Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАІНЫ-ЎДЗЕЛЬНІЦЫ ДАМОВЫ ПРА КАЛЕКТЫЎНУЮ БЯСЬПЕКУ ЎТВАРЫЛІ МІЖНАРОДНУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ


Юры Дракахруст, Прага

Расейская газзэта “Коммерсант” гаворыць пра ператварэньне дамовы пра калектыўную бясьпеку ў аналяг Варшаўскага пакту савецкіх часоў. Пра значэньне дамовы і сэнс прынятых рашэньняў разважаюць аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Аляксандар Алесін і дырэктар расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі.

На думку Аляксандра Алесіна, пераўтварэньне ДКБ – спроба Расеі вярнуць страчаныя пазыцыі ў Цэнтральнай Азіі.

(Алесін: ) “Мне здаецца, што гэтае мерапрыемства варта разглядаць у кантэксьце падзеяў, якія адбываюцца пасьля 11 верасьня 2001 году. Масква зрабіла жэст добрай волі, запусьціўшы ў Цэнтральную Азію ЗША і іх саюзьнікаў. Зараз час жэстаў прайшоў, і Расея вырашыла вярнуць сабе пазыцыі ў гэтым рэгіёне. Досьвед падказвае, што лепш за ўсё гэта робіцца пры дапамозе ваена-палітычнай арганізацыі.

Пераўтварэньне дамовы, наданьне ёй больш абавязковых функцыяў – крок у гэтым кірунку. Мне падаецца, што галоўная мэта Расеі – зацягнуць у свае абдымкі Казахстан. І з пункту гледжаньня эканамічнага, ваенага, геапалітычнага патэнцыялу Казахстан – гэта самы галоўны прыз у гэтым рэгіёне. І тое, што Расея прасоўвае Назарбаева на розныя пачэсныя пасады, дагаджаючы ўсходняму самалюбству казахстанскага лідэра, робіцца дзеля гэтага”.

На думку Аляксандра Алесіна, цэнтральнаазіяцкія краіны не атрымалі ўсяго, чаго хацелі ад ЗША, пагадзіўшыся дапамагаць антытэрарыстычнай кааліцыі, і таму зараз яны выказваюць гатоўнасьць да больш шчыльнага ваенага супрацоўніцтва з Масквою. Сп. Алесін падкрэсьлівае, што Расею ў краінах-сябрах дамовы пра калектыўную бясьпеку цікавіць перш за ўсё ваеная інфраструктура: аэрадромы, палігоны, станцыі папярэджаньня пра ракетны напад, кшталту той, што разьмешчаная пад Баранавічамі.

Калі сп. Алесін мяркуе, што пераўтварэньне ДКБ ёсьць вяртаньнем да старой расейскай палітыкі дамінаваньня, то расейскі дасьледчык у пытаньнях бясьпекі Андрэй Піянткоўскі лічыць, што гэта хутчэй манэўр Пуціна дзеля зьмякчэньня крытыкі на адрас новай палітыкі Масквы на збліжэньне з Захадам.

(Піянткоўскі: ) “Гэтыя рашэньні нездарма амаль дзень у дзень супадаюць з паседжаньнем Рады Расея – НАТА ў Рэйк’явіку, дзе, як чакаецца, будзе прынятае пагадненьне пра ўдзел Расеі ў працэдурах і мэханізмах НАТА. З пункту гледжаньня Пуціна, мне зразумелы гэты крок. Ён знаходзіцца пад вельмі моцнаю крытыкаю праціўнікаў збліжэньня з НАТА. Стварэньне такога маленькага нашага НАТА перад збліжэньнем з сапраўдным НАТА можа разлядацца Пуціным як сродак зьмякчыць крытыку на ягоны адрас. Такая пустышка, якую даюць немаўляці, каб яно ня плакала.

Але ў адрозьненьні ад сапраўднай пустышкі, гэтая пустышка абрастае рознымі бюракратычнымі структурамі, штабамі. Асабліва нэгатыўнае значэньне мае актыўная роля, якую ва ўсім гэтым будзе адыгрываць Беларусь. Ня ў тым справа, што маю штосьці супраць Беларусі, а таму што гэта актуалізуе размовы пра пагрозу з Захаду. З аднаго боку, мы ідзем у НАТА, з другога боку, у гэтых штабах мы будзем даваць адпор пагрозе з боку гэтага самага НАТА”.

(Карэспандэнт: ) “Ператварэньне дамовы ў міжнародную арганізацыю, ставарэньне адзінага штабу краінаў дамовы – у якой ступені гэта абмяжуе іх ваены сувэрэнітэт?”

(Піянткоўскі: ) “У такой, у якой любая міжнародная арганізацыя азначае перадачу яе сябрамі часткі свайго нацыянальнага сувэрэнітэту. Але я мяркую, што тут не расейская котка будзе круціць беларускім хвастом, а наадварот. Раздуваньне ўяўнай пагрозы з Захаду патрэбнае Лукашэнку для падвышэньня сваёй значнасьці і для звычайнага прыёму: калі яму нагадваюць пра даўгі, ён гаворыць , што абараняе Расею ад НАТА і што гэта яму Расея вінная дзясяткі мільярдаў даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэтае ўмацаваньне дамовы пра калектыўную бясьпеку стасуецца са збліжэньнем Расеі з НАТА?”

(Піянткоўскі: ) “Калі б мова ішла пра Армэнію і азыяцкія краіны, гэта б ня мела такой ролі. Самым раздражняльным элемэнтам будзе актыўнасьць рэжыму Лукашэнкі ў акцэнтаваньні супрацьстаяньня, пагрозы з боку Захаду”.
XS
SM
MD
LG