Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ЗАДАВОЛЕНЫ ПАГАДНЕНЬНЕМ З АБСЭ


Валер Каліноўскі, Менск

З ацэнкаю венскіх пагадненьняў сёньня выступіў міністар замежных справаў Беларусі Міхал Хвастоў, які зазначыў, што беларускі бок выканаў сваю частку работы і цяпер чакае крокаў у адказ — у прыватнасці, неадкладнага скасаваньня візавых абмежаваньняў 14 краінаў ЭЗ, Нарвэгіі ды ЗША, уведзеных супраць А.Лукашэнкі і яшчэ сямі вышэйшых чыноўнікаў Беларусі.

Паводле словаў спадара Хвастова, афіцыйны Менск чакае цяпер паляпшэньня стасункаў і з Эўразьвязам, у палітычнай і эканамічнай галінах, бо Беларусь выканала адно з важнейшых патрабаваньняў Эўразьвязу — захаваньне прысутнасці АБСЭ ў Беларусі. Спадар Хвастоў спадзяецца на падпісаньне часовага пагадненьня ў гандлі паміж ЭЗ і Беларусьсю, акрамя таго, на паляпшэньне стасункаў з Радаю Эўропы і Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ, якая дагэтуль не прыняла ў свае шэрагі Нацыянальны сход Беларусі.

Тым часам памочнік Аляксандра Лукашэнкі Ігар Ляшчэня назваў падпісанае з АБСЭ пагадненьне (цытую:) “фактычным прызнаньнем АБСЭ правільнасьці прэтэнзіяў беларускага боку да КНГ”, да “яе дэструктыўных мэтадаў і палітычных сымпатыяў, якія ўрэшце прывялі да ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі”. Спадар Ляшчэня заявіў, што новы офіс АБСЭ мусіць зрабіць высновы з гэтага досьведу. Афіцыйны Менск спадзяецца на пашырэньне супрацоўніцтва з АБСЭ і яе новым офісам у Менску ў галіне эканомікі, экалёгіі ды пераадоленьня чарнобыльскіх наступстваў.

Спадар Ляшчэня заяўляе, што “беларускі бок разглядае гэтае рашэньне як сьведчаньне разуменьня краінамі АБСЭ таго факту, што з часу ўсталяваньня місіі АБСЭ сытуацыя ў Беларусі значна зьмянілася, і насьпела неабходнасьць перагляду дачыненьняў зь Беларусьсю”.

З такімі заявамі прадстаўнікоў беларускіх уладаў нязгодны вядомы беларускі дыплямат і апазыцыйны дзяяч Андрэй Саньнікаў, які назваў іх грубымі прапагандысцкімі выказваньнямі:

“Мы ведаем усе справаздачы і ацэнкі міжднародных арганізацыяў, у тым ліку АБСЭ, пра тое, што сытуацыя ў Беларусі толькі пагоршылася. Пра гэта кажуць ня толькі ў АБСЭ, але і Эўразьвязе, Радзе Эўропы, Эўрапарляманце. Ня думаю, што за некалькі тыдняў ацэнкі ў АБСЭ маглі зьмяніцца”, — Андрэй Саньнікаў мяркуе, што адносна сёньняшняга пагадненьня з высновамі сьпяшацца ня варта, самае істотнае — ці будзе надалей місія АБСЭ спрыяць дэмакратызацыі Беларусі:

“Лічу, што зараз камэнтаваць, саступкі гэта ці не — нельга. Мы мусім даведацца, што там было, якія ўмовы былі вылучаныя АБСЭ... Але я мяркую, што калі новая місія АБСЭ ня будзе назіраць і адсочваць падзеі, зьвязаныя з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, а гэта тычыцца ўсіх галінаў: і незалежнай прэсы, і дзейнасьці палітычна актыўных людзей, то гэткі офіс непатрэбны ў Беларусі. І я застаюся пры думцы, што тады гэта можа выклікаць крызыс у самой АБСЭ”,— зазначыў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў.
XS
SM
MD
LG