Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“SUEDWEST PRESSE” ПРА КАТАСТРАФІЧНЫ СТАН НЯСЬВІСКАГА ШПІТАЛЮ


Алена Пакратава, Менск

Удзельнікі гуманітарнай экспэдыцыі ў Беларусь — прадстаўнікі таварыства “Ўсход-Захад” з поўдню Нямеччыны. Іхная мэта — дапамагчы хворым, што жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Паведамленьні ў “SUEDWEST PRESSE” пішуць розныя ўдзельнікі паездкі. Аўтар сёньняшніх дарожных нататак — журналістка Кардула Дэ Б'язі. Яе нарыс — пра катастрафічны стан раённага шпіталю ў Нясьвіжы.

"Загадчык уралягічнага аддзяленьня запрасіў нас на сьняданак непасрэдна да сябе, у шпіталь, — піша журналістка. — Тое, што мы убачылі, цяжка ўвогуле перадаць словамі. "Божа, ня дай нам захварэць тут", — падумаў кожны з нас”. Палаты ў шпіталях перапоўненыя. Калі сказаць, што ложкі хворых у аварыйным стане — гэта значыць не сказаць нічога. Целы хворых літаральна правісаюць у іх. Тыя матрацы, на якіх ляжаць найбольш цяжкія пацыенты, нейкім чынам замацоўваюцца прасьцінамі. Рукамыйнікі ёсьць далёка ня ў кожнай палаце. Але нават калі ён і ёсьць, то вада зь яго не цячэ. Вадаправодныя трубы старыя, іржавыя. На паверсе — адзін туалет. З гледзішча гігіены гэтыя памяшканьні не вытрымліваюць ніякай крытыкі.

Аднак галоўныя праблемы наперадзе — у апэрацыйных. Тут няма кафлі на сьценах, а падлога настолькі няроўная, што яе вельмі складана чысьціць. Самае крытычнае — у апэрацыйных няма неабходнага асьвятленьня. Як тут увогуле праводзяць апэрацыі, ведае толькі Бог. Мясцовыя лекары жартуюць: "Для гэтага нашыя хірургі маюць добры зрок". Па сутнасьці, гэта гумар шыбеніка, — піша журналістка, — бо ў нясьвіскім шпіталі не хапае элемэнтарных рэчаў. Катэтарны шлянг замяняюць плястыкавыя бутэлькі. У выніку спэцыфічны пах пануе ва ўсім шпіталі. У асобных пакоях проста немагчыма дыхаць.

Аднак чакаць нейкіх зьменаў у лепшы бок цяжка. Штомесячны дэфіцыт фінансаваньня мэдычных стацыянараў у Беларусі складае 100 тысяч даляраў, — кажуць нясвіскія лекары ў інтэрвію "SUEDWEST PRESSE". На цяперашні момант шпіталь ня ў стане набыць ні мэдыкамэнты, ні сучаснае абсталяваньне. Старыя мэдычныя прылады на 30% ня дзейнічаюць. Знайсьці для іх неабходныя запасныя часткі — немагчыма. Сытуацыя асабліва абвастрылася ў апошні год. У стацыянары татальны дэфіцыт — ад бінтоў да бялізны. Дзеля таго, каб нясвіскі шпіталь працаваў на ўзроўні пачатку 1990-х неабходныя штомесячныя інвэстыцыі ў 10 тысяч даляраў. Добра, калі такая сума выдзяляецца раз у два-тры месяцы. Тое ж самае тычыцца і заробкаў лекараў. Характэрна, што напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў зь фінансаваньнем было значна лепш.
XS
SM
MD
LG