Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫТУАЦЫЯ Ў КЫРГЫСТАНЕ МОЖА ПЕРАРАСЬЦІ Ў ГРАМАДЗЯНСКУЮ ВАЙНУ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Затрыманых удзельнікаў пратэсту, сярод якіх вядомыя ў краіне праваабаронцы Турсунбэк Акунаў і Рамазан Дарылдаеў, абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыяванага мітынгу.

Даведаўшыся пра арышты, у Бішкек накіраваліся больш за 8000 асобаў, якія з панядзелка пікетавалі асноўную аўтамагістраль паміж паўночнымі і паўдзённымі раёнамі краіны. Тры з паловай тысячы працягваюць блякаваньне трасы Ош-Бішкек. Удзельнікі акцыі патрабуюць спыненьня перасьледу апазыцыі і адстаўкі прэзыдэнта Кыргыстану Аскара Акаева.

Паводле прадстаўніка заканадаўчага сходу Мырзакана Субанава, калі ўлады неадкладна не пачнуць вырашаць праблемы, якія паднялі ўдзельнікі пратэсту, сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю.

Асноўныя падставы масавай незадаволенасьці – падзел паміж Кіргістанам і Кітаем 270-ці гектараў спрэчных тэрыторыяў. Апазыцыя даўно крытыкуе пагадненьне Акаева з кітайскімі ўладамі ад 1999 году, паводле якога 30% спрэчных зямель атрымлівае Кітай, а 70% застаюцца ў Кыргыстане. Паводле міністра замежных справаў Кыргыстану Муратбэка Іманаліева, ад пачатку кітайскі бок мерыўся пакінуць Кыргыстану ўсяго 4% спрэчных тэрыторыяў.

Днямі ніжняя палата парляманту ратыфікавала гэтае пагадненьне. Акцыі пратэсту ўзмацніліся, і верхняя палата спачатку не рызыкнула зацьвердзіць дакумэнт. Аднак сёньня, у прысутнасьці Акаева і іншых кіраўнікоў краіны, ратыфікацыя адбылася.

З пытаньнем тэрыторыяў апазыцыя зьвязвае пытаньні перасьледу сваіх лідараў. Так, вядомы апазыцыйны дэпутат Азімбэк Бэкназараў у свой час пагражаў Акаеву імпічмэнтам за працэдурныя парушэньні ў працэсе падзелу спрэчных тэрыторыяў, якія, на ягоную думку, сьведчаць пра патаемную змову кіраўніка краіны з Пэкінам. Улады арыштавалі Бэкназарава, але паводле крымінальных абвінавачаньняў.

Пасьля акцыяў пратэсту, у часе якіх загінулі 5 дэманстрантаў і больш 80 былі параненымі, арыштаванага адпусьцілі на волю. Цяпер дэманстранты дамагаюцца свабоды для іншай ахвяры рэжыму – былога віцэ-прэзыдэнта Кыргыстану Фэлікса Кулава, якому ў часе новага перагляду справы, 8 гадоў вязьніцы замянілі на 10. У гэтай сытуацыі магчымасьці ўладаў для манэўру мінімальныя. Ужываць сілу ня можна, ісьці на саступкі – прадэманстраваць слабасьць. Аналітыкі цьвердзяць, што Акаеў вырашыў вытрымаць як найдаўжэйшую паўзу ў разьліку на выпусканьне пары, каб праз тыдзень, ужо на іншай мове, можна было б размаўляць з апазыцыяй.

Сёньня ж распачаўся візыт у Кітайскую Народную Рэспубліку прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмонава. Паводле прэсавай службы прэзыдэнта, адным з а істотных момантаў гэтага візыту будзе падпісаньне дадатковай дамовы пра таджыцка-кітайскую мяжу. Часткова праблема была вырашаная ў 1999 годзе, калі бакі падпісалі першую дамову адносна невялікіх спрэчных тэрыторыяў. Гэтым разам будзе задакумэнтаваны падзел апошняга ўчастку ў 28 тысячаў квадратных кілямэтраў. У выніку Кітай атрымае 3,5% гэтай тэрыторыі.
XS
SM
MD
LG