Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТАЛІЙСКАЯ ЖУРНАЛІСТКА ПРА НЯНАВІСЦЬ ДА ГАБРЭЯЎ У ЭЎРОПЕ


Юры Сьвірко, Прага

“Я лічу ганебным, што ў Італіі можа прайсьці працэсія асобаў, апранутых як тэрарысты-самагубцы, яны выкрыкваюць мярзотныя праклёны на адрас Ізраілю, нясуць фатаграфіі ізраільскіх лідэраў з намаляванымі свастыкамі на лбах ды падбіваюць людзей ненавідзець габрэяў. Яны, каб зноў пабачыць габрэяў у лягерах зьнішчэньня, у газавых камэрах, у пячах Дахаў, Маўтхаўзэну, Бухенвальду, Бэрген-Бэльсэну й гэтак далей, гатовыя прадаць сваю ўласную маці ў гарэм”, – гэтак пачала свой артыкул Арыяна Фалячы.

“Я лічу ганебным, што каталіцкая царква можа дазволіць біскупу зь месцам жыхарства не абы-дзе, а ў Ватыкане, – сьвятому чалавеку, якога знайшлі ў Ерусаліме з арсэналам зброі й выбуховых рэчываў, схаваных у сакрэтных аддзяленьнях ягонага сьвятога мэрсэдэса, – браць удзел у гэтай працэсіі й стаяць перад мікрафонам, каб дзякаваць ад імя Бога тэрарыстам-самагубцам, якія зьнішчаюць габрэяў у піцэрыях і супэрмаркетах. Ганебна называць пакутнікамі тых, хто ідзе на сьмерць, як на вечарынку.

Я лічу ганебным, што ў Францыі – Францыі “свабоды, роўнасьці, братэрства” – падпальваюць сынагогі, тэрарызуюць габрэяў, апаганьваюць іхныя могілкі. Я лічу ганебным, што моладзь Галяндыі, Нямеччыны, Даніі выхваляецца куфіямі гэтак сама, як авангард Мусаліні меў звычку выхваляцца жэзламі й фашыстоўскімі значкамі. Я лічу ганебным, што амаль ва ўсіх унівэрсытэтах Эўропы палестынскія студэнты спансаруюць і пялегуюць антысэмітызм. Што ў Швэцыі запатрабавалі адабраць Нобэлеўскую прэмію міру, якую далі Шымону Пэрэсу ў 1994 годзе, і ўскласьці яе на голуба з аліўкавай галінкай у ягоным роце – гэта значыць, на Арафата. Я лічу ганебным, што шаноўныя сябры камітэту – камітэту, як можа падацца, узнагароджвае больш палітычны колер, чымсьці заслугі, – мусіў браць гэты запыт на разгляд і нават адказваць на яго.

Гары гарам Нобэлеўская прэмія; пашана таму, хто яе не атрымлівае.

Я лічу ганебным (мы вяртаемся да Італіі), што дзяржаўныя тэлеканалы робяць унёсак у адраджэньне антысэмітызму, аплакваючы толькі палестынскія сьмерці ды адначасова прыніжаючы сьмерці ізраільскія, камэнтуючы іх у непажаданым тоне.

Я лічу ганебным, што на свае дэбаты яны зь вялікай пашанай запрашаюць нягоднікаў у турбане ці куфіях, якія ўчора сьпявалі гімны разьні ў Нью-Ёрку і сёньня сьпяваюць гімны разьні ў Ерусаліме, Хайфе, Нэтаньі, Тэль-Авіве. Я лічу ганебным, што прэса робіць тое самае: што яна абураецца, бо ізраільскія танкі атачылі царкву Нараджэньня ў Бэтлееме, і што прэса не абураецца, бо ўнутры гэтай царквы дзьве сотні палестынскіх тэрарыстаў, з аўтаматамі, боепрыпасамі й выбуховымі рэчывамі (сярод іх – розныя лідэры “Хамазу” й “Аль-Аксы”). І што гэтыя тэрарысты ня ёсьць непажаданымі гасьцямі манахаў (якія пасьля прымаюць бутэлькі з вадой і флягі мёду ад жаўнераў з тых танкаў).

Я лічу ганебным, што, падаючы лічбы ізраільцаў, забітых з пачатку другой інтыфады (412), вядомая штодзённая газэта лічыць адпаведным падкрэсьліць вялікімі літарамі, што больш людзей гінуць у дарожных катастрофах (600 за год).

Я лічу ганебным, што “Рымскі аглядальнік”, газэта папы – папы, які ня так даўно пакінуў у Сьцяне Плачу ліст з прабачэньнем габрэям, – абвінавачвае ў зьнішчэньні той народ, які мільёнамі зьнішчалі хрысьціяне-эўрапейцы. Я лічу ганебным, што гэтая газэта адмаўляе тым прадстаўнікам гэтага народу, якія засталіся жывыя (жывыя, але з вытатуяванымі нумарамі на руках) у праве рэгаваць, абараняць сябе, каб ня быць зьнішчанымі зноў.

Я лічу ганебным, што ад імя Ісуса Хрыста (габрэя, безь якога яны былі б беспрацоўнымі) сьвятары нашых прыходаў ці сацыяльных цэнтраў, ці кім бы яны ні былі – фліртуюць з забойцамі тых у Ерусаліме, хто ня можа пайсьці паесьці піцу або купіць яек без таго, каб іх не падарвалі.

Я лічу ганебным, што яны знаходзяцца на баку тых самых, хто распачаў тэрарызм, хто забіваў нас у самалётах, у аэрапортах, на алімпіядах, і хто сёньня забаўляецца, забіваючы заходніх журналістаў – расстрэльвае іх, выкрадае, пераразае горла, адразае галаву. (Ёсьць нехта ў Італіі, хто пасьля зьяўленьня маёй кнігі “Сярдзітасьць і Гордасьць” хацеў бы зрабіць тое самае са мной. Цытуючы вершы Карану, ён заклікае сваіх “братоў” у мячэтах ды ісьлямскай супольнасьці пакараць мяне ад імя Алаха. Забіць мяне. Ці хутчэй загінуць разам са мной. Паколькі ён таксама добра размаўляе па-італійску, я адкажу яму па-італійску: “Va fangulo”.)
XS
SM
MD
LG