Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ПАКАЗАЛІ НОВУЮ ВІДЭАСТУЖКУ ЗЬ БІН ЛЯДЭНАМ


Віталь Цыганкоў, Прага

Відэастужка, якую ўпершыню паказалі ўчора ўвечары на арабскім спадарожнікавым тэлеканале “Аль-Джазіра”, дэманструе Ўсаму бін Лядэна і ягонага намесьніка Аймана Завагіры, якія ўкленчылі ў малітве, дабраслаўляючы тэрарыстычныя атакі 11 верасьня. Падобна, што стужку, якую даставілі ў галоўны офіс тэлекампаніі тыдзень таму, скампанавалі прыхільнікаі бін Лядэна, каб нагадаць пра свайго лідэра і чарговы раз укалоць адміністрацыю Буша, якая ніяк ня можа злавіць альбо забіць бін Лядэна.

Незразумела, калі былі зьнятыя кадры гэтай стужкі, якая доўжыцца каля гадзіны. Прадстаўнікі тэлеканалу кажуць, што на відэазапісе ёсьць супярэчлівыя паказчыкі. Зроблены ў стылі дакумэнтальнага кіно запіс уключае апошнюю волю аднаго з тэрарыстаў, якія ўчынілі акт 11 верасьня, Ахмэда Ібрагіма Аль-Хазнаві. На фоне фотаздымка палаючых у агні нью-ёркскіх хмарачосаў-блізьнятаў Аль-Хазнаві кажа: “Алах, я лічу сябе ахвярай для цябе, так прымі мяне”.

Кіраўнік тэлекампаніі “Аль-Джазіра” Хілал паведаміў, што кадры апошняй волі тэрарыста паказваюць, што запіс быў зроблены ў афганскім горадзе Кандагар каля сакавіка 2001 году. Больш позьні відэаматэрыял адлюстроўвае малітву намесьніка бін Лядэна Завагіры пасьля тэрарыстычнай атакі 11 верасьня, які ўхваляе яе як “падарунак ад Бога”.
У адным эпізодзе стужкі голас за кадрам спасылаецца на арабскі саміт у Бэйруце, што адбыўся два тыдні таму. Гэта сярод іншага пераконвае экспэртаў, што відэаматэрыял зьяўляецца спалучэньнем розных запісаў. Паводле міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэльда, папярэдні аналіз паказвае, што сама стужка новая, але яна не адлюстроўвае ніякіх апошніх падзеяў, зьвязаных з Усамам бін Лядэнам. Міністар назваў стужку “зборнай салянкай” і адмовіўся паведаміць, адкуль ЗША атрымалі копію відэазапісу.

Кіраўнік тэлекампаніі “Аль-Джазіра” Хілал паведаміў, што тэлекампанія плянуе паказаць сёньня яшчэ некалькі ўрыўкаў са стужкі, але ня будзе паказваць усяго запісу, бо ён зьяўляецца ўсяго толькі “прапагандай”. Хілал лічыць, што стужка павінна пераканаць апошніх скептыкаў наконт ролі бін Лядэна ў тэрактах 11 верасьня. “Гэтая стужка адкідае розныя падазрэньні. Яна канчаткова сьцьвярджае, што “Аль-Каіда” стаіць за тэрактамі”, – лічыць кіраўнік арабскай тэлекампаніі.
XS
SM
MD
LG