Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня распачаўся двухдзённы візыт прэзыдэнта Украіны Леаніда Кучмы ў Маскву


Кастусь Бандарук, Прага

Афіцыйна гаворыцца, што бакі маюць намер абмеркаваць пытаньні стратэгічнага патрнэрства Расеі і Украіны, а таксама палітычнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Візыт Кучмы ў Маскву супаў з чарговым усплёскам “гандлёвай вайны” паміж дзьвюма краінамі. Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на факт, што не прадугледжваецца падпісаньня ніякіх важных пагадненьняў, паколькі візыт быў заплянаваны ўсяго некалькі дзён таму. Акрамя таго, Леанід Кучма прыпыніў свой адпачынак і накіраваўся ў Маскву, каб заўтра ў рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта “Завідава” адсьвяткаваць сваё 64-годзьдзе.

Што насамрэч азначае гэты візыт, і на што ён разьлічаны? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да палітычнага аглядальніка газэты “Киевские ведомости” Сяргея Кісялёва. Вось, што ён сказаў:

(Кісялёў: ) “Справа ў тым, што зараз ускладніліся адносіны паміж Украінай і ЗША. Акрамя таго, пасьля тых нашых рэклямных акцыяў аб намеры ўступіць у НАТО, Эўразьвяз, Усясьветную Гандлёвую Арганізацыю аказалася, што Ўкраіну не чакаюць ні там, ні там, ні там. Больш таго, АБСЭ пачынае выстаўляць Кіеву новыя ўмовы ў справе расьсьледваньня забойства Георгія Гангадзэ. ЗША зноў уздымаюць пытаньне продажу Іраку радарных установак. Вось таму Украіне патрэбны партнэр. Ёй трэба на некага абаперціся, яна хоча знайсьці абаронцу. З гэтага пункту погляду Расея застаецца адзіным, надзейным партнэрам. Сам факт, што Леанід Кучма са сваёй жонкай Людмілай будзе адзначаць свой дзень народжаньня ў рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта, мае засьведчыць і паказаць усяму сьвету тое, хто цяпер для Украіны зьяўляецца галоўным партнэрам, і што для самога Кучмы галоўным сябрам зьяўляецца Уладзімір Пуцін”.

Мы зьвярнуліся да сп. Кісялёва з пытаньнем, што можа даць Украіне гэты сьпешны візыт, калі эканамічныя адносіны паміж дзьвюма бакамі даволі напружаныя?

(Кісялёў: ) “Я думаю, што гэта найперш палітычны візыт. Не прадбачваецца падпісаньня ніякіх сур’ёзных дакумэнтаў. Таму гэта проста “іміджавы” візыт. У сытуацыі, калі Амэрыка ў прынцыпе адвярнулася ад Украіны, Кучма пачаў рабіць сур'ёзную стаўку на Расею. Добра гэта ці дрэнна? З аднаго боку здавалася б, што нядрэнна, але з другога боку, у любым саюзе з Расеяй – міждзяржаўным або саюзе нейкіх асобных установаў, абаслютна дакладна вядома, што чым больш будзе расейскіх уплываў у такіх саюзах, тым менш там будзе Ўкраіны”.

У сытуацыі, калі візыт Кучмы ў Маскву павінен прадэманстраваць сьвету пацяпленьне адносінаў паміж Кіевам і Масквою, што гэта можа азначаць для Беларусі? Ці не апярэджвае Украіна Беларусь у адносінах з Крамлём, ці не спрабуе палагодзіць у Маскве свае справы ў абыход Беларусі? На гэтае пытаньне Сяргей Кісялёў адказаў:

(Кісялёў: ) “У прынцыпе намеры Ўкраіны адрозьніваюцца ад намераў беларускага кіраўніцтва. Украіна сапраўды шчыра пакуль ня хоча ўступаць у нейкі юрыдычны саюз з Расеяй. Такіх намераў Кіеў ня мае. Што тычыцца нейкага апярэджваньня Беларусі, пра гэта ня йдзе гаворка. Тут хутчэй справа ў палітычных і эканамічных інтарэсах Украіны і ейнага кіраўніка Леаніда Кучмы. Для ўкраінскага прэзыдэнта цяпер надзвычай важная падтрымка з боку Крамля. Асабліва з улікам таго, што палітычная апазыцыя зьбіраецца ўвосень выйсьці на вуліцы і правесьці акцыі супраць Кучмы. Паколькі ён ня можа абаперціся ні на Заходнюю Эўропу, ні на ЗША, яму патрэбная прынамсі маральная падтрымка з боку Масквы. Такім чынам, на маю думку, тут розныя інтарэсы, і Аляксандру Лукашэнку нічога не пагражае з боку Украіны”.

XS
SM
MD
LG