Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗРАІЛЬСКІ ЎРАД ПАГАДЗІЎСЯ З АМЭРЫКАНСКАЙ ПРАПАНОВАЙ ЗЬНЯЦЬ БЛЯКАДУ АРАФАТА


Юры Дракахруст, Прага

Ізраіль пагадзіўся, што палестынскі лідэр Ясір Арафат атрымае свабоду перасоўваньня. Амаль месяц ізраільскія войскі блякавалі Арафата ў ягонай рэзыдэнцыі ў Рамала. Наўзамен палестынцы абавязаліся арыштаваць шасьцёх палестынцаў, якіх Ізраіль абвінавачвае ў незаконным увозе зброі ў Ізраіль і ў датычнасьці да забойства ізраільскага міністра турызму летась у кастрычніку. Вязьняў будуць трымаць у палестынскай турме, але пад наглядам амэрыканскіх і брытанскіх прадстаўнікоў.

Паседжаньне ізраільскага ўраду, на якім абмяркоўваўся гэты кампраміс, было бурнае і працяглае. Як паведамляе “Washington Post”, спачатку галасы міністраў падзяліся: 13 – за, 13 – супраць. Потым адбылася тэлефонная гутарка прэм’ер-міністра Шарона з прэзыдэнтам ЗША Бушам. Пасьля гэтай размовы кіраўнік ураду здолеў схіліць сваіх калегаў да таго, каб падтрымаць амэрыканскую прапанову.

“New York Times” цытуе словы міністра замежных справаў Ізраілю Пэрэса, паводле якога Ізраіль, адхіліўшы прапанову Вашынгтону, паставіў бы пад пагрозу амэрыкана-ізральскія дачыненьні. Газэта тлумачыць, што прэзыдэнт Буш, шукаючы падтрымкі магчымай апэрацыі супраць Іраку з боку арабскіх краінаў, сам знаходзіўся пад ціскам патрабаваньняў гэтых дзяржаваў, каб аслабіць ціск на Арафата.

Прэзыдэнт ЗША Буш падкрэсьліў, што атрымаўшы свабоду перасоўваньня, Ясір Арафат мусіць пачаць дзейнічаць. Учора прэзыдэнт ЗША сказаў:

(Буш: ) “Спадар Арафат мусіць рабіць сваю працу. Я і раней, і зараз заклікаю яго праявіць свае лідэрскія здольнасьці. Мне задавалі пытаньне: “Ці страціў Арафат Вашу павагу?” Я адказваў: “Ён яшчэ мусіць заслужыць маю павагу”. Ёсьць шмат людзей, шмат палестынцаў, якія зараз пакутуюць. Час зрабіць крок ім насуcтрач”.

Амэрыканскія мэдыі зьвяртаюць увагу на тое, што ўхваліўшы зь вялікімі цяжкасьцямі прапанову аб прадастаўленьні Арафату свабоды перасоўваньня, ізраільскі кабінэт адхіліў патрабаваньне ААН аб накіраваньні дасьледчай групы ў лягер палестынскіх уцекачоў Джэнін, дзе падчас апэрацыі ізраільскіх войскаў загінула шмат палестынцаў.

Палестынцы заяўляюць, што ізраільскія дзеяньні ў Джэніне – злачынства супраць чалавечнасьці, ізраільскі бок адхіляе гэтыя абвінавачаньні, заяўляючы, што пераважная большасьць палестынцаў, загінулых у Джэніне, належала да тэрарыстычных груповак. Міністар інфармацыі Ізраілю Руві Рыўлін сказаў, што ААН спрабуе прымусіць яго краіну даць сваіх жаўнераў і афіцэраў, што бралі ўдзел у баях, на допыт міжнародных прадстаўнікоў. “Ніводная краіна ў сьвеце ня пойдзе на гэта”, – заявіў ізраільскі міністар. Аднак Рада Бясьпекі ААН настойвае на інспэкцыі Джэніну. Рада Бясьпекі дала генэральнаму сакратару ААН Кофі Анану яшчэ адзін дзень, каб дамагчыся ад Ізраілю згоды на інспэкцыю.

Разам з тым сытуацыя на Блізкім Усходзе ізноў абвастрылася. У мінулую суботу палестынцы зрабілі рэйд у габрэйскае паселішча Адора, якое знаходзіцца на Заходнім Беразе Ярдану, паблізу ад гораду Геброн. Чатыры ізраільцы, у тым ліку двое дзяцей, былі забітыя. Сёньня ізраільскія танкі ўвайшлі ў Геброн – паведамляецца пра гібель ня менш як сямі палестынцаў.
XS
SM
MD
LG