Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАГДАД I ВАШЫНГТОН ЗЬБIРАЮЦЬ САЮЗЬНIКАЎ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Сёньня прэзыдэнт Джордж Буш абмяркоўвае ў Белым доме зь лiдэрамi амэрыканскага Кангрэсу палiтыку ў дачыненьнi да Іраку. Паводле Буша, ён пакуль не прыняў рашэньня, цi выкарыстоўваць ваенную сiлу дзеля зьвяржэньня рэжыму Хусэйна. У аўторак мiнiстар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд паведамiў, што калi будзе вырашана распачаць апэрацыю супраць Іраку, ЗША дадуць усясьветнай супольнасьцi доказы той пагрозы, якую ўяўляе для сьвету рэжым Садама Хусэйна. Рамсфэлд i дзяржсакратар ЗША Колiн Паўэл ацэньваюць як хiтрыкi нядаўнiя прапановы Багдаду на пэўных умовах вярнуцца ваенным iнспэктарам ААН у Ірак.

Прэм’ер-мiнiстар Вялiкай Брытанii Тонi Блэр выказаў учора поўную падтрымку Злучаным Штатам, якiя патрабуюць рашучых захадаў супраць Іраку. Блэр заявiў, што праблема Іраку – гэта ня толькi праблема ЗША, а агульная праблема ўсяго сьвету. Як i Буш, Блэр выказаў перакананасьць, што Багдад распрацоўвае зброю масавага зьнiшчэньня. Брытанскi прэм’ер заявiў, што гатовы давесьцi да шырокага ведама сакрэтныя матар’ялы, якiя гэта даказваюць.

Ня выключыў магчымасьцi выкарыстаць сiлу супраць Іраку i Хавiер Саляна – каардынатар мiжнароднай палiтыкi Эўрапейскага Зьвязу. У сёньняшнiм iнтэрвiю газэце “Berliner Zeitung” Саляна падкрэсьлiў, аднак, што ўдар па Іраку можа быць нанесены толькi ў скрайнiм выпадку i толькi з дазволу ААН. Сёньня Андэрс Фог Расмусэн – прэм’ер-мiнiстар Данii, якая старшынюе ў Эразьвязе – паведамiў, што Эўразьвяз i ЗША дамовiлiся скаардынаваць намаганьнi, каб прымусiць Ірак прыняць ваенных iнспэктараў ААН.

Тым часам, у пошуках саюзьнiкаў актывiзаваў сваю дыпляматыю i Багдад. Увесь мiнулы тыдзень прадстаўнiкi iрацкага кiраўнiцтва вялi iнтэнсыўныя перамовы зь лiдэрамi арабскiх краiнаў, спрабуючы пераканаць iх выступiць адзiным фронтам супраць ЗША. Сёньня сытуацыю вакол Іраку абмяркоўваюць мiнiстры замежных справаў краiнаў Лiгi арабскiх дзяржаваў. Там прысутнiчае i мiнiстар замежных справаў Іраку Наджы Сабры, якi за апошнi тыдзень наведаў шэраг сталiцаў. Прынамсi, у часе перамоваў з расейскiм калегам Ігарам Івановым ён спрабаваў атрымаць падтрымку Расеi, якая мае эканамiчныя iнтарэсы ў Іраку.

Аднак Масква мае i кантакты з галоўнай iрацкай апазыцыйнай сiлай – Ірацкiм Нацыянальным Кангрэсам, якi падтрымваюць ЗША. Гэтыя кантакты пацьвердзiў на прэсавай канфэрэнцыi Ігар Іваноў. Сёньня газэта “Wall Street Journal” пiша, што ў афiцыйных расейска-iрацкiх стасунках заўважная пэўная напружанасьць. Газэта, спасылаючыся на незалежнага расейскага аналiтыка Андрэя Пiянткоўскага, пiша, што пэўны час Масква i Вашынгтон вядуць закулiсныя перамовы ў справе постсадамаўскага Іраку.

Нагадаю, што два днi таму ў Багдадзе адбылася сустрэча старшынi Фэдэрацыi прафсаюзаў беларускай, адначасна сустаршынi беларуска-iрацкай гандлёва-эканамiчнай камiсii Леанiда Козiка зь iрацкiм прэзыдэнтам Садамам Хусэйнам. Паводле iрацкiх крынiцаў, Козiк падкрэсьлiў, што Беларусь салiдарызуецца зь Іракам супраць мiжнародных пагрозаў i несправядлiвага эмбарга. Хусэйн у адказ заявiў, што адна з мэтаў працягу эмбарга –пазбавiць краiны СНД магчымасьцi эканамiчнага супрацоўнiцтва зь Іракам, бо амэрыканцы ведаюць, якiя глыбокiя каранi зьвязваюць Ірак i СНД.
XS
SM
MD
LG