Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК ПАДПІСАНЬНЕ ДЭКЛЯРАЦЫІ РАСЕЯ – NATO МОЖА АДБІЦЦА НА СТАНОВІШЧЫ БЕЛАРУСІ?


Сяргей Навумчык, Прага

Заўтра Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Кучмам у Чарнігаве. Сам факт такой сустрэчы не павінен выклікаць здзіўленьня: адна з умоваў далучэньня любой краіны да NATO – гэта безканфліктныя адносіны з суседнімі дзяржавамі, і ў гэтым сэнсе матывы Кучмы абсалютна лягічныя.

А вось становішча Аляксандра Лукашэнкі зь ягоным выразным непрыняцьцем NATO – двухсэнсоўнае.

Прыгадаем, што заходняя суседка Беларусі – Польшча – зьяўляецца сябрам NATO вось ужо тры гады. Хутка далучацца да NATO Літва і Латвія. Расея – калі верыць прэзыдэнту Пуціну – ужо успрымае NATO не як праціўніка, а як партнэра. Дарэчы, некаторыя аналітыкі лічаць, што у геапалітычнай пэрспэктыве адзіная магчымасьць для Расейскай Фэдэрацыі запабегчы распаду – гэта ўступіць у NATO. Украіна ўжо заявіла пра далучэньне да NATO.

Для Беларусі, калі падзеі будуць развівацца менавіта такім чынам, застаецца небагаты выбар. Можна заставацца ў адзіноце, падтрымліваючы кантакты з адыёзнымі рэжымамі кшталту Іраку і Кубы – але гэта будзе вельмі дорага каштаваць. Прычым ва ўсіх сэнсах. Напрыклад, цяперашнія манэўры “Бярэзіна”, як сказаў мне сёньня генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі – будуць каштаваць бюджэту прынамсі чвэрць мільёна даляраў. Наўрад ці кволая эканоміка вытрымае шмат такіх манэўраў, а каб супрацьстаяць NATO – вучэньняў трэба праводзіць шмат. Прычым марна – на Беларусь NATO не зьбіраецца нападаць. Іншы варыянт – гэта той, які абрала Украіна, ці хаця б той, што прадэкляравала сёньня Расея – але гэта супярэчыць палітычнай мэнтальнасьці цяперашняга кіраўніка Беларусі.
XS
SM
MD
LG