Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ РАДЫЁЛЯГІ З ГІСЭНА ЛІЧАЦЬ, ШТО ЎЗРОВЕНЬ РАДЫЯЦЫІ Ў ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ЗОНЕ Ў МЕЖАХ ДАПУШЧАЛЬНАГА


Алена Панкратава, Менск

Як паведамляюць “Кreis Anzeiger”, радыё WDR ды шэраг іншых нямецкіх мэдыяў, восем студэнтаў і дзевяць прафэсараў унівэрсытэту ў Гісэне адмыслова наведалі чарнобыльскую зону і прабылі там каля тыдня дзеля таго, каб на ўласныя вочы пераканацца, што цяпер насамрэч уяўляюць наступствы буйной экалягічнай катастрофы.

Паводле прафэсара Іяхіма Брэкаў — фызыка і экспэрта ў галіне абароны ад радыеактыўнага выпраменьваньня, усе ўдзельнікі экспэдыцыі мелі ўласныя дазымэтры? і тыя паказчыкі гама-выпраменьваньня, якія зафіксавалі літаральна ўсе прылады, вагаліся ў межах 8–5 мікрарэнтгенаў на гадзіну.

Як сьведчыць нямецкі навуковец, гэта тая доза, якую ў Нямеччыне можна набраць на працягу 24-х гадзінаў у якасьці натуральнай радыяцыі. Такім чынам, лічыць навуковец, нічыё здароўе не пацярпела. Узровень радыяцыі, нават паводле нямецкіх стандартаў, дазваляе жыць і працаваць нават у тых мясьцінах, адкуль жыхары адселеныя. Так лічыць прафэсар Юрген Кох, экспэрт у галіне радыяхіміі і радыялягічнай экалёгіі.

У сваю чаргу, швайцарскія экспэрты ў галіне радыялёгіі катэгарычна ня згодныя з падобнымі меркаваньнямі сваіх нямецкіх калегаў.

Як паведаміў у інтэрвію Свабодзе прафэсар Базэльскага ўнівэрсытэту Андрэас Нідэкер, высновы адносна дапушчальнасьці пражываньня ў Чарнобыльскай зоне павінныя грунтавацца не на разавых паказчыках радыяцыйнай дозы, а з сумарнага назапашваньня радыяцыі, якую чалавек атрымлівае на працягу свайго жыцьця ў забруджанай мясцовасьці.

(Нідэкер: ) “Справа ў тым, што далёка ня ўсе знаёмыя з дасьледаваньнямі беларускага прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Паколькі гэты выдатны гомельскі навуковец сядзіць у турме, ён, зразумела, ня можа публікаваць свае працы. Многія мае калегі не выключаюць, што знаходжаньне Бандажэўскага на волі было надзвычай непажаданым для прадстаўнікоў атамнага лёбі, якія, падобна беларускага кіраўніцтву, лічаць, што жыцьцё на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі магчымае”.

Сам швайцарскі прафэсар лічыць небясьпечным, калі надалей у гэтых мясьцінах будуць жыць два мільёны беларусаў.

XS
SM
MD
LG