Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ВЫДЗЕЛІЎ 1 МІЛЬЁН 155 ТЫСЯЧ ЭЎРА НА ДЭМАРКАЦЫЮ БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ужо зь сярэдзіны траўня на беларуска-літоўскай мяжы пачнуць усталёўваць слупы з выявай дзяржаўнага гербу, а па азёрах і рэках, дзе праходзіць мяжа, будуць разьмешчаныя памежныя буі. Гэтак пачне ажыцьцяўляцца першая частка праграмы Эўразьвязу ў справе дэмаркацыі межаў Беларусі з краінамі, якія хутка ўвойдуць у Эўразьвяз.

На тую частку праграмы, якая датычыць мяжы Беларусі зь Літвой, Эўразьвяз дае 1 мільён 155 тысяч эўра і просіць выканаць работы да жніўня. Потым будуць выдзеленыя яшчэ 2 мільёны 200 тысяч эўра на завяршэньне працы і на дэмаркацыю мяжы з Латвіяй.

Калі паміж Беларусьсю і Польшчай з савецкіх часоў існуе агароджа з калючага дроту, то са зьяўленьнем пазначанай мяжы на поўначы можна будзе казаць пра новы бар'ер, які ўзьнікне паміж Беларусьсю і Эўропай. Аднак эўрапейскія чыноўнікі гэтак ня лічаць. Кіраўнік аддзяленьня прадстаўніцтва Эўрапейскай Камісіі ў Беларусі Рауль дэ Люзэнбэргер, выступаючы сёньня перад журналістамі, запэўніў, што няма гаворкі пра ўзьвядзеньне новай "жалезнай заслоны", бо праект, накіраваны на кантроль за межамі, ёсьць пэўным унёскам ува ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі.

(Рауль дэ Люзэнбэргер: ) "Праект, пра які мы зараз кажам, дапаможа Беларусі кантраляваць патокі мігрантаў, якія ідуць праз вашую краіну ня толькі на захад, але і на ўсход".

Рауль дэ Люзэнбэргер выказаў заклапочанасьць адсутнасьцю належнага кантролю на большасьці ўнутраных межаў паміж краінамі СНД, у тым ліку паміж Беларусьсю і Расеяй, але зазначыў, што гэтая праблема можа быць вырашаная толькі ўнутры Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Што да Эўразьвязу, то ягоны прадстаўнік ня выключыў, што гэтым работам можа аказвацца фінансававая дамапога і далей. У прыватнасьці, гэта можа датычыць дэмаркацыі мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

Ужо вядома, што працы па дэмаркацыі мяжы зь Літвой будзе выконваць акцыянэрнае таварыства "Мінскводбуд", якое выйграла міжнародны тэндэр у Лёндане. Генэральны дырэктар гэтай арганізацыі Сьцяпан Паўловіч запэўнівае, што грошы, якія дае Эўропа, будуць выкарыстаныя паводле прызначэньня.

(Паўловіч: ) "Я ня ўмею красьці, ня толькі ў нас, а тым больш замежныя грошы. Ня ведаю, як гэта робіцца. За выдаткаваньнем грошай будзе назіраць заказчык, ёсьць назіральнік ад Эўразьвязу. Такім чынам, усё будзе пад кантролем”.
XS
SM
MD
LG