Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ СТАНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗ БОЛЬШ ПРААМЭРЫКАНСКІМ ПАСЬЛЯ ДАЛУЧЭНЬНЯ НОВЫХ СЯБРАЎ?


Ганна Соусь, Прага

Першага траўня посткамуністычныя краіны Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Славенія, Эстонія, Літва й Латвія разам з Мальтай і Кіпрам далучацца да Эўразьвязу.

Многія грамадзяне гэтых краінаў дагэтуль удзячныя найперш Злучаным Штатам Амэрыкі за падтрымку падчас супрацьстаяньня Савецкаму Саюзу ў часе халоднай вайны. Але існуе ўсе яшчэ вострае разыходжаньне паміж Эўразьвязам і ЗША ў ірацкім пытаньні. Ці зьменіць стаўленьне новых сябраў да ЗША пазыцыю блёку ў цэлым?

Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на двухдзённай міжнароднай канфэрэнцыі на мінулым тыдні ў Чэхіі. Прапануем слухачам Радыё Свабода найбольш цікавыя меркаваньні яе ўдзельнікаў.

Паводле прадстаўніка Вашынгтонскага інстытуту Вэйна Мэры, верагодна, што праамэрыканская пазыцыя Эўразьвязу захаваецца на кароткі тэрмін. Ён лічыць, што сувязі паміж эўрапейскімі грамадзтвамі больш шчыльныя й моцныя, чым паміж Эўропай і ЗША.

Марцін Уолкэр, галоўны рэдактар United Press International з Вашынгтону лічыць, што праамэрыканская пазыцыя замацуецца на больш доўгі пэрыяд з гістарычных прычынаў. Бо, паводле яго, да Эўразьвязу далучаецца мноства сябраў НАТО, якія разумеюць, што жывуць ў небясьпечным суседзстве й удзячныя за падтрымку ЗША падчас халоднай вайны.

Былы судзьдзя Чэскага канстытуцыйнага суду Войтэх Цэпл адзначае, што існуе рызыка, што новыя сябры Эўразьвязу пачнуць капіяваць сталых сябраў ва ўсім, уключна з антыамэрыканізмам.

(Цэпл: ) “Я баюся, што інтэлігенцыя й эліты гэтых краінаў, на жаль, капіююць заходнеэўрапейскія эліты, якія на маю думку, сталі на незразумелы і неразумны шлях антыамэрыканізму”.

Кіраўнік і прафэсар Каралеўскага ваеннага каледжу навукі Вялікай Брытаніі Філ Гатчынсан лічыць, што пасьля пашырэньня Эўразьвяз стане больш дружалюбным да ЗША. Паводле яго, цяперашнія складанасьці з Амэрыкай зьяўляюцца часовымі і ў асноўным сфакусаваныя ў гэтак званай старой Эўропе. “Новыя” ж эўрапейскія сябры больш адчуваюць пагрозы бясьпецы.

Дырэктар дэпартамэнту Амэрыкі польскага міністэрства замежных справаў Пётра Аградзінскі лічыць, што ў агульных інтарэсах усяго заходняга сьвету дасягнуць хуткай стабілізацыі сытуацыі ў Іраку й стварыць сувэрэнную дэмакратычную ірацкую дзяржаву.
XS
SM
MD
LG