Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ БЕЛАРУСКУЮ АПАЗЫЦЫЮ БУДЗЕ ПРАДСТАЎЛЯЦЬ ТОЛЬКІ ЎЛАДЗІМЕР НІСЬЦЮК


Уладзімер Глод, Менск

На адрас Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Беларусі афіцыйнае запрашэньне прыехаць на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў якасьці назіральнікаў паступіла яшчэ два тыдні таму. Тады ж быў вызначаны склад дэлегацыі: прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька — старшыня, Уладзімер Нісьцюк і прадстаўніца жаночай партыі "Надзея" Натальля Хрусталёва — сябры дэлегацыі.

У лісьце з Парлямэнцкай Асамблеі таксама паведамлялася, што выдаткі на паездку павінныя ўзяць на сябе тыя, хто зьбіраецца наведаць Страсбург. Аднак ня толькі недахоп фінансаў вымусіў гэтым разам зьвесьці склад апазыцыйнай дэлегацыі да мінімуму. Літаральна ў апошні момант Парлямэнцкая Асамблея зьмяніла парадак слуханьняў адносна лёсу зьніклых і рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Мы ўстрымаліся ад паездкі ў Страсбург з той прычыны, што слуханьнані на паседжаньні падкамітэту перанесеныя. Яны адбудуцца ў фармаце Камітэту па юрыдычных пытаньнях і правох чалавека 17 траўня ў Парыжы. Для нас галоўнае ўсё ж было правядзеньне слуханьняў. Улічваючы, што іх фармат падняты — з падкамітэту перанесены ў камітэт, зараз Аб'яднаная грамадзянская партыя будзе працаваць над падрыхтоўкай гэтага паседжаньня камітэту, каб яно было як мага больш эфэктыўным, каб улетку былі вынесеныя канкрэтныя прапановы камітэту ўжо да самой сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Мы праводзілі кансультацыі са спадаром Нісьцюком. Заплянавана, што ён правядзе шэраг сустрэч і дасьць інфармацыю аб сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі".

Як лічыць Анатоль Лябедзька, паседжаньне ў Парыжы, на якое плянуецца запрасіць сваякоў грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў уладаў, атрымае большы рэзананс. Паміж паседжаньнем у сталіцы Францыі і летняй сэсіяй будзе пэўны час, што дасьць магчымасьць прыцягнуць да праблемы зьніклых яшчэ больш увагі.

Аналягічнае запрашэньне на тых жа ўмовах атрымала і так званая палата прадстаўнікоў. Яго выкарыстаюць Уладзімер Канаплёў — кіраўнік дэлегацыі, Андрэй Лосеў і Зінаіда Пянькова. Да таго ж, асабістыя запрашэньні ад партыйных фракцыяў Парляменцкай Асамблеі Рады Эўропы накіраваныя Аляксею Ваганаву, Юрыю Марозаву і Ўладзімеру Навасяду.
XS
SM
MD
LG