Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САДАМ ХУСЭЙН ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО НЕ БАІЦЦА ПАГРОЗАЎ ЗША І ЗДОЛЬНЫ АБАРАНІЦЬ СЯБЕ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У прэсу прасочваюцца дэталi магчымай ваеннай апэрацыi Злучаных Штатаў супраць Іраку. Тым часам, iрацкi дыктатар заяўляе, што рэжым не баiцца пагрозаў i гатовы абаранiць сябе. Адначасна Садам распачаў кампанiю на паляпшэньне стасункаў з суседнiмi краiнамi ў спадзяваньнi пераадолець дзесяцiгадовую iзаляцыю краiны i знайсьцi саюзьнiкаў у супрацьстаяньнi з ЗША. Якiя канкрэтна захады робiць Ірак у гэтым накiрунку i цi маюць яны плён?

Аналiтыкi i афiцыйныя асобы перадусiм зьвяртаюць увагу на дачыненьнi Іраку з Аманам i Катарам – дзьвюма краiнамi Пэрсыдзкай затокi, дзе амэрыканская ваенная прысутнасьць пашырылася i адкуль магчымы ўдар Злучаных Штатаў. Гэтыя краiны яшчэ на пачатку сакавiка на самiце лiдэраў арабскiх краiнаў у Бэйруце дапамагалi Іраку ў ягоных цяперашнiх жанiханьнях з Кувэйтам. Тады Ірак пагадзiўся прызнаць мяжу Кувэйту, амяркоўваў вызваленьне кувэйцкiх вязьняў i вёў перамовы ў справе вяртаньня нацыянальных архiваў Кувэйту, якiя былi вывезеныя Іракам у часе вайны ў затоцы ў 1990-91 гадох.

Тэмп пашырэньня кантактаў з арабскiмi краiнамі нарастаў – Ірак падпiсаў эканамiчныя пагадненьнi з Эгiптам, Савудаўскай Арабiяй i Турэччынай, абмяркоўваў абмен вязьняў зь Іранам i падтрымліваў адносiны амаль з усiмi краiнамi Пэрсыцкай затокi. Хусэйн узмацнiў публiчную рыторыку ў падтрымку палестынцаў. Ён спадзяецца, што суседнiя краiны адмовяць Злучаным Штатам у дапамозе ваяваць супраць Іраку. На думку Пэнтагону, паколькi Ірак ня зможа выйграць звычайным спосабам вайну са Злучанымi Штатамi, то ён абраў стратэгiю на спыненьне палiтычнай iнэрцыi ў падтрымцы амэрыканскага нападу.

Адзiн з высокапастаўленых амэрыканскiх дыпляматаў сказаў, што iракцы мелi посьпех у зьмяншэньнi iзаляцыi і, хоць гэта не падабаецца Амэрыцы, яна ня можа спынiць працэсу. У зьвязку з гэтым ЗША нагадалi краiнам, якiя падпiсваюць эканамiчныя пагадненьнi з Багдадам, што эмбарга супраць Іраку застаецца правамоцным i будзе дзейнiчаць датуль, пакуль Ірак не пагодзiцца на вяртаньне ААНаўскiх iнспэктараў зброi. Дзеля таго, каб зацiкавiць гэтыя краiны, Ірак стварае выгодныя для iх ўмовы эканамiчнага супрацоўнiцтва. Але Злучаныя Штаты папярэджваюць, што гэта не спрацуе. Такiм чынам, краiны, якiя ўступаюць нават у эканамiчныя кантакты зь Іракам, ня могуць ня выклiкаць да сябе цiкавасьцi з боку ЗША i iхных саюзьнiкаў.

Падаецца небясьпечным i пашэрэньне кантактаў Менску з Багдадам. Увесь мiнулы тыдзень у Беларусi знаходзiлася афiцыйная дэлегацыя Іраку на чале зь вiцэ-прэм’ерам Абдэль Тавабам Мулом Хувэйшам. Паводле афiцыйных паведамленьняў, акрат пашырэньне гандлёва-эканамiчных сувязяў было ў цэнтры шматлiкiх перамоваў. Але назiральнiкi не выключаюць, што маглi абмяркоўвацца i пытаньнi вайскова-тэхнiчнага характару. У заходняй прэсе ўжо шмат разоў пiсалася пра пастаўкi беларускай зброi ў Ірак. А ў iнтэрвiю нашаму радыё амэрыканскi кангрэсмэн Сьміт заявiў, што ён на свае вочы бачыў i сакрэтныя, і не сакрэтныя дакумэнты, якiя гэта пацьвярджаюць. Яшчэ адна акалiчнасьць. Лёнданская арабскамоўная газэта “Аль-Хаят” паведамiла, што кiраўнiк iрацкай дэлегацыi, якая наведала Менск, ёсьць мiнiстрам вайсковай прамысловасьцi Іраку. Сёньня нашыя калегi зь Ірацкай рэдакцыi пацьвердзiлi, што спадар Хувайш ёсьць мiнiстрам вайсковай прамысловасьцi Іраку.

Заходнiя аналiтыкi перадусiм зьвяртаюць увагу на вельмi актыўную i шмат у чым прадуктыўную дыпляматыю цяперашняга мiнiстра замежных справаў Наджы Сабры на Блiзкiм Усходзе i нават у Эўропе. Сабры наведаў Маскву перад перамовамi з ААН у пытаньнi ваеных iнспэкцыяў, а на мiнулым тыднi сустрэўся ў Багдадзе з намесьнiкам мiнiстра замежных справаў Ірану Махамадам Джавадам Зарыфам. Сабры абвесьцiў пра абмен вязьнямi, захопленымi ў палон у часе iранска-iрацкай вайны 1980-1988 гадоў, i заявiў, што Ірак жадае ўсталяваць дабрасуседзкiя адносiны з Іранам праз усебаковае ўрэгуляваньне нявырашаных праблемаў. Мiнiстар абароны Кувэйту ў часе паездкi ў Паўдзённую Афрыку сказаў, што ягоная краiна ўхвалiць амэрыканскi напад на Ірак толькi тады, калi гэта будзе зробленае пад эгiдай ААН. Так што пэўны плён iрацкая дыпляматыя мае.
XS
SM
MD
LG