Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

САДАМ ХУСЭЙН ЗАКЛIКАЎ НАРОД ІРАКУ АБАРАНIЦЬ КРАIНУ АД МАГЧЫМАЙ АГРЭСII


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У аўторак брытанскi прэм’ер-мiнiстар Тонi Блэр заявiў, што Злучаныя Штаты i Вялiкая Брытанiя могуць распачаць ваенную кампанiю супраць Іраку нават без дазволу Арганiзацыi Аб’яднаных Нацыяў. Але Блэр у выступе перад старшынямi камiтэтаў палаты абшчынаў зазначыў, што пытаньне пакуль адкрытае. Справа ў тым, што магчымасць атрымаць падтрымку ААН вельмi праблематычная, бо рашэньне Рады Бясьпекi, на думку дыпляматаў, могуць заблякаваць, прыкладам, Расея або Кiтай. Ваенныя ж дзеяньнi без санкцыi ААН ускладняць праблему партнэрства краiнаў Эўразьвязу цi саюзьнiкаў у арабскiм сьвеце.

Учора i пазаўчора намесьнiк мiнiстра абароны Злучаных Штатаў Пол Волфавiц у Анкары абмяркоўваў ролю Турэччыны, якую яна можа выканаць у кампанii супраць рэжыму Садама. Ва ўчорашняй прамове Хусэйн заявiў, што ягоны рэжым гатовы абаранiць сябе, ўзброiўшыся “i мячом, i лукам, i кап’ём, i танкам”.

Пэрспэктыва амэрыканскай ваеннай апэрацыi супраць Іраку пачала абмяркоўвацца пасьля таго, як на пачатку гэтага месяца пацярпелi крах перамовы памiж Іракам i Арганiзацыяй Аб’яднаных Нацыяў у пытаньнi аднаўленьня iнспэкцыi iрацкага ўзбраеньня. У мiнулы ўiкэнд каля 70 iрацкiх ваенных чыноўнiкаў, апазыцыйных да рэжыму Хусэйна, сустрэлiся ў Лёндане, каб сплянаваць спосабы супрацiву ўнутры iрацкiх узброеных сiлаў.

Назiральнiкi адзначаюць, што празь дзесяцiгодзьдзе пасьля таго, як iрацкiя падразьдзяленьнi былi вымушаныя пакiнуць Кувэйт, узброеныя сiлы Хусэйна меней здольныя аказаць супрацiў магчымай амэрыканскай ваеннай кампанii. Хусэйн спадзяецца на супярэчнасьцi ў заходнiх краiнах i на моцныя антыамэрыканскiя настроi ў арабскiм i мусульманскiм сьвеце, што можа разьбiць амэрыканскiя пляны. Садам спрабаваў дамовiцца з арабскiмi суседзямi, перадусiм з Савудаўскай Арабiяй, каб яна не дазволiла ЗША весьцi дзеяньнi супраць Іраку са сваёй тэрыторыi. Садам таксама спрабаваў падтрымваць палестынскiх баявiкоў, уключна з фiнансавай дапамогай сем’ям “пакутнiкаў” у спадзяваньнi, што крызыс у Ізраiлi i на акупаваных тэрыторыях ускладнiць пошук Амэрыкай саюзьнiкаў у арабскiм сьвеце.

Ва ўчорашнiм выступе Садам назваў iрацкiя апазыцыйныя групы, якiя знаходзяцца на Захадзе, лёкаямi, а свой рэжым – блаславёным Богам. Садам сказаў, што “ён, якi будуе краiну ўласнымi рукамi, зможа абаранiць сябе i сваю краiну ўласнымi сродкамi”.

Тым часам, у Менску знаходзiцца афiцыйная дэлегацыя Іраку на чале зь вiцэ-прэм’ерам Абдэль Тавабам Мулом Хуэйшам, якi ў часе сустрэчы са сваiм беларускiм калегам Сяргеем Сiдорскiм выказаў гатовасьць iрацкага боку да сумеснай працы “дзеля рэалiзацыi сумесных мэтаў”. 16 лiпеня амбасадар Рэспублiкi Ірак у Беларусi Дайф Ахмэд на сустрэчы з журналiстамi ў Менску з нагоды iрацкай рэвалюцыi 1968 году заявiў, што эканамiчныя санкцыi Рады Бясьпекi ААН супраць Іраку адмоўна ўплываюць на гандлёва-эканамiчнае супрацоўнiцтва зь Беларусяй. Амбасадар падкрэсьлiў, што нiякага ваеннага супрацоўнiцтва памiж Іракам i Беларусяй няма.
XS
SM
MD
LG