Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША МОГУЦЬ УВЕСЬЦІ АНТЫДЭМПІНГАВЫЯ САНКЦЫІ СУПРАЦЬ ГАРАДЗЕНСКАГА "АЗОТУ"


Алесь Грыневіч, Менск

Учора Міжнародная гандлёвая камісія ЗША паведаміла, што пачала расьсьледаваньне паставак азотных угнаеньняў зь Беларусі, Літвы, Расеі ды Ўкраіны. Камісія будзе высьветляць, ці не зьяўляюцца штучна нізкімі цэны, па якіх у Злучаныя Штаты імпартуецца карбамідна-аміячная сумесь.

У выпадку, калі цэны будуць прызнаныя дэмпінгавымі (то бок штучна заніжанымі), камісія вызначыць шкоду, нанесеную амэрыканскім вытворцам, і дасьць свае рэкамэндацыі Дэпартамэнту камэрцыі — так у Злучаных Штатах называецца міністэрства гандлю. У выніку могуць павялічыцца мытныя тарыфы на ўгнаеньні, што падвысіць цану імпарту. Камісія мусіць завершыць расьсьледаваньне да 3 чэрвеня.

У Беларусі экспартам карбамідна-аміячнай сумесі займаецца гарадзенскае прадпрыемтсва “Азот”. Дырэктар "Азоту" Валеры Лангоў лічыць, што калі антыдэмпінгавае расьсьледаваньне ў ЗША пачалося, то хуткім часам можна чакаць увядзеньня санкцыяў.

(Лангоў: ) "Гэта значна больш сур'ёзна, чым у Эўропе. І калі яны вырашылі, то яны гэта вельмі хутка зробяць. Калі гэта правільная інфармацыя, то там доўга чыкацца ня будуць. Гэта не Эўропа, не Эўрапейскі Зьвяз".

Спадар Лангоў кажа, што цяперашнім часам "Азот" не экспартуе ўгнаеньні — у гэтыя месяцы ўсё ідзе на ўнутраны рынак для патрэбаў пасяўной кампаніі. Але ў будучыні антыдэмпінгавыя санкцыі могуць яшчэ больш пагоршыць пазыцыі "Азоту", чыя прадукцыя зрабілася неканкурэнтаздольнай пасьля паніжэньня цэнаў на сусьветным рынку мінэральных угнаеньняў.

(Лангоў: ) "Будучыня залежыць ад цаны, якая будзе існаваць у сьвеце, і ад нашага сабекошту. А калі будзе антыдэмпінг уведзены... Мы й без антыдэмпінгу па сёньняшніх цэнах неканкурэнтаздольныя з тым рынкам".
XS
SM
MD
LG