Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Садам можа знайсьці прытулак у Беларусі"...


Аляксей Знаткевіч, Менск

Візыт беларускай дэлегацыі ў Багдад тыдзень таму супаў з заяваю міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэльда пра тое, што Садам Хусэйн і ягоная сям’я маюць магчымасьць пакінуць Ірак. Рамсфэльд заявіў у тэлевізійным інтэрвію, што калі ірацкі лідэр не жадае адмаўляцца ад зброі масавага зьнішчэньня, ён мае варыянт — зьехаць з краіны.

Амэрыканскі міністар нядаўна назваў менавіта Беларусь адной зь нямногіх краінаў, якія маглі б прыняць ірацкага дыктатара, ягоную сям’ю і найбліжэйшае атачэньне. Выступаючы на слуханьнях у амэрыканскім Кангрэсе, Рамсфэльд заявіў: “Натуральна, адна з больш чым 180 краінаў прыняла б ягоны рэжым — магчыма, Беларусь”,— цытуе яго “The Ottawa Citizen”.

Інспэктары ААН, якія цяпер працуюць у Іраку, павінны да 27 студзеня даць справаздачу пра свае пошукі зброі масавага зьнішчэньня ў гэтай краіне. Паводле “The Ottawa Citizen”, у Багдадзе ходзяць чуткі, што ЗША плянуюць напасьці на Ірак хутка пасьля гэтай даты.

Апошнія заявы Рамсфэльда могуць быць проста псыхалягічным ціскам на ірацкае кіраўніцтва, піша газэта. Аднак візыт беларускай дэлегацыі ў Багдад узмацніў падазрэньні, што Садам Хусэйн рыхтуе пляны ўцёкаў зь Іраку. “The Ottawa Citizen” адзначае, што Беларусь пад дыктатарскім кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі зрабілася краінаю-ізгоем, і што беларускія ўлады падазраюцца ў парушэньні санкцыяў ААН супраць Іраку. Іншыя магчымыя кандыдаты на прытулак Садаму Хусэйну — Альжыр, Лібія і Сірыя — апошнім часам палепшылі адносіны з Захадам, і таму ірацкі лідэр можа там пачувацца няўтульна, піша газэта.

Я паспрабаваў атрымаць камэнтар наконт магчымых уцёкаў Садама Хусэйна ў Беларусь у Мікалая Іванчанкі — намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю падчас апошняга візыту ў Ірак. Аднак у ягонай прыёмнай мяне адаслалі ў прэсавую службу, спаслаўшыся на занятасьць спадара Іванчанкі.

А вось як пракамэнтавала гэтую інфармацыю прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч...

(Пяткевіч: ) “Дэлегацыя знаходзілася там па гуманітарных пытаньнях — тое, што было абвешчана яшчэ падчас візыту ірацкай дэлегацыі сюды. Там праходзіла мэдычная выстава. Таму ніякія палітычныя пытаньні прэрагатыўна там не разглядаліся. Гэта выключна гуманітарны візыт, у межах усіх рэзылюцыяў Рады бясьпекі. Таму я думаю, што гэтыя дзьве абставіны зьвязваць абсалютна ня трэба”.

Я запытаўся ў Натальлі Пяткевіч, ці вяліся ўвогуле нейкія перамовы пра магчымы прытулак для Садама Хусэйна ў Беларусі...

“А гэта трэба пытаць — калі Вы гаворыце пра візыт беларускай дэлегацыі — у кіраўніка дэлегацыі. Я там не была”,— сказала прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч.
XS
SM
MD
LG