Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ БЕЛАРУСЬ НЕ ПАДПІСАЛА ПАГАДНЕНЬНЕ ПРА СТВАРЭНЬНЕ МІЖНАРОДНАГА КРЫМІНАЛЬНАГА СУДУ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Ідэя стварэньня міжнароднага трыбуналу над дыктатарамі й ваеннымі злачынцамі была рэалізаваная праз паўстагодьдзя пасьля свайго ўзьнікненьня. “Даўняя мара пра стварэньне Міжнароднага крымінальнага суду цяпер будзе рэалізаваная, – падкрэсьліў на цырымоніі ратыфікацыі генэральны сакратар ААН Кофі Анан. – Гэта рашучы ўдар па беспакаранасьці”.

Паводле Анана, зьяўленьне такога суду дазволіць запоўніць прабел у міжнародным заканадаўстве. Цяпер адказнасьць за найбольш цяжкія злачынствы будуць несьці не дзяржавы альбо ўзброеныя сілы, а канкрэтныя асобы.

Пад юрысдыкцыю суду, які пачне працаваць 1 ліпеня, трапляюць справы, зьвязаныя з ваеннымі злачынствамі й генацыдам. Стварэньне такой структуры шырока віталі большасьць дэмакратычных дзяржаваў, Асацыяцыя амэрыканскіх адвакатаў і праваабарончыя арганізацыі.

Аднак адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Буша адрэагавала даволі нэгатыўна. Цяперашняе кіраўніцтва ЗША ня толькі адмовілася супрацоўнічаць з судом, але й заявіла пра жаданьне адклікаць свой подпіс пад дамовай аб заснаваньні трыбуналу. Паводле прадстаўнікоў Белага Дому, дамова, якую ў свой час падпісала адміністрацыя Клінтана, ніколі ня будзе накіраваная на ратыфікацыю ў Сэнат. Больш за тое, кангрэс прыняў закон, які забараняе афіцыйным асобам усіх узроўняў супрацоўнічаць зь Міжнародным крымінальным судом.

Майкл Познэр, выканаўчы дырэктар Камітэту адвакатаў за правы чалавека, заявіў, што адкліканьне подпісу можа стварыць вельмі небясьпечны прэцэдэнт. “Ніводзін амэрыканскі прэзыдэнт за 200-гадовую гісторыю не адклікаў подпісаў пад дамовай, наколькі нам вядома. Гэта можа стаць сыгналам для ўрадаў іншых краінаў ва ўсім сьвеце, што можна адмяняць падпісаньне любых пагадненьняў”.

Паводле міжнародных праваабарончых арганізацыяў, праціўнікам суду ў ЗША ўдаецца маляваць яго як структуру, якая пагражае сувэрэнітэту ЗША. Адміністрацыя Буша асьцерагаецца, што амэрыканскія вайскоўцы могуць паўстаць перад трыбуналам па палітычна матываваных абвінавачаньнях.

Філіп Кірх, старшыня камісіі падрыхтоўкі апэрацыяў суду, лічыць, што як толькі суд пакажа, што дзейнічае “справядлівым і непалітычным шляхам”, апазыцыя да яго зьменшыцца. “Беручы пад увагу амэрыканскую традыцыю адданасьці міжнароднаму правасудзьдзю, гэта толькі справа часу, калі зьявіцца пэўнае супрацоўніцтва між ЗША і такой важнай установай”, – аптымістычна прадказвае Філіп Кірх.

На сёньняшні дзень дамову аб стварэньні суду падпісалі 139 дзяржаваў і 66 ратыфікавалі ў сваіх заканадаўчых органах. У Інтэрнэце я знайшоў сьпіс гэтых дзяржаваў і ўбачыў, што Беларусь нават не падпісвала гэтае пагадненьне – як і Кітай, Куба, Ірак, Паўночная Карэя, Лібія, Бірма.

Прадстаўніца Беларусі Натальля Дрозд на канфэрэнцыі па ўсталяваньню суду ў чэрвені 1998 году заявіла, што Беларусь усяляк падтрымлівае ідэю стварэньня такой установы. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка прызнаўся, што ня можа пакуль ніяк пракамэнтаваць факт непадпісаньня Беларусьсю дамовы аб стварэньні Міжнароднага суду.

У камэнтарах да стварэньня суду адзначаецца, што аднымі зь першых ягоных “кліентаў” могуць стаць Піначэт, Садам Хусэйн, кіраўнікі Ўганды. Да гэтага сьпісу кожны можа дадаць іншыя прозьвішчы. Можа, менавіта гэта прычына таго, што Беларусь не жадае аддаваць сябе пад юрысдыкцыю міжнароднага суду?
XS
SM
MD
LG