Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ЗМОЖА БЫЛЫ КАРОЛЬ ПРЫМІРЫЦЬ АФГАНЦАЎ?


Кастусь Бандарук, Прага

“Я ваш слуга. З вашай дапамогай я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб вярнуць краіне адзінства і мір”, – заявіў Захір Шах, ступіўшы на родную зямлю. Ён запэўніў, што плянуе застацца ў Афганістане назаўжды і тут дажываць свае дні. Улады падрыхтавалі яму вілу ў Кабуле, якую ахоўваюць 40 італьянскіх паліцыянтаў.

Для афганцаў, стомленых 25 гадамі розных канфліктаў і войнаў, вяртаньне былога караля мае глыбокі сэнс. Манарх у Кабуле сымбалізуе вяртаньне добрых, старых часоў. Працягласьць жыцьця ў Афганістане складае цяпер усяго толькі 42–43 гады, і большасьць афганцаў ня памятаюць ягонага 40-гадовага кіраваньня, аднак у народнай памяці ён застаўся як лагодны і міралюбны кароль. Для многіх ягонае вяртаньне – гэта пачатак канца хаосу і бяспраўя.

“Калі ён быў нашым каралём, мы жылі бедна, але быў мір. Незалежна ад таго, ці нехта пуштун, таджык, узбэк ці хазар, мы ўсе падтрымліваем Захір Шаха. Ён дасягне таго, чаго ня здолелі дасягнуць усе камэнданты, – ён верне нам мір”, – заявіў адзін звычайны кабулец.

Калі Захір Шах быў каралём, яго сапраўды хвалілі за тое, што ён ні ў што ня ўмешваўся. Дакладна гэтак, як і шараговыя афганцы, гавораць і прадстаўнікі часовай адміністрацыі. “Ён ніколі ня браў нічыйго боку. Ягонае сумленьне чыстае, а ягонае імя яшчэ многае значыць. Усе спадзяюцца, што ён аб’яднае грамадзтва і пакладзе канец узаемнай нянавісьці”, – заявіў адзін зь міністраў часовай адміністрацыі, які побач з Хамідам Карзаі ды іншымі міністрамі суправаджаў караля на Радзіму.

У сваім захапленьні вяртаньнем манарха многія афганцы ўжо не памятаюць або ня хочуць памятаць, што хісткае кіраваньне Захіра Шаха, без ідэі і нейкага пляну, стварыла спрыяльны грунт для замежнай агрэсіі й прывяло да рэвалюцыйнага ўздыму. Беспарадкі мусілі закончыцца ўзброеным пераваротам або камуністаў або ісьлямістаў, якія не мірыліся з адсталасьцю краіны.

Цяпер Захір Шах штодня сустракаецца з доказамі сымпатыі й павагі да сябе. У сваім агародчыку ён прымае дэлегацыі, якія з усёй краіны прыбываюць з рабалепнымі паклонамі й славаслоў’ямі. “Гэта божае блаславенства, што Вы вярнуліся. Гэтулькі гадоў у нашых сэрцах панавала пустата. Змагары за свабоду выціснулі савецкіх агрэсараў, але пасьля гэтага сярод іх зьявіліся падзелы. Толькі з Вашай дапамогай мы можам разьвязаць нашыя праблемы”, – заявіў у сваёй прамове адзін з племянных старэйшынаў Султан Мухамад Вардак.

Сам Захір Шах не зьбіраецца вяртацца да ўлады. Фармальна стары манарх вярнуўся толькі дзеля таго, каб у чэрвені сымбалічна адкрыць вялікі нацыянальны сход – Лоя Джырга. Сход павінен прызначыць часовы ўрад, а той за паўтара года мае выпрацаваць новую Канстытуцыю краіны і прызначыць дэмакратычныя выбары. Нейкую “афіцыйную ролю” кароль аднак гатовы прыняць, калі народ зьвернецца да яго з такой просьбай.

Вяртаньне Захір Шаха прыпала на складаны час. Многія пляменныя старэйшыны і палявыя камандзіры не прызнаюць часовы ўрад і пэўна не прызнаюць ніякага ўраду, калі яны ў ім не атрымаюць галоўных пасадаў.

Выглядае, што асноўныя палітычныя сілы не пакідаюць Захір Шаху ніякай іншай ролі, акрамя дэкаратыўнай. Пры ўсёй папулярнасьці ў простага народу ён не выступае публічна, не паказвае яго тэлебачаньне і не гавораць пра яго па радыё. Этнічныя таджыкі, якія кантралюць усе найважнейшыя ўстановы і міністэрствы, спрабуюць абмежаваць ролю Захір Шаха. Яны супраць часовага лідэра Хаміда Карзаі і баяцца, што дзякуючы падтрымцы манарха ён замацуецца на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

Такім чынам, паслужыць стымулам для нацыянальнага адзінства былому манарху будзе няпроста.
XS
SM
MD
LG