Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫЗНАЧЭНЬНЕ АМБАСАДАРА ГАЙКЕНА НЕ ПАРУШАЕ МІЖНАРОДНЫХ ПАГАДНЕНЬНЯЎ


Уладзімер Глод, Менск

Галоўны сэнс заявы наступны: дзейны старшыня АБСЭ, які прызначыў Эбэргарда Гайкена сваім адмысловым пасланцам у Беларусі, не парушаў міжнародных пагадненьняў. Амбасадар Гайкен атрымаў дыпляматычны ранг "адмысловага пасланца". А ўзгадненьне з краінамі-ўдзельніцамі АБСЭ дзейнаму старшыні неабходнае толькі тады, калі ён прызначае не адмысловага пасланца, а асабістага прадстаўніка. Менавіта так запісана ў параграфе 22 першай часткі рашэньняў Гельсынскага саміту, што адбыўся ў 1992 годзе.

Што ж да адмысловых пасланцаў, прадстаўнікоў, каардынатараў, дарадцаў і гэтак далей, дык, як тлумачыць генэральны сакратар АБСЭ, "датычна гэтага не існуе працэдуры, якая была б вызначаная краінамі-ўдзельніцамі. Гэтыя прызначэньні робяцца дзейным старшынём, і ён нясе асабістую адказнасьць за сваё рашэньне". Ян Кубіш падкрэсьлівае, што ў практыцы АБСЭ былі ўжо выпадкі, калі розныя дзейныя старшыні вызначалі альбо прызначалі ўзгаданыя катэгорыі міжнародных чыноўнікаў.

Між іншым, летась у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў кароткі час працаваў адмысловы пасланец тагачаснага дзейнага старшыні АБСЭ. Гэта быў намесьнік кіраўніка Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Кіма Кюлінэн. І тады беларускі бок спакойна ўспрыняў ягоны прыезд у краіну.

Заяву Генэральнага сакратара АБСЭ я папрасіў пракамэнтаваць прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Беларусі Паўла Латушку. Ягоны адказ быў кароткім:

(Латушка: ) "Пазыцыя МЗС Беларусі наконт прызначэньня спецыяльнага пасланіка па Беларусі выказаная".

Прэсавы сакратар мае на ўвазе выступ ў Вене на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ прадстаўніка Рэспублікі Беларусь у АБСЭ спадара Гайсёнка, які скрытыкаваў рашэньне дзейнага старшыні аб прызначэньні амбасадара Гайкена на падставе таго, што яно не было абмеркаванае з краінамі-ўдзельніцамі АБСЭ.
XS
SM
MD
LG