Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКТАР УКРАІНСКАГА “ЗЕРКАЛА ТИЖНЯ”: “МЫ РУХАЕМСЯ Ў АДНЫМ НАПРАМКУ З КАЛЕГАМІ ЗЬ БЕЛАРУСІ”


Вадзім Казначэеў, Кіеў

Газэта "Зеркало тижня" першай з украінскіх мэдыяў была ўзнагароджаная прэміяй Фонду Буцэрывуса, што ў Гамбургу, - за спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі. Гэтую прэмію атрымлівалі і беларускія СМІ. Рэдактар "Зеркала тижня" Уладзімір Маставы кажа: "У пэўным сэнсе мы рухаемся у адным напрамку з калегамі з Беларусі".

Днямі газэта "Зеркало тижня" адзначыла восьмую гадавіну сваёй працы. За гэты час яна дасягнула важкага статусу на мэдыйным рынку Ўкраіны. Прынамсі, на нядаўняй канфэрэнцыі, наладжанай Украінскім незалежным цэнтрам палітычных дасьледваньняў, кіеўскія палітолягі называлі "Зеркало тижня" флягманам дэмакратычнай прэсы і прыводзілі гэтае выданьне як узор незалежнасьці ад улады. Рэдактар Уладзімір Маставы, аднак, ня лічыць газэту апазыцыйнай.

(Маставы:) "Улічваючы тое, што нас досыць настойліва намагаюцца ўлучыць у апазыцыйныя выданьні, - я магу з пэўнасьцю сказаць, што як заўтра Юшчанка стане прэм'ерам, дык мы будзем яго крытыкаваць. Бо гэта прыродная функцыя мас-мэдыяў: служыць не дзяржаве, а грамадзтву. І калі кажуць, што журналісты - гэта ланцужныя сабакі дэмакратыі, - як бы тое немэлядычна ні гучала, аднак гэта так і ёсьць. У чым розніца, на мой погляд, у функцыях гэтых ланцужных сабакаў у цывілізаваных краінах і ў нас? Там тыя ланцужныя сабакі ахоўваюць увесь вонкавы пэрыметар, скажам так, тэрыторыі дэмакратыі. А ў нас кожны сродак масавай інфармацыі ахоўвае той невялічкі сэктар, да якога ён прывязаны: той да хаты, той да крыніцы, а той -- да грушы, пад якою закапаныя збанкі з манэтамі. Дык мы лічым сябе такімі... не магу сказаць, што зусім не прывязанымі, але намагаемся ахоўваць увесь пэрыметар дэмакратычнай прасторы".

(Казначэеў:) "Ахарактарызуйце, калі ласка, увогуле сытуацыю ў мэдыя-сфэры Ўкраіны. У прыватнасьці, што тычыцца стасункаў з уладамі".

(Маставы:) "Зараз вельмі цікавыя падзеі адбываюцца ў свеце мас-мэдыяў Украіны. Нядаўна быў зладжаны аргкамітэт стварэньня незалежнай прафсаюзнай суполкі журналістаў. Таксама быў створаны (упершыню ў гісторыі СМІ Ўкраіны) агульны страйкавы камітэт. І што сымбалічна: у яго ўвайшлі журналісты ня толькі з тых выданьняў, якія прагнуць уяўляцца незалежнымі, але і з выданьняў дзяржаўных, і з выданьняў яўна праўладных".

(Казначэеў:) "У чым была патрэба?"

(Маставы:) "Гэта было выклікана чарговым наступам на правы журналістаў, -- які, прычым, адчуваўся па ўсёй вэртыкалі выканаўчай улады. Так, меры некаторых гарадоў нават пачалі сабе дазваляць выстаўляць з прэс-канфэрэнцыяў журналістаў з непажаданых выданьняў. Напрыклад, мэр Львова Любамір Буняк выставіў з прэсавай канфэрэнцыі журналіста газэты "Экспрэс". Той падаў у суд на падставе цэлага шэрагу законаў. У іх ліку новы Крымінальны кодэкс Украіны, які пачаў дзейнічаць сёлета зь верасня, - дык там уведзены артыкул, які прадугледжвае адказнасьць за стварэньне перашкодаў дзейнасьці журналістаў.

Што тычыцца вышэйшых эшалонаў улады, дык апошнім часам, літаральна цягам некалькіх месяцаў, Галоўнае інфармацыйнае ўпраўленьне прэзыдэнцкай адмінісрацыі наладзіла такую штотыднёвую практыку: яно дасылае па тэлеканалах ды інфармацыйных агенцыях г.зв. "темники" -- тэматычныя сцэнары, у якіх вызначаюцца падзеі, што маюць адбыцца на тыдні, і спосабы, якімі іх трэба асьвятляць: што трэба ігнараваць, што падаць шырэй і што ў якім ключы.

Нядаўна ў нас адбываліся акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, і ўсе тэлеканалы давалі рэпартажы, якія складалі ў мяне ўражаньне, што я прысутны пры нейкім дэжа-вю. Я згадаў тыя часы, калі аднагалосна ганьбілі Андрэя Сахарава за яго кніжку "Мая краіна і сьвет" ці Салжаніцына за "Архіпэляг ГУЛАГ", -- тыя, хто ні радка з гэтых кнігаў ня бачылі. Памятаю з уласнага досьведу, калі я быў яшчэ маладым журналістам, мне даручылі зрабіць рэпартаж зь Кіеўскага мясакамбінату, дзе забойцы худобы ганьбілі аўтараў Праскага маніфэсту 68-га году. То было адзін у адзін, тыя самыя схемы. Што з чаго часу зьмянілася? Тэлевізары сталі больш каляровыя, а змест той самы чорна-белы: усё, што тычыцца ўлады - белае; усё, што тычыцца апазыцыі -чорнае.

У сувязі з гэтым шэраг вядомых тэлевізійных палітычных аглядальнікаў сабраліся і разам напісалі ліст-мэмарандум, у якім выказалі абурэньне такімі дзеямі, а некаторыя нават падалі заявы на звальненьне са сваіх тэлеканалаў. Калектыў інфармацыйнай агенцыі УНІАН перарваў работу, і дырэктар мусіў заключыць з калектывам дамову наконт таго, што надалей матэрвялы ня будуць падлягаць цэнзурным уплывам.

Гэты посьпех натхніў і іншых журналістаў на калектыўныя дзеяньні".

(Казначэеў:) "Я шмат чуў пра эканамічны ціск на ўкраінскія СМІ".

(Маставы:) "Газэты, якія, так бы мовіць, не спавядаюць прапрэзыдэнцкіх і праўладных прынцыпаў, церпяць усялякі ціск з боку падатковай інспэкцыі і іншых фіскальных органаў. Але літаральна на мінулым тыдні Дзяржаўная падатковая служба Ўкраіны падпісала дамову зь міжнароднай арганізацыяй "Рэпартэры бязь межаў", у якой наша служба гарантавала, што ня будзе мяшацца ў справы газэтаў па нейкіх палітычных матывах. Паглядзім, як гэта будзе рэалізоўвацца, але, ва ўсялякім разе, гэта ёсьць пэўным прагрэсам.

Акрамя таго, ёсьць і іншыя мэтады. Газэты жывуць з рэклямы. Рэклямны рынак ва Ўкраіне даволі вузкі: дзесьці на ўзроўні 100 мільёнаў даляраў - для параўнаньня, у Польшчы парадку 3 мільярдаў. Таму для газэтаў вельмі важна ўтрымліваць эфэктыўных рэклямадаўцаў , аднак гэта шырака рэгулюецца ўладаю, якая пільна сочычь за тым, хто дае рэкляму ў якія сродкі інфармацыі. Яна выяўляе, хто падсілкоўвае сваёй рэклямаю апазыцыйную прэсу, і гэта, мякка кажучы, ня йдзе на карысьць бізнэсу тых структураў, якія гэта робяць".
XS
SM
MD
LG