Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЭЗЫДЭНТ ЗША ДЖОРДЖ БУШ МОЖА РАСПАЧАЦЬ ВАЕННЫЯ ДЗЕЯНЬНI СУПРАЦЬ ІРАКУ БЕЗ ДАЗВОЛУ КАНГРЭСУ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Выступаючы перад вэтэранамi ў горадзе Нэшвiл, Чэйнi падкрэсьлiў, што час не на баку Злучаных Штатаў. Затрымка дзеяньняў супраць рэжыму Садама Хусэйна зробiць яго яшчэ болей моцным, дазволiць яму набыць яшчэ болей небясьпечны арсэнал зброi, чым ён мае зараз. Вiцэ прэзыдэнт ЗША выказаў наступнае перакананьне: “Няма сумневу, што Садам Хусэйн ужо мае зброю масавага зьнiшчэньня. Няма сумневу, што ён назапашвае яе, каб выкарыстаць супраць нашых сяброў, супраць нашых саюзьнiкаў i супраць нас”.

Тое, што рэжым Хусэйна iмклiва нарошчвае зброю масавага зьнiшчэньня, што ён не дапускае на свае аб’екты iнспэктараў ААН, i азлобленасьць рэжыму ўвогуле – усё разам гэта вымушае нанесьцi папераджальны ўдар, – канстатаваў Чэйнi.

На мiнулым тыднi прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сказаў, што ён яшчэ не прыняў рашэньня адносна апэрацыi супраць рэжыму Садама, што ён працягне кансультацыi ў гэтым пытаньнi зь сябрамi i саюзьнiкамi Амэрыкi. Сёньня на сваiм ранчо ў Тэхасе Буш будзе прымаць амбасадара Савудаўскай Арабii прынца Бандара. Чакаецца, што яны абмяркуюць сярод iншага i магчымасьць ваеннай апэрацыi ЗША супраць iрацкага рэжыму. Выкарыстаньне ваеннага патэнцыялу Савудаўскай Арабii Злучанымi Штатамi разглядаецца як вельмi сутнаснае для такой апэрацыi. Але Савудаўская Арабiя ўжо выказвала сваю нязгоду адносна ваенных дзеяньняў супраць Іраку.

Чэйнi ўчора патлумачыў, якую небясьпеку нясе рэжым Хусэйна ўсяму блiзкаўсходняму рэгiёну: “Маючы ў руках зброю тэрору i седзячы на вярхушцы дзесяцi адсоткаў усясьветнай здабычы нафты, Садам зможа дамагацца поўнага дамiнаваньня на Блiзкiм Усходзе, узяць пад свой кантроль большую частку ўсясьветных паставак энэргii, непасрэдна пагражаць сябрам Амэрыкi ва ўсiм рэгiёне i шантажаваць ядзернай зброяй ЗША цi любую iншую нацыю”.

Чэйнi падкрэсьлiў, што ЗША ня будуць мiласэрнымi да рэжымаў тэрору i тэрарыстаў. На ягоную думку, зьнiшчэньне рэжыму Садама дасьць плён усяму рэгiёну Пэрсыдзкай затокi, дасьць шанец народам на трывалы мiр. Але гэта не азначае, што Злучаныя Штаты хочуць заняволiць Ірак: “Нашай мэтай было б, каб Ірак захоўваў тэрытарыяльную цэласнасьць, меў дэмакратычны i плюралiстычны ўрад, стаў краiнай, дзе прызнаюцца i абараняюцца правы кожнай этнiчнай i рэлiгiйнай групы. На той пакутнай зямлi ўсе, хто шукае правасудзьдзя, годнасьцi i шанцу жыць уласным жыцьцём, могуць ведаць, што яны маюць сябра i саюзьнiка – Злучаныя Штаты Амэрыкi”

Афiцыйныя асобы ў ЗША падкрэсьлiваюць, што прэзыдэнт Джордж Буш мае ўсе паўнамоцтвы, каб распачаць ваенныя дзеяньнi супраць Іраку без дазволу Кангрэсу. Але прадстаўнiк Белага дому Ары Флэйшэр сказаў, што прынамсi Буш пракансультуецца зь сябрамi Кангрэсу.

Тым часам Джэймс Бэйкер, якi быў дзяржаўным сакратаром ЗША ў часе вайны ў Затоцы, выказаў сваю падтрымку ваеннай кампанii супраць Іраку, але заклiкаў Вашынгтон шукаць мiжнароднай падтрымкi ад Рады Бясьпекi ААН. Гэткай жа думкi прытрымваюцца Генры Кiсiнджэр, таксама былы дзяржсакратар ЗША, i Брэнт Скоўкрафт, дарадца былога прэзыдэнта Буша-старэйшага. Што тычыцца цяперашняга дзяржсакратара Колiна Паўэла, якi ачольваў аб’яднанае камандаваньне ў часе вайны ў Затоцы, то ён захоўвае маўчаньне адносна магчымых ваенных дзеяньняў супраць Іраку.
XS
SM
MD
LG