Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ КАНЦЭПЦЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЯСЬПЕКІ ЗША


Віталь Тарас, Прага

Афіцыйны прадстаўнік Белага Дому Ары Флейшэр зьвязаў зьяленьне новай “Стратэгіі...” з падзеямі 11 верасьня 2001 году, якія вызначылі глябальную місію ЗША ў змаганьні з тэрарызмам:

“Стратэгія Злучаных Штатаў у тым, што бясьпека Амэрыкі ёсьць першым і падмурковым забавязаньнем наша ўраду. І прэзыдэнт будзе рэалістычным у вызначэньні – адкуль зыходзіць пагроза”.

Газэта “New York Times” назвала справаздачу, якая зьмяшчаецца ўсяго на 33 старонках, “самай наступальнай” у галіне нацыянальнай бясьпекі, пачынаючы з 1980-х гадоў. Тады адміністрацыя Рэйгана пачала ўмацаваньне і рэканструкцыю ваенных сілаў ЗША з мэтай спыніць хвалю савецкага камунізму.

“Вялікая барацьба 20-га стагодзьдзя паміж свабодай і таталітарызмам скончылася вырашальнай перамогай сілаў свабоды, і адзіная жыцьцяздольная мадэль нацыянальнага посьпеху – гэта свабода, дэмакратыя і свабоднае прадпрымальніцтва”, – гаворыцца ў справаздачы. У ёй пацьверджанае нядаўняе рашэньне адміністрацыі накіроўваць 50% замежнай дапамогі ЗША краінам, улады якіх кіруюцца законам, інтарэсамі свайго народу ды падтрымліваюць эканамічныя свабоды.

Аўтары справаздачы лічаць, што “вайна з тэрарызмам ня ёсьць сутыкненьнем цывілізацыяў”. Барацьба вядзецца і за будучыню іслямскага сьвету. Гэта барацьба ідэяў, і ў гэтай галіне Амэрыка павінна быць першай. Прадстаўляючы справаздачу, афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне асабліва падкрэсьлілі, што прынцыпы, выкладзеныя ў ёй, носяць унівэрсальны характар. Аднак, выпадак зь Іракам ёсьць выключным, і ЗША не разглядаюць іншыя краіны як патэнцыйныя цэлі для ваенных акцыяў.
XS
SM
MD
LG