Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЛІТЫЧНЫ ЗЕМЛЯТРУС У ФРАНЦЫІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Газэта “Times” у рэдакцыйным артыкуле піша, што перамога Лё Пэна над Жаспэнам сьведчыць пра хібнасьць францускай сыстэмы галасаваньня. Паводле газэты, “гэта найлепшы вынік для кандыдата, які выказвае інтарэсы ксэнафобскіх, антыімігранцкіх правых сілаў усёй Эўропы”.

Наяўная сытуацыя, піша газэта, “прымушае задумацца ня толькі пра тое, наколькі францускія выбаршчыкі адданыя ідэям мультыкультуралізму, але й пра сыстэму, якая дазволіла гэтаму адбыцца”.

“Times” адзначае, што значная колькасьць галасоў, што аддалі за Лё Пэна, былі звычайным пратэстам супраць агульнай сытуацыі ў краіне. Выбаршчыкаў хвалюе рост злачыннасьці, і Лё Пэн, адрозна ад сваіх супернікаў, здолеў скарыстаць гэтыя страхі й зьвязаць іх з пытаньнямі іміграцыі. Кожны францускі выбаршчык, піша газэта, ведае, за што выступае Лё Пэн, бо ён ужо шмат гадоў прапагандуе тое самае – нянавісьць да эмігрантаў.

Адным са складнікаў посьпеху Лё Пэна газэта называе завялікую колькасьць кандыдатаў і нагадвае, што толькі левыя мелі восем кандыдатураў, што падарвала посьпех Жаспэна.

Газэта “Independent” лічыць, што вынікі выбараў можна часткова патлумачыць і тым, што народ стаміўся ад старых палітыкаў – і Шырак, і Жаспэн на палітычным полі Францыі ўжо каля сарака гадоў. Абодва яны выглядаюць стомленымі ад няспыннай барацьбы між левымі й правымі.

Але, падкрэсьлівае “Independent”, посьпех Лё Пэна таксама паказвае, што ня ўсё добра і з францускай канстытуцыяй.

“Канстытуцыя, якую прыняў Дэ Голь часткова для таго, каб застацца ва ўладзе, заснаваная на прынцыпе падзелу паміж замежнымі й унутранымі справамі, – піша газэта. – Замежнымі справамі займаецца прэзыдэнт, а ўнутранымі – прэм’ер-міністар, і гэты прынцып выглядае ўсё больш і больш састарэлым у кантэксьце Эўрапейскага Зьвязу”.

Паводле газэты, Францыя магла б пазьбегнуць шматлікіх праблемаў, калі б улада прэзыдэнта была зьменшаная, а прэм’ер-міністра – павялічаная.

“Цяпер кепскі час быць французам”, – піша сёньняшняя “Daily Telegraph”. Францускія выбаршчыкі напалохалі эўрапейскіх партнэраў сваёй краіны. Газэта нагадвае, што Лё Пэн – расіст. Ягоны посьпех – вынік расчараваньня францускіх выбаршчыкаў у тым, што асноўныя палітычныя партыі прапануюць вельмі падобныя ідэі.

Ні Шырак, ні Жаспэн не заўважылі, як зьмяніліся настроі французаў пасьля падзеяў 11 верасьня ў Злучаных Штатах. Яны зрабілі памылку, калі палічылі, што зь Лё Пэнам нельга нават размаўляць – і ў выніку “ён стаўся адзіным палітыкам, які змог скарыстаць у сваіх мэтах неспакой выбаршчыкаў”, – піша “Daily Telegraph”.

Зрух управа ў Францыі ўспрымаецца як адыход Эўропы ад таго разуменьня стандартаў у пытаньнях іміграцыі і рэлігійнай талерантнасьці, якое ўласьцівае Злучаным Штатам, дзе стаўленьне да гэтых пытаньняў вызначаецца большай памяркоўнасьцю і цярплівасьцю, – піша “Financial Times”.

Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі пройдзе 5 траўня. Паводле газэты “Times”, шок ад посьпеху Лё Пэна павінен прывесьці да выбарчых скрыняў рэкордную колькасьць выбаршчыкаў, якія аддадуць свае галасы за Жака Шырака.
XS
SM
MD
LG