Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЛАВАЧЧЫНЕ РАСПАЧАЛІСЯ ПАРЛЯМЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Няма ніякага перабольшаньня ў тым, што гэтыя выбары будуць вырашальныя для найбліжэйшай будучыні Славаччыны. Напэўна, разумеюць гэта славацкія палітыкі, у прыватнасьці, прэзыдэнт Рудольф Шустэр. “Гэта будуць найважнейшыя выбары з 1990 году”, – сказаў ён, выступаючы ў аўторак па тэлебачаньні. Шустэр заклікаў суайчыньнікаў узяць як мага больш актыўны ўдзел у галасаваньні, бо гэтыя выбары акрэсьляць каштоўнасьці, паводле якіх краіна хоча жыць. Прэзыдэнт нагадаў, што краіна стаіць перад рэальнай пэрспэктывай далучэньня да Эўразьвязу і NATO, і гэтым разам гэты гістарычны шанец не павінен быць змарнаваны.

Прывабнасьць далучэньня краіны да заходніх структураў не для ўсіх відавочная. У суседняй Чэхіі ўступленьне ў Эўразьвяз падтрымліваюць менш за палову грамадзянаў. Што тычыцца NATO, дык у 1999 годзе Славаччына мела магчымасьць быць прынятай ў альянс разам з Чэхіяй, Вугоршчынай і Польшчай. Аднак Славаччына не была прынятая. Асноўнай перашкодай аказалася асоба, стыль кіраваньня і палітычная спадчына прэм’ера Ўладзімера Мэчыяра.

Ягонае кіраваньне ў 1992 – 1998 гадох асацыюецца з карупцыяй, аўтарытарызмам, дыскрымінацыйнымі законамі ў дачыненьні да вугорскай меншасьці. Былі фінансавыя махінацыі, канфлікт з прэзыдэнтам, гучныя скандалы, як таямнічае выкраданьне сына прэзыдэнта Міхала Ковача. Аднак папулісцкая палітыка Мэчыяра разам з подкупам уплывовых прыхільнікаў, пошукам ворагаў, вонкавых і ўнутраных, заўсёды знаходзіла падтрымку ў прыблізна траціны, асабліва вясковага насельніцтва.

Гэтам разам прадстаўнікі Эўразьвязу і NATO адназначна заявілі, што калі ў будучым ўрадзе ізноў зьявіцца Мэчыяр або людзі зь ягонага атачэньня, Братыслава можа забыцца пра запросіны ў NATO ў часе лістападаўскага саміту ў Празе. Амбасадар ЗША ў Братыславе Нікалас Бэрнс таксама заявіў, што “Мэчыяр не дэманструе прывязанасьці да дэмакратыі і вяршынства закону”.

У сераду закончылася перадвыбарчая кампанія ў СМІ. Аглядальнікі адзначаюць, што прэса, радыё і тэлебачаньне найчасьцей прадстаўлялі менавіта партыю Мэчыяра, аднак, як правіла, у нэгатыўным сьвятле.

Гэта можа паўплываць на вынікі выбараў. Застаючыся па-за ўладай, Мэчыяр ужо ня мае ранейшага ўплыву на мэдыі, ня можа імі маніпуляваць, як раней. Вядома, што ягоны праціўнік, уласьнік прыватнага тэлеканалу, рэклямаваў сябе і сваю партыю, а не канкурэнта. У Мэчыяра заўсёды былі дрэнныя адносіны з мэдыямі, ён не пераносіць крытыкі ў свой адрас.

У выбарах бяруць удзел агулам 25 палітычных партыяў. Як мінімум 7 зь іх маюць шанец увайсьці ў Нацыянальную Раду, славацкі парлямэнт, у якім засядае 150 дэпутатаў. Яшчэ два месяцы таму Рух за Дэмакратычную Славаччыну Ўладзімера Мэчыяра ўдвая апярэджваў партыю “Кірунак” Робэрта Фісо. У папулісцкай рыторыцы гэтага 38-гадовага былога камуністычнага моладзевага актывіста няма яўна антызаходняй рыторыкі. Ён абяцае краіне законнасьць і парадак. З апошніх апытаньняў вынікае, што за абедзьве партыі гатовыя прагаласаваць прыблізна па 17% выбаршчыкаў.

На трэцім месцы, паводле апытаньняў новая партыя: Саюз новага Грамадзяніна Паўла Руско. Гэты той згаданы мною раней тэлемагнат, уласьнік тэлеканалу “Маркіза”. Як Сыльвіё Бэрлюсконі ў Італіі, ён актыўна скарыстаў свае магчымасьці і прапагандаваў сваю партыю ў сваім тэлебачаньні. У выніку ён можа разьлічваць прыблізна на 9% галасоў.

Як адзначаюць заходнія СМІ, у прыватнасьці, “New York Times”, наўрад ці гэтым разам Мэчыяру ўдасца вярнуцца да ўлады. Шмат галасоў адабраў у яго Іван Гашпаровіч, некалі другая асоба ў партыі, які прывёў партыю да расколу і сфармаваў асобную фракцыю. Праўда, Рух за Дэмакратычную Славаччыну можа апярэдзіць іншыя партыі, можа перамагчы, можа набраць каля 20% галасоў, але ўся бяда ў іншым. Сярод апазыцыі Мэчыяру таксама няма аднадумнасьці. Хрысьціянскія дэмакраты цяперашняга прэм’ера Джурынды прыраўналі аднаго з фаварытаў выбараў Робэрта Фісо да аўстрыйскага нацыяналіста Гайдэра. Аднак паразуменьне паміж імі ўсё ж магчымае. Затое малаверагодна, каб якая-небудзь партыя захацела ўступіць ў кааліцыю з Мэчыярам. Такім чынам, нават калі ён і пераможа, усё роўна застанецца ў апазыцыі.
XS
SM
MD
LG