Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НАВЕДАЛІ ПРАДСТАЎНІКІ ДЗЯСЯТКАЎ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ НЯМЕЧЧЫНЫ


Алена Панкратава, Менск

Гуманітарны канвой з рэгіёну Швабія — на паўднёвым захадзе Нямеччыны — стартаваў у дзень 16-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Пачынаючы ад панядзелку, выданьне "SUEDWEST PRESSE" зьбіраецца штодня друкаваць паведамленьні нямецкіх удзельнікаў акцыі. Сёньня на старонках газэты пад назвай "Чалавек, які плакаў ад радасьці" зьмешчаныя нататкі мэдычнага мэнэджэра з Ульму Вальтэра Кліка.

Гэтая дапамога адрасаваная тым, піша ён, каго амаль ня ўбачыш на вуліцах вялікіх і малых беларускіх гарадоў — інвалідам. Іх, што жывуць ў старых драўляных хатах без усялікіх выгодаў, насамрэч ня так ужо й мала. З прычыны дэфіцыту ў Беларусі сучасных інвалідных вазкоў і мыліцаў, адсутнасьці неабходнай увагі з боку дзяржавы ўсе яны ёсьць сапраўднымі ізгоямі ў сябе на Радзіме.

Сёньняшняя "SUEDWEST PRESSE" друкуе здымак жыхара Жыткавічаў, інваліда Чарнобылю Віктара. На працягу дзесяці гадоў Віктар ня можа хадзіць, бо пакутуе ад рэдкай мускульнай хваробы. Усе айчынныя вазкі надзвычай вялікія і цяжкія — для таго, каб апынуцца за парогам хаты, неабходная дапамога моцных мужыкоў. Большасьць часу Віктар праводзіць у старой драўлянай хаце. Нямецкім падарункам — лёгкім вазком — ён настолькі ўзрушаны, што нават ня ў стане хаваць свае сьлёзы.

Як піша Вальтэр Клік, уражаньні ўдзельнікаў акцыі ад паездкі вельмі супярэчлівыя. Жабрацкія хаты, у якіх жывуць такія ж, як Віктар, людзі, суседнічаюць з сучаснымі багатымі катэджамі. На вуліцах раённых цэнтраў шмат заходніх аўтамабіляў — “Аўды”, “Фордаў”. Іх уладальнікі, якія могуць пакінуць шмат грошай у крамах і рэстарацыях, наўрад ці ведаюць, што побач зь імі жывуць інваліды, дапамагчы якім маглі б ня толькі нямецкія грамадзяне.

Паводле "SUEDWEST PRESSE", ладзіць падобныя гуманітарныя канвоі ў Беларусь сёньня гэтак жа складана, як і дзесяць гадоў таму. Усе шыльды на беларускіх дарогах напісаныя пераважна на кірыліцы. Шматлікія лісты ўдзельнікаў канвою да беларускіх уладаў з просьбай зрабіць дадатковыя надпісы лацінскімі літарамі дагэтуль не прынесьлі плёну.

Вальтраўд Лянгер, аўтар публікацыі, зьмешчанай ў паўднёванямецкім выданьні "Die Stimme", перакананая, што сапраўдная адрасная гуманітарная дапамога ў Беларусі магчымая выключна дзякуючы прыватным кантактам. Інакш ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі падобную акцыю ажыцьцявіць нельга: усё трапляе ў Менск, зусім па іншых адрасах, — піша выданьне.

Паводле ўдзельнікаў канвою, умовы жыцьця многіх людзей у Чарнобыльскай зоне на Гомельшчыне можна параўнаць зь сярэднявеччам: ні вадаправоду, ні ацяпленьня. Шмат жабракоў апошнім часам зьявілася і ў абласным цэнтры.

Перакладчыца нямецкай групы Ала дзеліць свой маленькі пакой у студэнцкім інтэрнаце яшчэ з чатырма будучымі германісткамі. Ала — сірата. Студэнцкі інтэрнат — ейны першы сапраўдны дом. З мэблі тут ёсьць ложкі і некалькі старых драўляных тумбачак. Па сутнасьці, і гэтыя добра адукаваныя дзяўчаты, і старыя адзінокія сяляне з чарнобыльскіх хутароў сёньня апынуліся ў роўных умовах.
XS
SM
MD
LG