Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЯРДАНІІ ПРАДУХІЛЕНЫ ТЭРАКТ, АХВЯРАМІ ЯКОГА МАГЛІ Б СТАЦЬ ДА 80 000 ЧАЛАВЕК


Віталь Цыганкоў, Прага

У сюжэце, паказаным учора па ярданскім тэлебачаньні, меркаваныя выканаўцы плянаванага тэракту заявілі, што яны рыхтавалі ўдары па амэрыканскай амбасадзе ў Амане і па ўрадавых будынках у ярданскай сталіцы.

У 20-хвілінным тэлесюжэце, зробленым паводле матэрыялаў сьледзтва, кіраўнік раскрытай падпольнай групоўкі Азьмі Джэюсі, падрабязна патлумачыў, як рыхтаваўся тэрарыстычны акт, асновай якога павінна было стаць выкарыстаньне атрутных рэчываў.

Ярданскія ўлады ўжо паведамлялі пра выкрыцьцё гэтай групоўкі ў пачатку красавіка. Тады ярданскім паліцыянтам удалося перахапіць групу баявікоў – чацьвёра зь іх былі забітыя і шасьцёра арыштаваныя. Але прызнаньні кіраўніка групы даюць больш пашыраныя дэталі плянаваных удараў.

Паводле Джэюсі, яны атрымалі загад ад Абу Мусаба Заркаві – ярданскага грамадзяніна, якога ЗША абвінавачваюць ў арганізацыі нападаў на войскі кааліцыі ў Іраку. Увогуле Заркаві лічыцца адным з кіраўнікоў Аль-Каіды. Сьцьвярджаецца, што менавіта пад ягоным кіраўніцтвам у нядзелю быў учынены выбух на іракскім нафтавым тэрмінале, у выніку якога былі забітыя тры амэрыканцы. Джэюсі пазнаёміўся з Заргаві падчас іхняга навучаньня ў лягерах “Аль-Каіды” у Аўганістане.

(Джэюсі: ) “Мы навучаліся ў Заркаві выкарыстаньню выбуховых і атрутных рэчываў на вельмі высокім узроўні. Я быў аддадзены Абу Мусабу Заркаві без усялякіх сумневаў. Пасьля падзеньня талібаў у Аўганістане я зноў сустрэў Заркаві ў Іраку”.

Джэюсі таксама паведаміў, што Заркаві даў яму 170 тысячаў даляраў на фінансаваньне хімічнага нападу. На частку гэтых грошай была закуплена 20 тонаў хімічных рэчываў і Джэюсі адчыніў своеасаблівую хімічную фабрыку. Па тэлевізіі былі прадэманстраваныя схемы разьмяшчэньня цэхаў фабрыкі, а таксама грузавікоў, які павінны былі выкарыстоўвацца для ажыцьцяўленьня тэракту.

Ярданія сталася мішэньню тэрарыстаў за сваю падтрымку палітыкі ЗША ў Іраку.

Гэткі незвычайны крок як паказ па тэлевізіі прызнаньняў падазраванага задоўга да судовага працэсу тлумачыцца жаданьнем ярданскіх уладаў даць адказ крытыкам, якія сьцьвярджаюць, што ўрад перабольшвае тэрарыстычную пагрозу і з-за гэтага ўзмацняе захады бясьпекі.
XS
SM
MD
LG