Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“НАБЛІЖЭНЬНЕ МАСКВЫ І МЕНСКУ — ШЛЯХ БОЛЬШ ДОЎГІ І СКЛАДАНЫ, ЧЫМ АБ’ЯДНАНЬНЕ АСТАТНЯЙ ЭЎРОПЫ”


Ул. інф.

У той час, як эўрапейцы прызвычайваюцца да эўра, беларусаў маральна рыхтуюць да новай валюты — расейскага рубля. Мяркуецца, што гэтая адзіная і галоўная прыкмета інтэграцыі зьявіцца ў Беларусі ў 2005 годзе. Не абяцае быць хуткім і сам інтэграцыйны працэс, — піша нямецкая газэта “Sindellfingerzeitung”.

Ва ўсякім разе, набліжэньне Масквы і Менску адбудзецца пасьля пашырэньня ЭЗ. Паводле “Frankfurter Allgemeine”, маскоўскі лідэр Пуцін, відавочна, не зьбіраецца прысьпешваць аб’яднаньне з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі.

У якасьці галоўнай умовы інтэграцыі ён называе ўніфікацыю эканомікі і заканадаўчай базы. У тым, што гэта не настане ў хуткім часе, перакананыя многія экспэрты. Нямецкія назіральнікі зьвяртаюць увагу на некаторыя акалічнасьці. Адрозна ад свайго беларускага калегі, расейскі прэзыдэнт падкрэсьлена ня робіць трагедыі як з нізкіх тэмпаў інтэграцыі, так і з пашырэньня ЭЗ ды НАТО на Ўсход. Такім чынам, ён нібыта дэманструе сваю абыякавасьць да пазыцыі расейскіх кансэрватыўных колаў, у тым ліку да тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, — піша выданьне.

Што да беларускага кіраўніка, які робіць стаўку на вобраз ворага, ксэнафобію, то ягоная рыторыка грунтуецца, галоўным чынам, на наступным аргумэнце: у выніку такой марудлівасьці Расея можа ўрэшце рэшт згубіць ў асобе Беларусі свайго адзінага і вернага хаўрусьніка. Як піша нямецкае Iнтэрнэт-выданьне “Belarusnews”, апошнім часам Менск усё часьцей дазьваляе сабе такія асьцярожныя пагрозы на адрас Масквы.

Выданьне спасылаецца на словы лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча, які днямі на запрашэньне нямецка-беларускага таварыства наведаў Бэрлін і сустракаўся зь вядомымі нямецкімі палітыкамі ды палітолягамі: "Інтэграцыя патрэбная Лукашэнку толькі дзеля таго, каб заняць галоўную пасаду ў новай міждзяржаўнай структуры”.

Былы шэф КНГ АБСЭ ў Менску, а цяпер кіраўнік новага таварыства “Osteuropakunde” Ганс-Гёрг Вік лічыць некалькі інакш: Лукашэнка на сёньняшні момант робіць галоўную стаўку на рэфэрэндум ў падтрымку саюзнай дамовы. Гэта можа даць яму добрыя шанцы быць абраным прэзыдэнтам на трэці тэрмін.

З падобным меркаваньнем пагаджаюцца ня ўсе нямецкія палітыкі. Адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў Нямеччыны Франк Шаўфс лічыць, што мінулая прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі прадэманстравала, што сучасную беларускую сытуацыю нельга параўноўваць з тыпова савецкай. У Беларусі ёсьць глеба для пераменаў, тут дзейнічае нямала дэмакратычных інстытутаў і структураў, якія могуць наладзіць імпрэзы з удзелам беларускіх палітыкаў, арганізаваць абмен думкамі, кантактамі... Не ўлічваць гэтага і ўзмацняць ізаляцыю — значыць працаваць на рэжым, — лічыць палітык. Паводле Міколы Статкевіча, цяперашняя ізаляцыя, у якой Беларусь апынулася па волі свайго ж кіраўніцтва, павінна быць захаваная, але ў дачыненьні да асобных пэрсонаў, а не дзяржавы.

Стратэгія супрацоўніцтва павінна будавацца на міжрэгіянальных дачыненьнях, на падтрымцы праектаў малога бізнэсу, абароны навакольнага асяродзьдзя, барацьбы з жабрацтвам, СНІДам, — згодныя нямецкія палітыкі. Як піша нямецкая “Frankfurter Rundschau”, у зьвязку з пашырэньнем ЭЗ Беларусь у хуткім часе стане непасрэдным суседам аб’яднанай Эўропы. Гэта цяжкі сусед, аднак ён патрабуе адпаведнай увагі, — піша газэта.
XS
SM
MD
LG