Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ ВЫВУЧАЮЦЬ ЗАЯВУ МЗС БЕЛАРУСІ Й ЗНОЎ ДУМАЮЦЬ ПРА САНКЦЫІ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньняшнюю заяву беларускага МЗС ужо атрымалі ў Гішпаніі, якая старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, ды ў Партугаліі, якая старшынюе ў АБСЭ. Прадстаўнікі гэтых двух старшыняў сёньня неафіцыйна сказалі, што такая неадэкватная рэакцыя Менску адкрывае шлях да санкцыяў супраць Беларусі, мажлівасьць якіх абмяркоўваецца апошнімі тыднямі.

Чакаецца, што афіцыйная рэакцыя АБСЭ і Эўразьвязу стане вядомая да канца тыдня. А 8 траўня, у дзень прыняцьця адмысловай заявы дзейнага старшыні Эўрапейскага Зьвязу пра дачыненьні Беларусі з АБСЭ, былі таксама праведзеныя слуханьні ў амэрыканскай Камісіі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе (больш вядомай як Гельсынская камісія), на паседжаньні якой выступіў дзейны старшыня АБСЭ — міністар замежных справаў Партугаліі.

Паводле распаўсюджанай толькі зараз стэнаграмы, Антоніё Мартыньш да Круш выказаўся наконт канфлікту паміж АБСЭ й афіцыйным Менскам вакол Кансультацыйна-назіральнай групы. Дзейны старшыня АБСЭ зазначыў, што ён “ад самага пачатку гэтага заахвочваў усе намаганьні праводзіць плённы дыялёг зь беларускімі ўладамі”. Паводле спадара да Круша, такія кантакты падтрымліваліся на розных узроўнях.

“Мы шкадуем, аднак, што на такі дух супрацоўніцтва ня быў дадзены адпаведны адказ і пакуль аддавалася перавага крайнім пазыцыям”, — сказаў пра дзеяньні афіцыйнага Менску партугальскі міністар замежных справаў.

Адказваючы на пытаньне пра публікацыю ў газэце “The Wall Street Journal Europe” наконт беларускага гандлю зброяй з тэрарыстамі ды пра тое, ці будзе нейкая спроба з боку дзяржаваў АБСЭ ўжыць ціск, каб спыніць гэтыя пастаўкі зброі з краін кшталту Беларусі, дзейны старшыня АБСЭ адказаў, што, на ягоную думку, гэтае пытаньне будзе закранутае на міністэрскай сустрэчы 12 чэрвеня.

“Мы мусім паважаць пагадненьні ў рамках АБСЭ”, — зазначыў спадар да Круш.
XS
SM
MD
LG