Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ МАЕ ЯДЗЕРНУЮ ПРАГРАМУ


Юры Дракахруст, Прага

Некалькі дзён таму ўрад Паўночнай Карэі прызнаў, што краіна ў парушэньне міжнародных дамоўленасьцяў працягвае рапрацоўваць ядзерную зброю. Пра гэта на перамовах у Пхэньяне з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Джэймсам Кэлі паведаміў высопастаўлены прадстаўнік поўночнакарэйскага МЗС.

Ён падкрэсьліў, што Пхэньян распрацоўвае і іншыя моцныя віды зброі. Паводле тлумачэньня “The Washington Post”, размова ідзе, хутчэй за ўсё, пра біялягічную і хімічную зброю.

У 1994 годзе, калі праблема паўночнакарэйскай ядзернай бомбы ўпершыню ўзьнікла ў міжнародным парадку дня, Вашынгтон і Пхэньян заключылі пагадненьне, паводле якога Паўночная Карэя адмаўлялася ад сваіх ваеных ядзерных праектаў у абмен на эканамічную дапамогу.
Зараз паўночнакарэйскія прадстаўнікі прызнаюць, што існаваньне праграммы стварэньня ядзернай бомбы ставіць крыж на тым пагадненьні.

Такім чынам, пернік стаўся ня надта эфэктыўным сродкам дзеля стрымліваньня амбіцяў Паўночнай Карэі. The Washington Post заўважае, што прадстаўнікі Пхэньяну, паведамляючы сэнсацыйную навіну сваім амэрыканскім суразмоўцам, нават ня выказалі шкадаваньня з прычыны таго, што сваімі дзяньнямі Пхэньян парушыў як міжнародныя пагадненьні аб нераспаўсюду ядзернай зброі, гэтак і двухбаковае пагадненьне 1994 году. Сьвет і, прынамсі, Вашынгтон былі проста пастаўленыя перад фактам.

Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў учора, што прызнаньне Пхэньяну адбылося пасьля таго, як амэрыканскі бок прадставіў неабвяргальныя доказы наяўнасьці ў Пхэньяну ваеннай ядзернай праграмы. Аднак ў любым выпадку публічнае прызнаньне Паўночнай Карэі стварае іншую міжнародную сытуацыю, зьяўляецца адкрытым выклікам міжнароднай бясьпецы.

Газэта падкрэсльвае, што гэтае прызнаньне прагучала на тле моцнага, з пагрозаю ўжываньня сілы, ціску, які Амэрыка робіць на Ірак. Багдад таксама абвінавачваецца Вашынгтонам у стварэньні зброі масавага зьнішчэньня. Хутчэй за ўсё, Пхэньян ўлічваў гэты кантэкст. The Washington Post цытуе прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, якія гавораць, што рэакцыя прэзыдэнта Буша на паўночнакарэйскі сюрпрыз “халодная і спакойная”. “Прэзыдэнту не патрэбны яшчэ адзін крызыс”, – тлумачаць яны.

У пацьвержаньне стрыманай рэакцыі Вашынгтону газэта цытуе іншых чыноўнікаў адміністрацыі, паводле якіх, Амэрыка заклікае ўсіх наведвальнікаў Паўночнай Карэі пераконваць Пхэньян адмовіцца ад яго небясьпечных плянаў. Аднак суседзяў Паўночнай Карэі, якія часьцей за ўсё яе і наведваюць, у гэтым сэнсе ня трэба і ўгаворваць. Калі ў Вашынгтоне навіна выклікала занепакоенасьць, то ў Сэуле і Токіё – сапраўдны шок. Паўночнакарэйская бомба – пагроза ў першую чаргу іх бясьпецы.

Газэта са спасылкаю на экспэртаў адзначае пэўныя станоўчыя моманты ў злавеснай шчырасьці Паўночнай Карэі. Багдад, у адрозьненьне ад Пхэньяну, ніколі не прызнаваў наяўнасьць у яго праграмаў стварэньня зброі масавага зьнішчэньня.

The Washington Post нават не выключае, што цяперашняя заява Паўночнай Карэі – экзатычны спосаб зрабіць больш прадуктыўным і плёным дыялёг з Амэрыкаю. Газэта зьвяртае ўвагу на некаторыя пазытыўныя жэсты паўночнакарэйскага рэжыму – у апошнія месяцы ён прынес прабачэньні за напады на паўдзённакарэйскія караблі і за захоп японскіх грамадзянаў ў 70-х гадох.

Дырэктар праграмаў нераспаўсюджваньня зброі цэнтру Карнэгі Джозэф Кірынціёнэ заявіў The Washington Post, што зараз у адміністрацыі ЗША ёсьць дзьве магчымасьці. Ці абурыцца ад заявы Пхэньяну і разарваць усе адносіны, ці разглядаць гэтую заяву як пэўны посьпех, знак зьменаў палітыкі Паўночнай Карэі.

Шчырасьці Пхэньяну аддае належнае і другі амэрыканскі адмысловец Гэнры Саколскі. Ён лічыць паўночнакарэйскую сытуацыю больш сур’ёзнай, чым ірацкая, аднак заўважае, што хлус - той, хто не гаворыць праўды наконт сваіх ядзерных праграмаў, ня мусіць карыстацца перавагамі сумненьняў.
XS
SM
MD
LG