рашэньнем Джорджа Буша падтрымаць новы плян ізраільскага прэм’ера Арыеля Шарона. Праект Шарона прадугледжвае адыход ад міжнароднага мірнага пляну “дарожная мапа” і аднабаковае рашэньне праблемы акупаваных тэрыторыяў.

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” сьцьвярджае, што зьдзекі ды катаваньні зьняволеных у Іраку – даволі распаўсюджаная практыка. “Міжнародная амністыя” заклікае правесьці незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне.
XS
SM
MD
LG