Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЗЯЛЁНЫЯ” НЯМЕЧЧЫНЫ, АЎСТРЫІ, ШВАЙЦАРЫІ НАДЗВЫЧАЙ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ СТАНАМ АНТЫЯДЗЕРНАГА РУХУ Ў ЭЎРОПЕ


Алена Панкратава, Менск

Кніга “Радыеактыўнае забруджаньне: атляс Францыі і Эўропы”, якая нядаўна зьявілася на паліцах эўрапейскіх кнігарняў, выклікала сапраўдны бум сярод грамадзкасьці. Як піша венскі “Der Standard”, прадстаўнікі шматлікіх грамадзянскіх ініцыятываў Аўстрыі перакананыя, што “антыядзерная палітыка — гэта далёка ня ўнутраная справа канкрэтнай дзяржавы”. На іхную думку, сапраўднае супрацьстаяньне ядзернаму лобі магчымае толькі праз супольныя намаганьні грамадзкасьці ўсіх без выключэньня эўрапейскіх краінаў.

Як вынікае з кнігі “Радыеактыўнае забруджаньне”, 1986 год можна без перабольшаньня назваць часам масавых злачынстваў эўрапейскіх палітыкаў і фахоўцаў супраць свайго насельніцтва. Па сутнасьці, мала хто з жыхароў тых рэгіёнаў, дзе былі зафіксаваныя гэтак званыя радыеактыўныя воблакі, былі папярэджаныя пра ўсю небясьпеку чарнобыльскіх дажджоў альбо іншых ападкаў. Нават цяпер, праз 16 год пасьля катастрофы, верхнія слаі глебы, куды разам з ападкамі трапілі радыеактыўныя часьцінкі, нагадваюць радыеактыўныя адкіды.

Толькі ў краінах Заходняй Эўропы — Францыі, Швайцарыі, Нямеччыны колькасьць грамадзянаў, якія захварэлі на рак у выніку падобных ападкаў, перавышае некалькі сотняў. Вядома, што многія з пацярпелых падалі ў суд на ўрады сваіх краінаў. Колькі часу будуць працягвацца гэтыя судовыя справы — невядома, аднак пацярпелыя прынамсі маюць спадзяваньне атрымаць ад сваіх дзяржаваў адпаведную кампэнсацыю. Гэтага нельга сказаць пра сапраўдных ахвяраў Чарнобыля — жыхароў Беларусі і Ўкраіны. Як піша “Berliner Zeitung”, у гэтых краінах на сёньняшні дзень нават няма сапраўднага маніторынгу захворваньняў, зьвязаных з наступствамі катастрофы.

Як піша інтэрнэт-выданьне "News", апошнім часам у зоне крытыкі нямецкіх зялёных апынулася аграрная палітыка ЭЗ, згодна зь якой у Эўропу трапіць вялікая колькасьць украінскага збожжа. Паводле выданьня, эўрапейскія палітыкі па сутнасьці заплюшчваюць вочы на вытворчасьць харчоў на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях. На жаль, піша аўстрыйскі друк, антыядзерны рух ў Эўропе расколаты, і таму ядзернаму лобі цяпер значна лягчэй дамаўляцца з кіраўнікамі эканамічна нестабільных ўсходнеэрапейскіх краінаў.

Найбольшы клопат аўстрыйскіх зялёных выклікае гэтак званы заходнеэўрапейскі ядзерны нэакаляніялізм, калі атамная энэргія для Захаду пачне інтэнсіўна вырабляцца на ўсходзе Эўропы. У тым выпадку, калі АЭС ў чэскім Тэміліне будзе прызнаная пасьпяховай мадэльлю, піша аўстрыйскі друк, новыя станцыі пачнуць будавацца ва Ўкраіне і Беларусі. Як перакананы аўстрыйскі аглядальнік Гергард Плёт, менавіта Беларусь можа апынуцца ў гэтым зьвязку ў найбольш складанай сытуацыі. Вясковае насельніцтва краіны, якое жыве ў жабрацтве, наўрад ці будзе сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека, тым больш экалягічнымі. Ва ўмовах эканамічнай, палітычнай, інфармацыйнай ізаляцыі краіны словы пра тое, што “Лукашэнка — апошні дыктатар у Эўропе” застануцца толькі словамі. Адсутнасьць каапэрацыі паміж антыядзернымі сіламі эўрапейскіх краінаў можа толькі ўмацаваць рэжым у краіне.
XS
SM
MD
LG