Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУСТРЭЧА ЛУКАШЭНКІ І ПУЦІНА Ў МАСКВЕ: ВЫНІКІ


Юры Дракахруст, Прага

Беларускія афіцыйныя мэдыі падаюць вынікі маскоўскай сустрэчы як велізарны прарыў, шырока цытуюць словы намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Козіка, паводле якога Аляксандар Лукашэнка за дзень здолеў дасягнуць таго, чаго ўрад ня мог дамагчыся тры гады.

Расейская газэта “Ивестия” адзначае, што яшчэ ў 2000 годзе Беларусь абавязалася адмяніць мытныя і падатковыя льготы для сваіх прадпрыемстваў, падпісаўшы пагадненьне пра ўвядзеньне адзінай валюты. У сьвятле гэтай згадкі ўхвала спадара Козіка робіцца зразумелай: калі кіраўнік дзяржавы да мінулай пятніцы не хацеў выконваць узятыя на сябе абавязкі, то зразумела, што ўрад нічога ня мог зрабіць.

На думку “Известий”, адмена льготаў раўназначная адмове ад мадэлі максымальнага дзяржрэгуляваньня, якая пануе ў Беларусі. Газэта лічыць, што гэты захад паставіць пад пытаньне “сацыяльны дабрабыт”, якім ганарыцца Лукашэнка, бо многія беларускія прадпрыемствы безь ільготаў ня выжывуць.

Газэта таксама пацьвярджае інфармацыю, што канфлікт Лукашэнкі з расейскім канцэрнам “Балтыка” быў вырашаны празь ціск з самага высокага расейскага ўзроўню.

Інтэрнэт-выданьне “Газета.ру” аналізуе замежнаэканамічныя наступствы рашэньняў, прынятых у Маскве ў мінулую пятніцу. У сумеснай заяве, падпісанай па выніках паседжаньня дзяржсавету Лукашэнкам і Пуціным, падкрэсьліваецца, што абедзьве краіны будуць праводзіць узгодненую лінію па пытаньнях уступленьня ва Ўсясьветную Гандлёвую арганізацыю.

Аднак, як адзначае “Газета.ру”, пакуль Беларусь і Расея вядуць перамовы з Усясьветнай Гандлёвай арганізацыяй паасобку, істотна розьняцца і прынцыповыя падыходы Менску і Масквы. У Расеі і прэзыдэнт, і кіраўнік ураду абвяшчаюць уступленьне краіны ва Ўсясьветную Гандлёвую арганізацыю адной з галоўных задачаў ураду, а Беларусь туды не сьпяшаецца. “Газета.ру” заўважае, што гэтая асьцярожнасьць афіцыйнага Менску небеспадстаўная з улікам таго, як ключавыя сябры Усясьветнай Гандлёвай арганізацыі – ЗША і Эўразьвяз – ставяцца да асобы Аляксандра Лукашэнкі.

На думку Інтэрнэт-выданьня, эканамічная інтэграцыя Беларусі з Расеяй можа ўскладніць пэрспэктывы ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную Гандлёвую арганізацыю. Аднак, як паведамляе “Газета.Ру”, у перамовах з гэтай арганізацыяй пра ўступленьне расейскія ўрадоўцы падкрэсьліваюць, што дзьве краіны эканамічна ня так ужо шчыльна і зьвязаныя. Паводле словаў намесьніка расейскага міністра эканамічнага разьвіцьця Вадзіма Мядзьведзева, “Наша саюзная дзяржава – гэта па сутнасьці прасунутае пагадненьне аб свабодным гандлі”.

Свой погляд на вынікі паседжаньня дзяржсавету выклаў у інтэрвію нашаму радыё блізкі да Крамля расейскі палітоляг дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргей Маркаў:

(Маркаў: ) “Вынікі гэтыя, магчыма, не настолькі кардынальныя, як камусьці хацелася б, аднак зроблены дастаткова сур’ёзны крок на шляху стварэньня адзінай эканамічнай прасторы. Адменены шэраг ільготаў, якія дазвалялі Беларусі быць своеасаблівым каналам уцечкі фінансавых сродкаў з Расеі. Адначасна беларускія прадпрыемствы атрымаюць па больш нізкіх цэнах паслугі чыгункі і энэрганосьбіты.

Тым ня менш, істотнага прарыву не адбылося. І справа ў тым, што інтэграцыя адбываецца па мадэлі фармаваньня Эўразьвязу. У той жа час рэальна грамадзяне абедзьвюх краінаў выказваюцца ў большасьці за нямецкі варыянт – гэта значыць, за палітычнае аб’яднаньне, пасьля якога адбудзецца і эканамічнае аб’яднаньне.

Палітычнае аб’яднаньне магчымае ў двух варыянтах – далучэньне беларускіх вобласьцяў да Расеі, як землі Ўсходняй Нямеччыны ўвайшлі ў склад Заходняй. Ці баварскі ўзор – калі Баварыя на пэўных умовах увайшла ў склад адзінай Нямеччыны. У гэтым кірунку ня зроблена нічога. Гэта зьвязана з тым, што абодвум лідэрам не стае палітычнай волі для такога аб’яднаньня. Падаецца, што ў найбольшай ступені такой волі бракуе Аляксандру Лукашэнку, які ня бачыць свайго месца ў гэтай рэальна аб’яднанай дзяржаве”.

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы (у тым ліку і ў сваім апошнім выступе на НТВ) казаў, што пажаданьне, каб Беларусь проста ўлілася ў Расею, выказваюць нядобразычліўцы ды ворагі інтэграцыі. Але спадар Маркаў – гарачы прыхільнік інтэграцыі, да таго ж чалавек, даволі блізкі да Крамля. Ён гаворыць тое, пра што маўчаць у Крамлі, – што аб’яднаньне магчымае і рэальнае толькі празь зьнікненьне Беларусі як незалежнай дзяржавы. Ён ня мае рацыі, калі гаворыць, што гэтага хоча большасьць расейцаў, і зусім ня мае рацыі, калі гаворыць, што гэтага хоча большасьць беларусаў. Але тое, што расейская палітычная эліта на самой справе разумее аб’яднаньне менавіта так – тут ён цалкам мае рацыю.
XS
SM
MD
LG