Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ХТО ЁН, ПАЛЕСТЫНСКІ ТЭРАРЫСТ-САМАЗАБОЙЦА?


Юры Сьвірко, Прага

У той дзень 22-гадовы Сагар Тамам Набулсі напоўніў белы мікрааўтобус “Міцубісі” каністрамі з газам, паклаў асобнік Карану на месца пасажыра і, дзейнічаючы ад імя ваяўнічае групоўкі “Хамас”, урэзаўся ў два аўтобусы, забіўшы сябе, яшчэ аднаго палестынца й параніўшы восем ізраільцаў.

Празь некалькі дзён газэта “Jerusalem Post” усё яшчэ называла гэтую атаку “відавочным самазабойствам”, зазначаючы, што расьсьледваньне працягваецца. Сёньня, вядома ж, ніхто б так галаву не ламаў. Але тады ніхто ня мог уявіць, што будзе яшчэ 105 тэрарыстаў-самагубцаў, якія заб’юць 339 чалавек.

Палестынскі тэрарыст-самазабойца зьмяніўся з часоў Набулсі. Раней яго было лёгка апісаць: мужчына ад 17 да 22 гадоў, нежанаты, несфармаваны, зь невясёлай будучыняй, фанатычна рэлігійны й таму схільны верыць ісьлямскаму абяцаньню, што пакутнік трапіць у рай. Сёньня ён не адпавядае гэтаму апісаньню.

Сёньня ён – гэта Ізадын Масры, 23-гадовы сын заможнага ўладальніка рэстарану, які забіў сябе ды яшчэ 15 чалавек у ерусалімскай піцэрыі летась у жніўні. Ён – гэта Давуд Абу Свай, 47-гадовы бацька васьмёх дзяцей, які не вылучаўся палітызаванасьцю або рэлігійнасьцю, аднак выбухнуў бомбу каля раскошнага гатэлю ў Ерусаліме ў сьнежні, забіў сябе й параніў двух чалавек.

Ён – гэта нават яна. 18-гадовая Аят Ахрас была пасьпяховай студэнткай, усяго празь некалькі месяцаў мусіла быць ейнае вясельле. 29 сакавіка яна забіла сябе і яшчэ двух чалавек побач зь ерусалімскім супэрмаркетам.

Добраахвотнікі гэтага кшталту зьяўляюцца хутчэй, чым кіраўнікі баевікоў змогуць абвязаць іх поясам з выбуховай прыладай і паслаць іх паміраць і забіваць.

Тэрарыстаў-самагубцаў бальшыня палестынцаў пачала разглядаць як сваю апошнюю надзею. У чэрвені апытаньне ў Паласе Газа выявіла, што 78% насельніцтва ўхваляе самагубчыя тэракты – значна больш, чым мірныя перамовы (60%).

Гэтымі днямі палестынцы адзначаюць самазабойствы газэтнымі паведамленьнямі, што чытаюцца як вясельныя абвесткі. Палестынскія дзеці гуляюць у гульню “Пакутнік” – пакутнік хавае сябе ў неглыбокай магіле.

Прафэсія тэрарыста прадугледжвае вызначаныя грашовыя прэміі ды мэдычныя выгоды для ягонай сям’і. Як інакш суседзкія палестынскія хлопчык ці дзяўчынка могуць спадзявацца на тое, што іх выявы будуць зьмешчаныя на брэлёках або тэнісках?

“Самагубчая фабрыка працуе на ўсю моц”, – кажа Дэніэл Пайпс, дырэктар “Блізкаўсходняга форуму” ў амэрыканскім горадзе Філадэльфія, і дадае: “Гэта перавагі створанай інфраструктуры”.

Адразу пасьля першага самагубчага тэракту ў 1993 годзе знайсьці чалавека на ролю тэрарыста-самазабойцы было складана. Палявыя камандзіры “Хамасу” ды “Ісьлямскага джыгаду” – радыкальных груповак, што да нядаўняга часу мелі манаполію на бамбаваньні, – шукалі б маладых людзей у мячэтах ці ў натоўпах пратэстоўцаў каля ізраільскіх кантрольных пунктаў. Потым кандыдатаў накіравалі б на інтэнсіўную духоўную і тэрарыстычную падрыхтоўку, увесь час пільнуючы прыкметы страху або сумневу. Тых, хто вагаецца, адразу б адхілілі.

З разрывам мірнага працэсу ў сярэдзіне 2000 году ды пачаткам новай інтыфады ў верасьні ў “Хамас” пачалі прыходзіць ахвотныя стаць пакутнікамі – і іх ня трэба пераконваць.

“Нам ня трэба рабіць столькі намаганьняў, як раней”, – сказаў часопісу “Time” адзін з кіраўнікоў “Хамасу” Абдэль Азіз Рантысі й дадаў, што цяпер гэтую працу робіць тэлебачаньне: “Калі вы бачыце пахаваньні й забойствы палестынскіх цывільных асобаў, то пачуцьці палестынцаў вельмі мацнеюць”.

Актывісты групоўкі “Брыгады пакутнікаў Аль-Аксы” звычайна ня ёсьць рэлігійнымі фанатыкамі. “Унтуры палестынскага грамадзтва летась быў створаны вельмі шырокі мэханізм сацыяльнае падтрымкі, які робіць учыненьне самазабойства мажлівым нават для менш рэлігійных людзей”, – кажа Эхуд Спрынзак, палітоляг з ізраільскага гораду Гэрцлія, і падкрэсьлівае: “Пануе страшны адчай. Жыцьцё ня мае сэнсу”.

Апошнія паўтара года ажыцьцявіць пасьпяховы тэракт стала лягчэй. Кандыдатаў на самагубцаў цяпер багата, яны самі абіраюць сябе для гэтай місіі й іх ня трэба на гэта духоўна рыхтаваць. Кожная місія ўлучае пяць–шэсьць памагатых, якія не ажыцьцяўляюць самазабойства, – гэта ахоўнікі, кіроўцы, піратэхнікі, электрыкі, кавалі.

Палестынская адміністрацыя Арафата часам спрабавала кантраляваць баевікоў, спарадычна зачыняла тэрарыстычныя сеткі – каб дагадзіць ізраільцам. Але ў часе апошняе хвалі гвалту Арафат ад гэтага адышоў, таму гэтыя сеткі маюць большую свабоду дзеяньняў.

Большасьць бомбаў вырабляецца з трыацэтону-трыпэраксыду (гэтае ж рэчыва знайшлі і ў красоўках Рычарда Рыда, які хацеў зрабіць выбух у самалёце). Гэтае рэчыва проста вырабіць, хаця й небясьпечна. Некалькі дзясяткаў палестынцаў загінулі, рыхтуючы бомбы. “Хамас”, які часам вырабляе выбуховыя прылады для іншых груповак, мае чатыры або пяць адмыслоўцаў у вытворчасьці выбуховых рэчываў (гэта паводле ізраільскіх падлікаў) і яшчэ каля 25 актывістаў, якія вырабляюць іншыя часткі бомбаў, прычым часта ў арандаваных кватэрах і гаражах, каб пазьбегнуць затрыманьня.

Паводле актывістаў “Хамасу”, агульны кошт кожнага выбуховага поясу складае ад 1500 да 4300 даляраў – залежна ад якасьці. Вытворцы бомбаў зьмешваюць ацэтон і фасфат з вадой у вялікай ёмістасьці, а потым выкладваюць гэтую сумесь сушыцца на дахі ці гаўбцы. Далей яны карыстаюцца кавамолкай, каб зрабіць з рэчыва сыпучку. На гэтым этапе матэрыял пакуюць у маленькія пакеты альбо ў трубкі, якія разрываюцца ды робяцца шрапнэлью падчас выбуху. 22-гадовы самазабойца, які ажыцьцявіў выбух у чэрвені каля тэль-авіўскае дыскатэкі “Дэльфінарыюм”, падняў свае рукі ўгару, як кажуць сьведкі, – каб рукі не перашкаджалі разьлятацца шрапнэлі зь ягонага выбуховага поясу.

Адзін з вытворцаў бомбаў, якога шукае Ізраіль, пачаў дадаваць у бомбы атруту для пацукоў – пэўна каб павялічыць колькасьць ахвяраў.

Пасьля тэракту арганізацыя, якая яго спансаравала, звычайна распаўсюджвае для сродкаў масавае інфармацыі відэазапіс апошніх, трыюмфальных словаў самагубцы. Арганізацыя плаціць за пахаваньне, якое ўлучае намёт каля дома ягонай сям’і, куды могуць прыйсьці суседзі выказаць спачуваньні ды выпіць кавы. “Хамас” плаціць сваякам самазабойцы сталую пэнсію ад 300 да 600 даляраў на месяц – у дадатак да аплаты мэдычных паслугаў для сям’і й адукацыі дзяцей самагубцы.

Ірацкі прэзыдэнт Садам Хусэйн таксама робіць аднаразовую выплату 20 тысяч даляраў, якая паўгода таму была павялічаная з 10 тысяч на знак салідарнасьці.

Тэрарыстаў-самагубцаў вынайшлі не на Блізкім Усходзе. У найноўшай гісторыі найбольш вядомымі практыкамі былі японскія пілёты-камікадзэ ў час другое ўсясьветнае вайны.

Сёньня непераўзыдзеныя лідэры ў галіне – “тамільскія тыгры” ў Шры-Ланцэ, якія ваююць з урадам за стварэньне асобнай тамільскай дзяржавы. Яны зрабілі каля 200 самагубчых тэрактаў, забіўшы сотні людзей.

У 1987 годзе іранскіх падлеткаў тысячамі накіроўвалі як жывых мінашукальнікаў у часе ірана-ірацкай вайны. Яны насілі ключы вакол шыі, пра якія казалі, што яны адчыняюць дзьверы ў рай. Мажліва, гэта натхніла на першыя самагубчыя бамбаваньні на Блізкім Усходзе, а менавіта ў Лібане ў пачатку 1980-х, арганізаваныя баевікамі “Хізбалы”.

У іншых рэгіёнах таксама адбываюцца войны й гвалт, але якраз ісьлям прапануе ўзнагароды пакутнікам. У ісьляме стаць пакутнікам – значыць змыць усе мінулыя грахі й гарантаваць месцы ў раю для 70 сваякоў.

Некаторыя памяркоўныя ісьлямскія сьвятары настойваюць, што бамбаваньні супярэчаць вучэньню прарока Мухамада, які асуджаў самазабойства. Але калі сьмерць наступае ў выніку акту самаабароны – гэта іншая справа, кажуць іншыя.

“Асоба, якая ўчыняе самазабойства, – гэта асоба, якая бяжыць ад жыцьця. Гэта забаронена ісьлямам”, – сказаў часопісу “Time” Муса Абу-Марзук, чалавек нумар два ў групоўцы “Хамас”. Але ён жа заявіў: “Пакутнік не ўцякае ад жыцьця. Ён стварае будучыню для дзяцей”.

Паводле гэтага аргумэнту, забойства ізраільцаў ёсьць актам нацыянальнае самаабароны, бо ізраільцы акупавалі палестынскую тэрыторыю, адмаўляюць палестынцам у іхных нацыянальных правах і, насаджаючы сваё кіраваньне, часта забіваюць палестынскіх цывільных асобаў.

Гэтая лёгіка была дастакова пераканаўчай для 57 ісьлямскіх краін на паседжаньні Арганізацыі Ісьлямскае Канфэрэнцыі ў Куала-Люмпур, якое прайшло ў гэтым месяцы. Там прызналі, што палестынскія самазабойцы ня ёсьць тэрарыстамі. Як кажа Муса Абу-Марзук, “тэрмін “тэрарызм” ня мусіць ужывацца да людзей, чыя зямля акупаваная”.

Для палестынцаў, мажліва, найбольш пераканаўчым аргумэнтам у абарону самагубчых тэрактаў сёньня ёсьць тое, што яны спрацоўваюць. Калі мэтай зьяўляецца надаць сілу бясьсільнаму ды страсянуць падмуркі ізраільскага грамадзтва, дык бамбаваньні даказалі сваю высокую эфэктыўнасьць. Верагодна, палестынцы хацелі б змагацца з ізраільцамі звычайным спосабам – армія супраць арміі, але яны ня маюць сапраўднага войска. Яны ня маюць танкаў, паветраных сілаў, артылерыі – толькі купку паўстанцаў, узброеных аўтаматамі ды, калі ўлічыць таемны арсэнал “Хамасу”, гарматамі й ракетамі.

Зь іншага боку, Ізраіль мае адно з найбольш магутных і сучасных войскаў у сьвеце. Гэтая асымэтрыя праяўляецца ў лічбах: зь верасьня 2000 году былі забітыя прыблізна 1200 палестынцаў і каля 400 ізраільцаў.

Вядома ж, тэрарыстычныя сеткі ўведалі, што іхныя дзеяньні, разам з ізраільскімі захадамі ў адказ, прыцягваюць вялізную ўвагу да палестынскай сытуацыі. Вартасьць самагубчых бамбаваньняў павялічвае марнасьць, як падаецца, усіх іншых спосабаў. Самір Рантысі, каардынатар кааліцыі за мір паміж ізраільцамі ды палестынцамі, асуджае атакі супраць цывільных асобаў, аднак лічыць, што іх выклікае паглыбленьне расчараваньня.

“За 35 гадоў палестынцы перабралі ўсе – усе! – спосабы ў дачыненьні да гэтай невыноснай акупацыі. Мы спрабавалі жыць разам зь ёй – гэта не спрацавала. Мы спрабавалі рабіць дэманстрацыі супраць яе – гэта не спрацавала. Мы спрабавалі сакрэтныя каналы перамоваў, якія прывялі да пагадненьня ў Осьлё, ды меркавалі, што гэта прывядзе да палестынскае дзяржавы. І гэта не спрацавала”, – заяўляе Самір Рантысі.

Ёсьць спрэчка вакол таго, як спыніць самагубчыя бамбаваньні: ліквідаваць інфраструктуру, якая іх патрымлівае, або даць добраахвотнікам больш прычынаў, каб жыць, а не каб паміраць?

Цяпер Ізраіль зрабіў сваёй цэльлю падрыхтоўчую частку тэрактаў – лідэраў баевікоў і вытворцаў зброі, якія арганізоўваюць самагубчыя місіі. Але з павелічэньнем колькасьці самагубцаў патрэба ў інфраструктуры зьмяншаецца. Вэрбоўцы ня так патрэбныя, калі добраахвотнікаў зашмат. А вытворцаў бомбаў, як высьветлілася, можна замяніць. Напрыклад, ізраільскія сілы забілі 22 студзеня аднаго з вытворцаў бомбаў для групоўкі “Хамас”. Гэта прывяло да лёгкага правалу з атакамі. Аднак досьвед арганізацыі ў вытворчасьці бомбаў спрацаваў праз пару месяцаў, прызнаюць прадстаўнікі ізраільскіх службаў бясьпекі.

“Гэтыя апэрацыі немагчыма, абсалютна немагчыма спыніць”, – кажа Муса Абу-Марзук з групоўкі “Хамас”. Ён дадае: “Нічога, ані палітыка, ані ваенныя барыкады, ня можа спыніць чалавека, які абраў сабе долю пакутніка”.
XS
SM
MD
LG