Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАШЫРЭНЬНЕ ЭЗ ПАЗБАВІЦЬ СРОДКАЎ ДЛЯ ІСНАВАНЬНЯ ЎКРАІНСКІХ І БЕЛАРУСКІХ ГАНДЛЯРОЎ?


Ганна Соусь, Прага

Тысячы зьбяднелых жыхароў Украіны і Беларусі езьдзяць гандляваць празь межы Латвіі, Літвы, Польшчы, Славаччыны й Вугоршчыны. Яны прадаюць там цыгарэты, гарэлку, харчы. Гэты сьціплы бізнэс дазваляе ім забясьпечваць свае сем’і. Аднак цяпер на гэтых межах будзе дзейнічаць візавы рэжым Эўразьвязу. Дарэчы, памежны гандаль ужо рэзка зьменшыўся.

Найбольш актыўны вядзецца такі бізнэс на ўкраінска-польскай мяжы. Аксана Пліяк з маленькай украінскай заходняй вёсцы Быкіў ля польскай мяжы атрымлівае пэнсію памерам у 20 даляраў. Паводле Аксаны Пліяк, яна й яе аднавяскоўцы выжываюць толькі дзякуючы памежнаму гандлю. З прычыны больш пільнага кантролю на польскай мяжы большасьць гандляроў спынілі свой бізнэс, аднак Аксана Пліяк працягвае гандляваць. Штодзень яна ідзе пехам каля сямі кілямэтраў, тры-чатыры гадзіны ідзе на памежны пераход. Аксана Пліяк хвалюецца, што з пашырэньнем Эўразьвязу яна пазбавіцца свайго дадатковага прыбытку.

(Пліяк: ) “Так, 3-4 даляры заробіш, больш не заробіш, бо я не нясу шмат. Можна зарабіць і болей, але я ня ведаю, ці магу я болей несьці”.

Беларусы, якія жывуць у памежных раёнах з Польшчай, Латвіяй і Літвой, гэтаксама хвалююцца, што іх закрануць новыя правілы.

Незалежны палітоляг зь Менску Андрэй Фёдараў кажа пра невялікую розьніцу паміж памежнымі заканадаўствамі суседніх зь Беларусьсю краінаў. У Польшчы з 1 траўня віза стане удвая таньней – аднаразовая віза будзе каштаваць 5 эўра. Але гэта не зьвязана з далучэньнем да Эўразьвязу, дамоўленасьць была дасягнутая раней, адзначае Андрэй Фёдараў.

Што тычыцца Латвіі, то там віза істотна падаражэе. Нямногія памежныя гандляры здолеюць заплаціць за візу 25 і нават 10 эўра. І нават польская віза коштам ў 5 эўра істотна адаб’ецца на прыбытку, які мяркуе атрымаць памежны гандляр.

Сэрджыё Карэра, палітоляг з Цэнтру палітычных дасьледаваньняў з Брусэлю адзначае, што Эўрапейская камісія неаднаразова заяўляла, што новы памежны рэжым не павінен стаць бар’ерам для гандлёвага ці культурнага абмену, і патрэбна зрабіць крокі для паслабленьня пераходу мяжы для жыхароў памежных раёнаў.

Сэрджыё Карэра гэтаксама адзначае, што праз тры гады новыя сябры Эўразьвязу далучацца да Шэнгенскага пагадненьня, і жыхарам Беларусі ды Ўкраіны стане яшчэ больш складана езьдзіць і гандляваць у гэтыя краіны. Але, паводле Карэры, тэхнічна ўсходняя мяжа Нямеччыны застанецца афіцыйнай мяжой Эўразьвязу да таго часу, пакуль новыя сябры цалкам не далучацца да Шэнгену.
XS
SM
MD
LG