Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ДУМАЕ ЛІТВА ПРАДАВАЦЬ ІГНАЛІНСКУЮ АЭС БЕЛАРУСІ?


Тацяна Поклад, Вільня

Лукашэнкава прапанова выглядае па-дзіцячы простай і выгаднай для абодвух бакоў. Літва атрымала б вялікія грошы і ўступіла ў Эўразьвяз, 8 тысяч чалавек ня страцілі б працу. А Беларусь вырашыла б сваю энэргетычную праблему і не стаяла б перад патрэбай будаваць уласную АЭС, пра якую гавораць ужо дзясяткі гадоў.

На сёньня закрыцьцё Ігналінскай станцыі – адна з самых балючых праблемаў краіны. Эўразьвяз патрабуе спыніць рэактары да 2005 году і прапануе на гэта 256 мільёнаў эўра. Тым часам Літва падлічыла, што закрыцьцё АЭС будзе каштаваць 4 мільярды эўра і можа адбыцца не раней за 2015 год.

Краіны Эўразьвязу цьвердзяць, што адзіная прычына гэтага патрабаваньня – небясьпечнасьць Ігналінскай станцыі. У Літве, аднак, выказваюць меркаваньні, што Эўразьвяз папросту не жадае мець канкурэнта на сваім рынку электраэнэргіі. Літву непакояць вялізныя страты, сацыяльныя праблемы, беспрацоўе, якія пацягне закрыцьцё АЭС.

Усім гэтым у Вільні займаецца Парлямэнцкая Камісія па праблемах рэгіёну Ігналінскай станцыі, якую узначальвае дэпутат Сойму Казіміра Прунскене.

Казіміра Прунскене вядомая сваёй моцнай пазыцыяй у пытаньнях закрыцьця Ігналіны. Год таму яна прапаноўвала, каб Сойм выкрэсьліў з законапраекту сказ пра тое, што атамная энэргетыка можа быць толькі дзяржаўнай уласнасьцю. Прапанова не прайшла, а Прунскене вінавацілі ці не ў спрыяньні продажу атамнай станцыі. Магчыма, што такі продаж вырашыў бы ўсе праблемы. Гаворыць Казіміра Прунскене:

(Прунскене: ) “Праўду кажучы, гэта гучыць сёньня зусім нерэальна. Літоўскі ўрад ня змог бы нават і разглядаць такую прапанову. Літва зьбіраецца закрываць Ігналінскую атамную станцыю не таму, што хоча ад яе пазбавіцца як ад непатрэбнай маёмасьці, а толькі дзеля патрабаваньняў Эўразьвязу, які ня мае даверу да надзейнасьці гэтых атамных рэактараў. Так што продаж іншай дзяржаве нічога ня вырашыць. Праблема застанецца. Калі б гэтую станцыю можна было захаваць, мы б захавалі яе для сябе”.

Два гады таму на канфэрэнцыі краінаў-донараў Расея таксама прапаноўвала Літве набыць ў яе атамную станцыю, каб самой заняцца яе закрыцьцём і пазбавіць Літву гэтага клопату. Ці не была б зручнай для Літвы сёньня такая прапанова з боку Беларусі?

(Прунскене: ) “Наўрад ці краіна, якая ня мае досьведу выкарыстаньня атамнай энэргіі, можа лепей даць рады закрыцьцю атамнай станцыі, чым тая краіна, якая мае такі шматгадовы досьвед. Праект закрыцьця нашай станцыі рыхтавалі экспэрты Эўразьвязу і ён будзе фінансавацца эўрапейскімі краінамі-донарамі. Таму лёс станцыі можа вырашацца толькі праз дыялёг з Эўразьвязам”.

Тым ня менш, Літва не выключае ўвогуле магчымасьці супрацоўніцтва зь беларускім бокам у галіне атамнай энэргетыкі.

(Прунскене: ) “Беларусь можа прапаноўваць якія заўгодна варыянты. Хаця гэта яшчэ не азначае, што наш урад будзе іх разглядаць. Але Беларусь можа разгледзець праект сумеснага партнэрства ў пабудове новай атамнай электрастанцыі разам зь Літвой – я маю на ўвазе новы рэактар, пра пабудову якога мы таксама зараз гаворым. У гэтым сэнсе рэгіянальнае партнэрства цалкам магчымае – адно што сёньня яшчэ рана пра гэта гаварыць”.

На дачаснасьць такой размовы спасылаецца і прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас, які заяўляе, што афіцыйных прапановаў беларускага боку яшчэ не было, а таму няма пра што і гаварыць. Натуральна, гэта ня значыць, што літоўскія палітыкі не абдумваюць ідэю, выказаную Аляксандрам Лукашэнкам.
XS
SM
MD
LG