Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ПАПЯРЭДНЕ ЎХВАЛІЎ ДАЛУЧЭНЬНЕ 10 НОВЫХ КРАІНАЎ У 2004 ГОДЗЕ


Алесь Грыневіч, Прага

У сёньняшняй справаздачы Эўракамісіі гаворыцца, што 1 студзеня 2004 году да Эўразьвязу могуць далучыцца адразу 10 краінаў – Вугоршчына, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Эстонія. Эўракамісія адзначае, што гэтыя краіны ўжо адпавядаюць палітычным крытэрам Эўразьвязу – такім, як дэмакратыя, вяршынства закону і павага да правоў чалавека. Усе 10 краінаў прызнаныя дзейнымі рынкавымі эканомікамі, якія да канца наступнага году маюць адпавядаць і эканамічным патрабаваньням эўрапейскай супольнасьці.

Гаворыць старшыня Эўрапейскай камісіі Рамана Проды:

(Проды: ) “Я думаю, што для Камісіі гэта найважнейшы дзень прынамсі за пяць гадоў, бо мы вельмі прыхільныя да пашырэньня. Гэта нарожны камень нашае стратэгіі”.

Перашкодай на шляху да пашырэньня Эўразьвязу дагэтуль застаецца пазыцыя Ірляндыі. Крыху больш за палову ўдзельнікаў ірляндзкага рэфэрэндуму ў чэрвені 2001 году прагаласавалі супраць далучэньня да Эўразьвязу новых краінаў. Новы рэфэрэндум у Ірляндыі мае адбыцца 19 кастрычніка. Вось што кажа з гэтай нагоды старшыня Эўракамісіі:

(Проды: ) “Мы крыху пабойваемся ірляндзкага рэфэрэндуму, бо калі на ірляндзкім рэфэрэндуме скажуць “не,” гэта будзе праблема, якую цяжка вырашыць, немагчыма вырашыць. Але я вельмі ўпэўнены, што народ Ірляндыі зразумее важнасьць гэтага рашэньня”.

Паміж Эўразьвязам і краінамі-кандыдатамі першай хвалі застаюцца нявырашаныя супярэчнасьці. Новыя краіны не пагаджаюцца з прапановай даць ім толькі 25 адсоткаў сельскагаспадарчых субсыдыяў ад узроўню цяперашніх краінаў Эўразьвязу. Эўразьвяз таксама плянуе даць рэгіёнам новых сябраў значна меншыя субсыдыі, чым бедным рэгіёнам цяперашніх краінаў. Вось што піша ў сёньняшнім нумары ўплывовы брытанскі штодзёньнік “Financial Times”: “У Эўразьвязе людзі баяцца працоўных мігрантаў і выдаткаў на прыняцьцё новых 10 краінаў. У краінах-кандыдатах выбаршчыкі ў асноўным непакояцца, што ўмовы далучэньня зробяць іх грамадзянамі другога гатунку ў пашыраным Эўразьвязе”.

Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” заклікае ў сёньняшнім нумары да большай адукацыі ў пытыньнях Эўразьвязу – як у цяперашніх краінах-сябрах, гэтак і ў краінах кандыдатах. Газэта адзначае, што нэгатыўнае стаўленьне да пашырэньня збольшага выкліканае няведаньнем і нястачай праўдзівай інфармацыі.

Яшчэ дзьве краіны кандыдаты – Румынія і Баўгарыя – маюць далучыцца да Эўразьвязу ў 2007 годзе. Перамовы аб далучэньні з Турцыяй пакуль не пачаліся. Эўракамісія лічыць што гэтая краіна пакуль не адпавядае палітычным крытэрам Эўразьвязу. У той жа час у справаздачы вітаюцца такія рэформы ў Турцыі, як адмена сьмяротнага пакараньня і больш правоў дзеля курдзкай меншасьці – у тым ліку права навучацца і мець тэле- ды радыёвяшчаньне ў роднай мове.
XS
SM
MD
LG