Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІЯЗАЎ ЗАКЛЮЧЫЎ ЗЬДЗЕЛКУ З РАСЕЯЙ


Віталь Тарас, Прага

Туркмэнскія ўлады арыштавалі паводле падазрэньняў ў магчымым удзеле ў антыпрэзыдэнцкай змове дзясяткі чалавек. Цягам некалькіх тыдняў пасьля замаху Ніязаву ўдалося цалкам нэўтралізаваць спробы туркмэнскай апазыцыі ў выгнаньні адхіліць яго ад улады. Былы міністар замежных справаў Туркмэністану быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне па абвінавачаньні ў датычнасьці да антыдзяржаўнай змовы пасьля таго, як зрабіў прызнаньне ў наўпроставым тэлефэіры. Сам судовы працэс над ім заняў меней аднаго дня.

Газэта піша, што Ніязаў, які “разграміў апазыцыйны эмігранцкі рух, зараз дэманструе імкненьне ясна давесьці, што гэты рух ніколі больш не адновіцца”. Туркмэнскі лідэр таксама заключыў новае пагадненьне ў галіне бясьпекі з Расеяй, згодна зь якім “лідэры туркмэнскай апазыцыі будуць пазбаўленыя неабходнай базы для сваёй дзейнасьці ў будучыні”. Са свайго боку, Расея спадзяецца, што гэтая зьдзелка дапаможа аднавіць яе ўплыў ў Цэнтральнай Азіі, які вельмі зьнізіўся з таго часу, як Злучаныя Штаты разьмесьцілі ў гэтым рэгіёне свае вайсковыя базы ў рамках антытэрарыстычнай кампаніі.

Напачатку студзеня сакратар расейкай рады бясьпекі Ўладзімер Рушайла падчас перамоваў з туркмэнскім бокам заявіў, што Расея гатовая дапамачы ў расьсьледаваньні справы аб замаху на Сапармурата Ніязава, а таксама дадаў, што гэты замах ёсьць “праявай міжнароднага тэрарызму”.

Дарэчы, сёньня газэта “Нэўтральны Туркмэністан” апублікавала адкрыты ліст 15 галоўных рэдактароў дзяржаўных выданьняў з адказам на крытыку прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША Філіпа Рыкера. 31 сьнежня 2002 году Рыкер выступіў з заявай, у якой выказвалася глыбокая занепакоенасьць ЗША ў сувязі зь дзеяньнямі туркмэнскіх уладаў пасьля замаху на прэзыдэнта Ніязава. Філіп Рыкер ад імя амэрыканскага ўраду асудзіў практыку парушэньняў у краіне стандартаў АБСЭ, сябрам якой зьяўляецца Туркмэністан і дадаў, што паводле некаторых зьвестак у дачыненьні падазраваных ужываліся катаваньні. У адказе туркмэнскіх рэдактароў гэтыя абвінавачаньні называюцца “неабгрунтаванымі” ды “йлжывымі”. Аўтары ліста ў газэце “Нэўтральны Туркмэністан”, у сваю чаргу, абвіначваюць ЗША ў датычнасьці да замаху на Ніязава. У якасьці доказу прыводзіцца той факт, што амбасадар ЗША ў Туркмэністане напярэдадні замаху некалькі разоў размаўляў па тэлефоне з галоўным абвінавачаным – Барысам Шыхмурадавым.
XS
SM
MD
LG