Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТЭРАРЫСТЫ АТРЫМЛІВАЮЦЬ ЗБРОЮ З ЦЭНТРУ ЭЎРОПЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

За некалькі дзён да тэрарыстычнай атакі 11 верасьня дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл назваў малавядомую эўрапейскую дыктатуру ў Беларусі “адзінай у Эўропе краінай-ізгоем”.

Сёньня гэтая заява набывае яшчэ большую актуальнасьць у сувязі з тым, што апошняе апірышча аўтарытарызму ў Эўропе – рэжым Лукашэнкі – працягвае кідаць выклік міжнароднаму праву і пастачае Іраку ды іншым краінам-ізгоям і тэрарыстычным групоўкам высокаякаснае ваеннае абсталяваньне, ператвараючыся для іх у неацэнны пляцдарм у Эўропе.

У сьвятле сёньняшняй напружанасьці на Блізкім Усходзе і ў Іраку адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша мусіць распрацаваць стратэгію процістаяньня таму, што вытварае гэтая эўрапейская краіна-ізгой пад носам НАТО, – піша “Wall Street Journal” і тлумачыць: летась Беларусь незаўважна стала вядучым пастаўшчыком сьмертаноснай ваеннай тэхнікі ісьлямскаму радыкальнаму сьвету.

Паводле зьветак ад усходнеэўрапейскіх выведчых крыніцаў і даведніка “Jane’s Defence International”, летась Беларусь паставіла больш як на 500 мільёнаў даляраў зброі палестынскім жаўнерам і краінам, якія даюць прытулак тэрарыстам (улучна з Сырыяй і Іранам). Сярод пастаўленай зброі 120-мілімэтровыя мінамёты, процітанкавыя кіравальныя ракеты, інжэнэрныя міны і рэактыўныя снарады для “Кацюшы”.

Патаемнае супрацоўніцтва з Іракам, хаця яно й небясьпечнае, цікавае Лукашэнку як спосаб атрыманьня цьвёрдай валюты. У сёлетнім лютым афіцыйныя асобы зь Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША падцьвердзілі, што афіцэры ірацкіх проціпаветраных сілаў прайшлі патаемную перападрыхтоўку ў Беларусі на ўдасканаленым зэнітна-ракетным комплексе “S-300”.

Тры апошнія спробы зьбіць самалёты ЗША і Вялікай Брытаніі, якія патрулююць забароненую для палётаў ірацкай авяцыі зону, а таксама 420 спробаў летась – вынік супрацоўніцтва між Менскам і Багдадам у сфэры проціпаветранай абароны.

Гэтае супрацоўніцтва павінна падштурхнуць Вашынгтон да перагляду ранейшай тактыкі неўмяшаньня ў злавесныя рэчы, якія маюць беспасярэдняе дачыненьне да Беларусі. Асабліва цяпер, калі Садам Хусэйн перавёў проціпаветраную абарону ў зону, якая забароненая для палётаў, і назваў гэта пратэстам супраць ізраільскіх ваенных дзеяньняў на Заходнім Беразе. Адміністрацыя Буша павінна паглядзець праўдзе ў вочы: беларускія тэхніка і досьвед штодзённа пагражаюць жыцьцям пілётаў Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў ірацкім небе.

Беларуска-ірацкае супрацоўніцтва ў проціпаветранай абароне – толькі частка шматгранных патаемных дачыненьняў паміж гэтымі дзьвюма краінамі. Іхныя незаконныя ўгоды задакумэнтаваныя камісіяй ААН па кантролю за ўзбраеньнямі й абнародаваныя летась у чэрвені.

У 1995 годзе наўпростым парушэньнем антыірацкіх санкцыяў стаў продаж ірацкім агентам спэцыялізаваных станкоў з алмазнымі інструмэнтамі, якія ўжываюцца для вытворчасьці кампанэнтаў ядзернай зброі. Пры канцы 1998 году Аляксандар Лукашэнка ізноў патаемна парушыў санкцыі ААН і прадаў Багдаду абсталяваньне, на якім можна вырабляць аптычныя сыстэмы для ракетаў далёкага радыюсу дзеяньня, распрацаваных для ўдару па Ізраілю.

Спадар Лукашэнка зазнае астракізм з боку міжнароднай супольнасьці ў ступені, якую можна параўнаць толькі з астракізмам у дачыненьні да невялікай колькасьці іншых краінаў. Яго ня хочуць бачыць на Захадзе, а ягоных нядаўніх замежных гасьцей можна спраўдзіць паводле даведніка “Хто ёсьць хто ў міжнародным сьпісе кепскіх хлопцаў”: Лібія, Іран, Куба, Сырыя – краіны, якія Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША называе спонсарамі тэрарызму.

У выпадку Сырыі Лукашэнка нават не стараецца схаваць сваю дапамогу Дамаску ў мадэрнізацыі ягонай абароназдольнасьці. “Як бы моцна на нас ня сварыліся, – цытуе Лукашэнку “Wall Street Journal”, – мы будзем працягваць дапамагаць Сырыі ў ваеннай сфэры, таму што Сырыя абяцала адказваць нам узаемнасьцю”.

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі, якога Вашынгтон раней называў “тэрарыстам нумар 1”, нават не хавае таго факту, што Лукашэнка ёсьць ягоным найлепшым эўрапейскім саюзьнікам, асабліва пасьля леташняга візыту Лукашэнкі ў Лібію. Апошні час Лукашэнка актывізаваў беларуска-лібійскія дыпляматычныя і гандлёвыя сувязі. Выглядае, што ён мае таемныя намеры прадаваць зброю і атрымліваць неабходную цьвёрдую валюту для анэмічнай эканомікі Беларусі.

Беларускага лідэра, – піша газэта, – ня надта хвалюе, што Лібія застаецца пад ААНаўскім эмбарга ў пытаньні продажу ёй узбраеньняў. Каб зразумець прыярытэты Лукашэнкі, варта згадаць, што ў адказ на тэракты 11 верасьня ён скасаваў свой візыт у пасольства ЗША ў Менску – заміж гэтага сустрэўся з кіраўніком лібійскай Найвышэйшай абароннай рады.

Лукашэнку падабаецца ягоная роля міжнароднага ізгоя, а пагрозы санкцыяў з боку ЗША альбо Эўразьвязу яго не палохаюць, таму што аб’ём заходняга гандлю зь Беларусяй нязначны. Фактычна, санкцыі могуць даць адмоўны эфэкт – умацуюць палітычную пазыцыю Лукашэнкі ў Беларусі.

Праблема адносінаў зь Беларусяй – унікальная, аднак, пры наяўнасьці палітычнай волі, лёгка разьвязальная. Уплыў Крамля на Беларусь немагчыма пераацаніць: пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў – толькі адна з прычынаў выжываньня беларускай эканомікі й захаваньня яе ад развалу. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін – адзіны лідэр, якога Лукашэнка паважае, таму што той мае дастаткова ўлады і палітычных рычагоў уплыву, каб скінуць беларускага дыктатара. Адміністрацыя Буша павінна прызнаць гэта і распрацаваць стратэгію ў дачыненьні Беларусі, у якую мусяць быць улучаныя новыя адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой.

У часе візыту Буша ў Маскву, які адбудзецца ў хуткім часе, ён павінен стаць ініцыятарам канструктыўнага дыялёгу з расейскім лідэрам у гэтай праблеме ды пераканаць Пуціна ўжыць магутны ўплыў Крамля на Лукашэнку, каб спыніць таемны продаж зброі краінам-ізгоям і тэрарыстычным групоўкам. Гэта, напэўна, самая істотная (і самая запушчаная) галіна, дзе Масква можа дапамагчы Вашынгтону ў ягонай барацьбе супраць тэрарызму.

Калі Масква адмовіцца ўжываць свой уплыў у гэтым выпадку, а спадар Лукашэнка будзе і надалей працягваць свае дзелавыя стасункі з тэрарыстычным сьветам, Вашынгтону варта разгледзець усе магчымыя варыянты, аж да простай забароны экспарту беларускай зброі.
XS
SM
MD
LG