Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ: “БЕЛАРУСКАЯ СЫТУАЦЫЯ НЕПРЫМАЛЬНАЯ”


Юры Сьвірко, Менск

Спадар Алекшо таксама даў зразумець, што дзейны старшыня АБСЭ гатовы да рашэньня афіцыйнага Менску не падаўжаць цяперашняму кіраўніку групы АБСЭ ў Беларусі Эндру Карпэнтэру беларускую візу, тэрмін дзеяньня якой у яго скончыцца 1 чэрвеня.

(Алекшо: ) “Беларусь, напрыклад, цалкам перашкаджае працы місіі празь непадаўжэньне візаў ейных супрацоўнікаў: яна адмовіла ў візе прызначанаму кіраўніку місіі, адмовілася аднавіць візу другому паводле старшынства супрацоўніку місіі, калі скончылася ягоная віза. І яны таксама, верагодна, зьбіраюцца адмовіць у падаўжэньні візы яшчэ адному супрацоўніку місіі, чыя віза неўзабаве скончыцца. Мы думаем, што такая сытуацыя непрымальная”.

Руі Алекшо дадаў, што “ўсе краіны-сябры АБСЭ мусяць вырашыць — разам з намі — якой будучыні яны хочуць, таму што працяг дзейнасьці місіяў жыцьцёва важны для будучыні арганізацыі”.

Пад пагрозай зрыву апынулася яшчэ адна місія — прыезд у Менск сяброў адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф, дэпутаткай нямецкага бундэстагу. Спадарыня Цапф, як і яшчэ адна сяброўка рабочае групы Хэлена Дэмакава з Сэйму Латвіі, сёньня так і не атрымалі беларускія візы на ўезд.

Паводле спадарыні Дэмакавай, у Беларусь зможа прыехаць толькі трэці сябар групы — швэд Урбан Алін, які мае шматразовую беларускую візу.

А што зьбіраецца рабіць Хэлена Дэмакава?

(Дэмакава: ) “Як я бязь візы магу ехаць?”

(Карэспандэнт: ) “Калі ў панядзелак, напрыклад, дадуць...”

(Дэмакава: ) “Ну, тады я ўсё адно паеду. Прыеду й буду працаваць там. Яшчэ ж у чацьвер прэсавая канфэрэнцыя, ну Божа мой”.

Спадарыні Дэмакавай я задаў пытаньне, хто, на ейную думку, вінаваты ў візавых праблемах дэлегацыі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ.

(Дэмакава: ) “Гэтая беларуская амбасада ў Рызе да мяне ўвогуле вельмі добра ставіцца. Гэта МЗС, якое там, у Беларусі”.

Аднак Хэлена Дэмакава не губляе аптымізму й спадзяецца атрымаць беларускую візу.

(Дэмакава: ) “Не, думаю, што дадуць. Досьвед паказвае, што, паколькі я прасіла нашу канцылярыю патэлефанаваць у беларускую амбасаду ў Рызе і сказаць, што будзем рабіць скандал — каб яны інфармавалі сваё МЗС, — гэта кожны раз дапамагала”.

Тым часам у Міністэрстве замежных справаў Беларусі мне паведамілі, што заўтра ва ўсіх беларускіх амбасадах за мяжой, у тым ліку ў Бэрліне і ў Рызе, будзе працоўны дзень. Таму застаецца магчымасьць, што Ута Цапф і Хэлена Дэмакава атрымаюць візы ў суботу.
XS
SM
MD
LG