Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭЎРАЗЬВЯЗ ІМКНЕЦЦА ДА НОВЫХ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ З НОВЫМІ СУСЕДЗЯМІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Адрозна ад Вялікабрытаніі, Швэцыя выказала думку, што Эўразьвяз патрабуе стратэгіі дачыненьняў з новымі суседзямі ад Расеі да Марока. Вывучэньне праблемы павінна даць адказ на пытаньне: ці гэткі падыход павінен быць аднолькавым да ўсіх суседзяў, ці розным у залежнасьці ад таго, якая гэта краіна – Беларусь ці Марока.

Новую стратэгію будзе распрацоўваць офіс адмысловага ўпаўнаважанага ў зьнешніх сувязях Крыса Патэна. Вядома, што Крыс Патэн лічыць, што магчымая пэрспэктыва сяброўства ў Эўразьвязе для краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы цягам апошняга дзесяцігодзьдзя дапамагла ўсталяваньню рэгіянальнай стабільнасьці.

Але Патэн лічыць, што як толькі пашырэньне Эўразьвязу закончыцца, арганізацыя будзе патрабаваць новай стратэгіі падтрымкі краінаў, што засталіся па-за Зьвязам, а таксама тых, якія ня маюць ніякай практычнай пэрспэктывы на сяброўства ў гэтай арганізацыі. Патэн называе гэта “палітыкай блізкасьці” і кажа, што суседнія з Эўразьвязам краіны трэба разглядаць праз “адмысловую прызму”. Прэсавы сакратар Патэна Эма Удвін кажа:

(Удвін: ) “Ёсьць відавочная занепакоенасьць у справе павелічэньня адлегласьці між краінамі Эўразьвязу, якія ўсё больш і больш багацеюць, і іхнымі беднымі суседзямі. Гэтая адлегласьць заўсёды зьмяняецца і заўсёды знойдзецца нешта, што пацягне за сабой міграцыйныя праблемы”.

Міністры ў Люксэмбургу абмяркоўвалі праблемы незаконнай іміграцыі. Італія заклікала ўдзельнікаў павялічыць намаганьні ў справе спыненьня масавых іміграцыйных працэсаў у межы Эўразьвязу. Міністры пагадзіліся, што ёсьць “абсалютная патрэба” ў супрацоўніцтве з уладамі тых краінаў, зь якіх ідзе найбольшы прыток незаконных эмігрантаў. Гэтыя краіны – Ірак, Іран, Турэччына, Шры-Ланка, Румынія, Малдова і Ўкраіна. Аднак ніякіх канкрэтных пастановаў у справе зацугляньня іміграцыі прынята не было.

Тым часам Міжнародная Арганізацыя Міграцыі, якая знаходзіцца ў Жэнэве, прапаноўвае некалькі шляхоў зьмяншэньня колькасьці незаконных імігрантаў. Прадстаўнік Арганізацыі Джэйн-Філіп Чаўзі сказаў, што адзін са шляхоў – гэта распаўсюд інфармацыі пра небясьпеку незаконнага пранікненьня ў краіны Зьвязу, пра шматлікія ахвяры сярод тых, хто шукае марскіх шляхоў у Эўропу і каго часам бязьлітасныя перавозчыкі пакідаюць у моры на волю лёсу.

Яшчэ адзін шлях – заканадаўчае павелічэньне пакараньня за гандаль людзямі ў іхных краінах. Але Чаўзі таксама гаворыць і пра іншы шлях:

(Чаўзі: ) “Іншы шлях – слушнае кіраваньне іміграцыйным працэсамі пры дапамозе праграмаў легальнай міграцыі. Летась Італія стварыла невялікую экспэрымэнтальную працоўную праграму для імігрантаў з Альбаніі. Яна тычылася 5 тысяч альбанцаў і іншых выхадцаў з Балканаў, якім былі створаныя працоўныя месцы ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і турыстычнай індустрыі ў Італіі. Відавочна, што людзі, якіх абралі для гэтай праграмы, не былі нелегальнымі эмігрантамі”.

Італьянская праграма разглядаецца як посьпех. Яна можа стаць узорам для шырэйшых праграмаў, якія задаволяць патрэбы міграцыі, што адчайна спрабуе зарабіць грошы і патрэбы краінаў, якім не хапае працоўнай сілы.
XS
SM
MD
LG