Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЭЎРОПЕ НАЗІРАЕЦЦА РОСТ АНТЫСЭМЫТЫЗМУ


Ганна Соусь, Прага

Парыж і Бэрлін, Вена і Лёндан, Антвэрпэн, Ліён і Лазана. Ва ўсіх гэтых маляўнічых эўрапейскіх цэнтрах культуры й навукі ў 2003 годзе адбыліся антысэміцкія напады – тут зьбівалі габрэяў, галоўным чынам сталага ўзросту, жанчын ці дзяцей, падпальвалі габрэйскія школы й сынагогі. Павелічэньне нянавісьці да габрэяў у Эўропе сталася тэмай двухдзённай міжнароднай канфэрэнцыі ў Бэрліне, якая прайшла пад эгідай Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў канфэрэнцыі, дэлегатаў з 55 краінаў сьвету, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў.

(Паўэл: ) “Сёньня мы супрацьстаім пачварнай рэальнасьці, бо антысэмітызм – гэта ня толькі гістарычны факт, але і сучасныя выпадкі. Сапраўды, мы абураныя тым, што ў апошнія гады паболела злачынстваў на глебе антысэміцкай нянавісьці ў межах нашай супольнасьці дэмакратычных грамадзтваў. Усе мы прызнаем, што павінны прыняць рашучыя захады дзеля таго, каб цалкам зьмяніць гэтую трывожную тэндэнцыю”.

На канфэрэнцыі была пастаўленая мэта – дамовіцца пра спосабы супрацьстаяньня гвалту й прапагандзе на глебе антысэмітызму. У адмысловай справаздачы Эўразьвязу, выдадзенай за некалькі дзён да пачатку канфэрэнцыі, адзначалася, што з 2001 па 2002 год у некалькіх дзяржавах Эўразьвязу павялічыліся напады на габрэяў.

Найбольш небясьпечная сытуацыя ў Францыі, дзе зафіксавана шасьціразовае павелічэньне такіх інцыдэнтаў. Сярод краінаў, дзе стала болей антысэміцкіх нападаў, называюцца Вялікая Брытанія, Нямеччына, Бэльгія й Нідэрлянды.

Што да моўнага антысэмітызму, то тут называюцца Аўстрыя, Італія, Гішпанія і Грэцыя.

Падчас канфэрэнцыі паўстала пытаньне ідэнтыфікацыі тых, хто ўчыняе антысэміцкія напады ў Эўропе. Ёсьць дзьве групы злачынцаў, адны – гэта маладыя белыя эўрапейцы, і другія – маладыя мусульмане з Паўночнай Афрыкі ці Азіі.

Найбольш эмацыйным быў зварот да ўдзельнікаў канфэрэнцыі былога вязьня нацысцкага канцлягеру ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Элі Візэля. Візэль заклікаў дэлегатаў спыніць уздым антысэмітызму.

Нямецкі прэзыдэнт Ёганэс Раў абвінаваціў у антысэмітызьме, галоўным чынам “расістаў”, якія ухапіліся за блізкаўсходні канфлікт і палітыку ізраільскага ўраду. Ёганэс Раў заявіў, што ў некаторых выпадках крытыка на адрас Ізраілю грунтуецца на антыгэбрайскіх настроях. У той жа час дэлегаты заўважылі, што не ўся крытыка на адрас Ізраілю павінна разглядацца як нянавісьць.У прыватнасьці ірляндзкі міністар замежных справаў Браян Коўэн, адзначыў, што разумная крытыка і справядлівыя камэнтарыі наконт некаторых дзеяньняў ізраільскага ўраду абсалютна законныя. А вось што заявіў міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр:

(Фішэр: ) “Я хацеў бы, каб мы асудзілі ўсе праявы антысэмітызму, як прыніжаючыя нашу чалавечую годнасьць, і распрацавалі мэханізмы, якія дапамогуць выяўляць любыя выпадкі антысэмітызму ў краінах АБСЭ і прымаць адпаведныя захады. Я хацеў бы, каб мы ўзялі на сябе поўную палітычную адказнасьць з тым, каб змагацца з усімі праявамі антысэмітызму адкрыта й рашуча”.

У працы канфэрэнцыі ўзяла ўдзел беларуская дэлегацыя на чале са сталым прадстаўніком Беларусі ў АБСЭ Віктарам Гайсёнкам.

Габрэйскія і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова абвінавачвалі беларускія ўлады ў недастатковым супрацьдзеяньні антысэмітызму і нават у праявах антысэмітызму на дзяржаўным ўзроўні. Паводле прадстаўнікоў гэтых арганізацыяў, беларускія ўлады часта адмаўляюцца захоўваць сынагогі і габрэйскія могілкі, зачынілі габрэйскі міжнародны гуманітарны інстытут пры БДУ, не караюць шматлікія акты вандалізму супраць габрэйскіх пахаваньняў і помнікаў Галакосту, дазваляюць свабоды продаж антысэміцкай літаратуры.
XS
SM
MD
LG