Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРШУЮ ЗАМЕЖНУЮ ПАЕЗДКУ НОВЫ ПРЭЗЫДЭНТ ЛІТВЫ ЗРОБІЦЬ У БРУСЭЛЬ


Юры Дракахруст, Прага

Здавалася, супраць пераможцы ўчарашніх выбараў было ўсё. У першым туры 2 тыдні таму Паксас набраў 19% галасоў, у той час як дзейны прэзыдэнт Адамкус – 35%. Звычайна пераможца першага туру перамагае і ў другім. Палітычнае ды эканамічнае становішча Літвы не назавеш катастрафічным – валавы нацыянальны прадукт падвысіўся летась на 5%, менавіта летась пры прэзыдэнце Адамкусу Літва дамаглася мэтаў, да якіх імкнулася 10 гадоў, атрымаўшы запрашэньне ўступіць у НАТО і ў Эўразьвяз. Нарэшце, паміж першым і другім турам у падтрымку кандыдатуры дзейнага прэзыдэнта выказалася большасьць уплывовых палітычных партыяў краіны, у тым ліку і сацыял-дэмакраты, якія ўзначальваюць урад.

Як заявіў ужо пасьля сваёй перамогі Раландас Паксас, калі б Літва і яе палітычная эліта была адным і тым жа, перамогу атрымаў бы Адамкус. Пра прычыны сэнсацыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў гаворыць дырэктар літоўскага інстытуту міжнародных зносінаў Раймундас Лапата:

(Лапата: ) “Паксас перамог, гуляючы на пратэсьце. Але з гэтым сутыкаюцца ўсе краіны, што ідуць па дэмакратычным шляху, якія імкнуліся ў Эўразьвяз і ў НАТО. Гэтае імкненьне, прагрэс, які нельга ня бачыць, уплывае на сацыяльна-эканамічнае становішча. У гэтым прагрэсе ёсьць і пераможцы, і тыя, хто прайграў. Нашая палітычная эліта ня здолела знайсьці кансэнсусу, як гэтыя супярэчнасьці можна палагодзіць”.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу на бліскучую перадвыбарчую кампанію Паксаса, на ягоныя абяцаньні, якія немагчыма выканаць пры тых паўнамоцтвах, якія мае прэзыдэнт Літвы. Ён дэманстраваў сваю энэргію і здароўе: Паксас прафэсійны лётчык, і падчас перадвыбарчай кампаніі ён на гелікоптэры абляцеў усю краіну. Пікам гэтай авіякампаніі стаў акрабатычны пралёт пад мастом праз раку Нэрыс у Вільні. Ключавым словам перадвыбарчай кампаніі Паксаса было слова “парадак”: кандыдат абяцаў падвышэньне занятасьці, павелічэньне пэнсіяў і барацьбу з карупцыяй.

Гаворыць палітоляг, выкладчык Віленскага ўнівэрсытэту Лаўрас Белініс.

(Белініс: ) “Ёсьць некалькі фактараў, якія тлумачаць гэтую перамогу. Першае – гэта вельмі прафэсійная перадвыбарчая кампанія. Другі фактар – гэта грошы. Я мяркую, што ўсе астатнія партыі ня мелі столькі грошай на перадвыбарчую кампанію, колькі меў Паксас. Варта таксама ўлічыць, што Паксас адзіны, хто ўяўляў апазыцыю. Усе астатнія, перадусім сацыял-дэмакраты, прадстаўлялі дзейную ўладу. Адпаведна, яны несьлі і адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў краіне”.

Паводле меркаваньня палітоляга Лаўраса Белініса, за Паксаса прагаласавалі тыя, хто спадзяецца на дзяржаву, на лідэра, які абяцае ўсё зрабіць сам, калі яму будзе аказаны давер.

Назіральнікі не чакаюць, што з прыходам новага прэзыдэнта ў замежнай палітыцы Літвы адбудуцца кардынальныя зьмены. Гэта, апроч іншага, тлумачыцца і тым, што кіраўнік дзяржавы ў Літве мае значна менш паўнамоцтваў, чым, напрыклад, у Беларусі ці ў Расеі.

Да таго ж, паколькі летась Літва была запрошаная ў Эўразьвяз і ў НАТО і ўмовы гэтага ўступленьня ўжо вызначаныя, магчымыя зьмены замежнай палітыкі палягаюць у даволі вузкіх рамках.

Адразу пасьля абраньня Раландас Паксас заявіў, што прыярытэтамі ягонай замежнай палітыкі будуць адносіны з Эўразьвязам, з НАТО і добрыя стасункі з суседзямі. Гаворачы пра Беларусь, ён падкрэсьліў, што Беларусь заўсёды была суседам Літвы, і выказаў спадзяваньне, што цяперашнія адносіны будуць працягнутыя.

Некалькі словаў пра новага прэзыдэнта Літвы. Раландас Паксас нарадзіўся ў горадзе Цяльшай у Літве. Скончыў Віленскі будаўнічы інстытут і Ленінградзкую акадэмію грамадзянскай авіяцыі, калісьці уваходзіў у зборную СССР па вышэйшым пілятажы і ў зборную Літвы па акрабатычных палётах. З 1997 году двойчы абіраўся мэрам Вільні і двойчы ўзначальваў урад Літвы. У 1999 годзе падаў у адстаўку з пасады прэм’ера з прычыны нязгоды з праектам продажу канцэрну “Mazekiu nafta” амэрыканскай кампаніі “Williams”. Тады ж ён выйшаў і з партыі кансэрватараў Ландсбэргіса і ўступіў у Саюз лібэралаў. Летась пасля абраньня ў Сэйм з групай прыхільнікаў выйшаў з лібэральнага саюзу, стварыўшы партыю лібэральных дэмакратаў.

У нечым сёлетнія літоўскія выбары нагадваюць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 1994 годзе. Палітык з іміджам моцнага чалавека прапануе простыя рашэньні набалелых праблемаў і перамагае супраць усёй эліты. Аднак навідавоку і адрозьненьні – усё ж Паксас, экс-мэр Вільні і экс-прэм’ер – не чалавек ніадкуль. Па-другое, межы папулізму ў Літве і ў Беларусі розныя.

Некаторыя назіральнікі выказваюць перасьцярогу, што новы прэзыдэнт будзе спрыяць больш шырокаму ўдзелу расейскага капіталу ў літоўскай прыватызацыі. Паксас мае істотныя бізнэс-інтарэсы ў Расеі, да таго ж ягоная адстаўка з пасады прэм’ера ў 1999 годзе, пасьля якой ён прачнуўся знакамітым, была зьвязаная з прыватызацыяй амэрыканцамі нафтавага гіганту Літвы. Дарэчы, летась урад быў вымушаны прадаць істотны пакет акцыяў “Mazekiu nafta” расейскай кампаніі “Юкас”.

Аднак нават магчымая зьмена акцэнтаў не паўплывае на магістральны накірунак замежнай палітыкі, на інтэграцыю ў НАТО і Эўразьвяз, пра што і сам абраны прэзыдэнт заявіў на перашай жа прэсавай канфэрэнцыі пасьля перамогі. Першую замежную паездку новы прэзыдэнт Літвы зробіць у Брусэль, дзе месьцяцца штаб-кватэры НАТО і Эўразьвязу. Курс у Эўропу нятанна каштаваў Літве, што і скарыстаў Раландас Паксас дзеля перамогі, але зусім не дзеля таго, каб зьмяніць яго.
XS
SM
MD
LG