Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАСЕЮ НЕ ПУСЬЦІЛІ ІРКУЦКАГА БІСКУПА ЕЖЫ МАЗУРА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Пасьля стварэньня на тэрыторыі Расеі чатырох новых каталіцкіх япархіяў, Ватыкан быў абвінавачаны ледзь не ў адкрытай агрэсіі, накіраванай на зьнішчэньне расейскай дзяржавы. У Расей прайшлі антыкаталіцкія дэманстрацыі. Дзяржаўная Дума пачала працу над праектам звароту да прэзыдэнта, у якім заклікае кіраўніка Расеі забараніць дзейнасьць каталіцкіх япархіяў у Расеі.

А некалькі дзён таму ў Расею без аніякіх тлумачэньняў не пусьцілі іркуцкага біскупа Ежы Мазура, які зьяўляецца польскім грамадзянінам. Дарэчы, гэта ня першы выпадак выдаленьня каталіцкіх сьявятароў з Расеі. Прыкладам, напярэдадні ва Ўладзіміры мясцовыя ўлады адабралі расейскую візу ў каталіцкага сьвятара Стэфана Капрыё ды заявілі, што той можа застацца ў горадзе толькі калі ажэніцца з расейскай грамадзянкай.

Супраць гэткіх праяваў рэлігійнай нецярпімасьці рашуча выступіў напярэдадні маскоўскі каталіцкі мітрапаліт, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які зьвярнуўся да расейскага ўраду, міжнароднай грамадзкасьці й праваабарончых арганізацыяў з заклікам узьняць свой голас у абарону свабоды веравызнаньня ў Расеі, паколькі адпаведныя дзяржаўныя чыноўнікі гэтага ня робяць.

(Кандрусевіч: ) “Мы вельмі занепакоеныя разьвіцьцём сытуацыі. Я чытаў праект гэтага звароту, які зьбіраецца прыняць Дума. Тут ізноў зьмяшаныя справы рэлігіі са справамі палітыкі”.

Дарэчы, Тадэвуша Кандрусевіча ў мінулы чацьвер упершыню не запрасілі паслухаць штогадовы зварот Уладзімера Пуціна.

Учора амбасадар Расеі ў Польшчы быў выкліканы ў Міністэрства замежных справаў дзеля афіцыйных тлумачэньняў, а польскі амбасадар у Расеі накіраваў у замежнапалітычнае ведамства гэтай краіны ноту пратэсту. Адпаведныя заявы зрабілі таксама прадстаўнікі Ватыкану, прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Польшчы. Польская апазыцыя скрытыкавала ўрад за недастаткова моцны тон гэтых заяваў.

Расейскі бок дагэтуль ніяк не тлумачыць прычыны дэпартацыі іркуцкага біскупа.

Паводле вядомага польскага экспэрта Ежы Памяноўскага, адна з прычынаў варожага стаўленьня расейцаў да каталіцкай царквы – кадравая палітыка Ватыкану. Справа ў тым, што на службу ў Расею традыцыйна прызначаюцца сьвятары-палякі, а гэта падмацоўвае трывалы сярод расейцаў стэрэатып пра тое, што касьцёл ёсьць фарпостам польскай экспансіі.

На пытаньне аб афіцыйным стаўленьні беларускага экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы да праяваў рэлігійнай нецярпімасьці да каталікоў у Расеі прэсавы сакратар экзархату РПЦ Андрэй Петрашкевіч адказаў:

(Петрашкевіч: ) “Паколькі гаворка ідзе пра пабудову каталіцкай царквы на тэрыторыі Расеі, а не беларускага экзархату, то ніякіх афіцыйных заяваў мы не рабілі, бо ў нашай дзяржаве такой праблемы не існуе”.

(Карэспандэнт: ) “Але Беларусь мае блізкія дачыненьні з Расеяй. Таму ці дапускаеце Вы, каб гэткія падзеі маглі адбыцца і ў Беларусі?”

(Петрашкевіч: ) “Займацца палітычнымі прагнозамі – гэта найбольш няўдзячная справа”.

Польскія назіральнікі таксама адзначаюць, што ў Эўропе не засталося ніводнай краіны, дзе б якая-небудь зь легальна дзеючых цэркваў магла дыктаваць сваю волю іншым рэлігійным аб’яднаньням, ды яшчэ пры падтрымцы ўладаў. У сувязі з гэтым адметна, што якраз напярэдадні зьявілася першая афіцыйная рэкцыя Крамля ў гэтай справе.

Першы намесьнік загадчыка галоўнага ўпраўленьня ўнутранай палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Абрамаў паведаміў агенцтву “Інтэрфакс”: “каталікі, без сумневу, зрабілі няправільна, стварыўшы чатыры новыя япархіі ў аднабаковым парадку, не паінфармаваўшы пра гэта Расейскую Праваслаўную Царкву і Міністэрства замежных справаў Расеі”.

Паказальна таксама, што выдаленьне з Расеі іркуцкага біскупа Ежы Мазура ёсьць рашэньнем не царкоўных, а менавіта сьвецкіх уладаў Расеі.
XS
SM
MD
LG